Первый раз в первый класс! Ответы на наиболее частые вопросы родителей первоклассников читайте здесь!

Калейдоскоп

Дзіця ў першы раз ідзе ў школу. Як падрыхтаваць яго да новага жыцця, як арганізаваць вучобу, каб яна была ў радасць? Мы абмеркавалі найбольш частыя пытанні бацькоў першакласнікаў са спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама.

– Які ўзрост паступлення ў першы клас?

– У першы клас прымаюцца дзеці, якім на 1 верасня вучэбнага года спаўняецца 6 і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў пайсці ў школу можа і пяцігадовы малыш, якому споўніцца 6 у першы асенні месяц.

– Якія дакументы неабходны?

– Да 28 жніўня трэба падаць заяву на імя кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці і пасведчанне аб яго нараджэнні.

– Першыя класы – гэта класы школы або групы дашкольнай установы?

– Гэта класы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якія могуць размяшчацца як на базе школы, так і на базе дашкольных устаноў. У першым выпадку для іх ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей шасцігадовага ўзросту, уключаючы сон, харчаванне, прагулкі і г.д. У другім – адукацыйны працэс у першай палове дня ажыццяўляе настаўнік школы, астатні час з навучэнцамі працуюць педагогі садка.

– Чым адрозніваецца навучанне дзяцей у першых класах ад іншых з пачатковай школы?

– Працягласць вучэбнага тыдня – 5 дзён. Урокі праводзяцца толькі ў першую змену. У сярэдзіне трэцяй, самай працяглай чвэрці арганізуюцца дадатковыя канікулы на працягу аднаго тыдня (у 2017/2018 навучальным годзе з 12 па 18 лютага). Дамашнія заданні навучэнцам не задаюцца, а ацэнкі не ставяцца.

– Ці трэба вучыць дзіця чытаць, пісаць, лічыць да школы?

– Калі малыш з цікавасцю і ў гульнявой форме засвойвае гэтыя прамудрасці – не перашкаджайце, а калі наадрэз адмаўляецца – не прымушайце. Навучыць дзіця чытаць, пісаць, лічыць – галоўная задача пачатковай школы. Настаўнік зробіць гэта прафесійна. Хаця лічыць у межах 10 дашкольнік павінен, бо гэта ўваходзіць у праграму дзіцячага сада.

Ці патрэбна школьная форма першакласнікам?

– Так. Але сёння мы гаворым не аб школьнай форме, а аб адзенні дзелавога стылю: строгім, акуратным, прыгожым, каб падабалася таму, хто яго будзе насіць. Пасля заняткаў, калі вучань застаецца ў групе падоўжанага дня, варта прыгатаваць зручнае адзенне для пераапранання.

– Дзе ўзяць падручнікі і іншыя школьныя прыналежнасці, патрэбныя першакласніку?

– Усе падручнікі і прыкладны спіс неабходнага выдаюцца ў школе. Яму спатрэбяцца: шарыкавыя ручкі, фламастэры і алоўкі, гумка, тачылка, вокладкі для сшыткаў і кніг, пенал, лінейка, фарбы (акварэльныя або гуаш), альбом для малявання і інш.

– Як дапамагчы дзіцяці хутчэй прывыкнуць да школьнага жыцця?

– Найбольш напружанымі з’яўляюцца першыя чатыры тыдні навучання. Вельмі важныя ў гэты перыяд увага, падтрымка з боку бацькоў і настаўнікаў. Неабходна быць стрыманымі, спакойнымі, імкнуцца дапамагчы наладзіць адносіны з аднагодкамі. Абгаварыце з дзіцем тыя правілы і нормы, з якімі ён сустрэўся. Растлумачце іх неабходнасць і мэтазгоднасць. Складзіце разам распарадак дня, сачыце за яго захаваннем. Калі вас нешта турбуе ў паводзінах малога, яго вучэбных справах, не саромейцеся звяртацца за кансультацыяй да настаўніка або школьнага псіхолага.

А 1 верасня стварыце для дзіцяці свята – паход у парк, выезд на прыроду, кветкі, ласункі. Нават калі дзіця ідзе не ў першы, а ў другі або чацвёрты клас. Старт вучэбнага года запомніцца яму як свята.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *