Традиционная педагогическая конференция прошла в Ушачском районе

Общество

Своеасаблівы экзамен на гатоўнасць да новага старту адбыўся на бягучым тыдні і ў настаўнікаў. Традыцыйна напярэдадні Дня ведаў прайшла раённая педагагічная канферэнцыя. На ёй прысутныя падвялі вынікі мінулага навучальнага года, акрэслілі задачы на перспектыву. Лейтматывам жа такога зацікаўленага дыялогу сталі задачы, пастаўленыя на нядаўнім рэспубліканскім педагагічным савеце, удзел у якім прыняў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Яшчэ задоўга да пачатку афіцыйнай часткі ў фае Дома Саветаў было ажыўлена. Пасля летніх канікул у педагогаў знайшлося шмат тэм для абмеркавання. Калегі дзяліліся планамі, з гонарам расказвалі пра сваіх выпускнікоў, узгадвалі пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі. Пакуль адны бавілі час у размовах, іншыя знаёміліся з матэрыяламі выстаў метадычных распрацовак, творчых дасягненняў настаўнікаў. Святочнага настрою дадавалі сустрэчы канцэртныя нумары ў выкананні выхаванцаў дашкольных устаноў Ушаччыны.

Усё больш адукацыя адыходзіць ад звыклых нам функцый вучыць і выхоўваць – і ўсё працуе ў накірунку развіцця школьніка як усебакова развітай асобы. Гэта значыць, каб ён не толькі меў трывалыя веды, але і развіваў спартыўныя, мастацкія здольнасці, займаўся навуковай дзейнасцю. Працаваць у такім накірунку ў педагогаў раёна атрымліваецца. Гэта зазначыла ў сваім выступленні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Шарыпенка.

Увогуле для вучняў у мінулым навучальным годзе былі створаны ўсе ўмовы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з аддаленых населеных пунктаў арганізаваны падвоз. Усе былі ахоплены харчаваннем (бясплатным гарачым – больш за 74 працэнта). Для дзяцей працавалі 55 гурткоў мастацкай, турысцка-краязнаўчай накіраванасці, 57 спартыўных аб’яднанняў. Вучні 10-11 класаў мелі магчымасць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні.

Па выніках мінулага навучальнага года 12 вучняў школ раёна былі ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі. Залатыя медалі атрымалі трое выпускнікоў Ушацкай школы, якія зараз з’яўляюцца студэнтамі ВНУ. Пасведчанне з адзнакай атрымала і адна дзевяцікласніца гэтай установы – яна працягне навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод знакавых дасягненняў – і паспяховы ўдзел школьнікаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Так, з чацвярых вучняў школ раёна, якія сёлета прынялі ўдзел у абласным яе этапе, трое сталі дыпламантамі, а з заключнага з перамогай вярнуліся двое прадстаўнікоў Ушацкай СШ. Зрэшты, “алімпіядныя” вынікі гэтай школы сёлета былі адзначаны на высокім узроўні. Па рашэнні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў установе выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы на суму 15 тысяч рублёў.

Па прычыне змяншэння колькасці навучэнцаў з 1 верасня, на жаль, спынілі сваё існаванне Касарская і Плінская школы, а Вяркудская, якая дагэтуль была сярэдняй, ператворана ў дзіцячы сад-пачатковую школу. Сродкі, вызваленыя ад правядзення аптымізацыі, будуць накіраваны на набыццё вучэбнага і лабараторнага абсталявання, сучасных сродкаў навучання для ўстаноў, у якія пераведзены вучні. Для арганізацыі падвозу дзяцей з закрытых школ набыты новы аўтобус коштам  100 тысяч рублёў. У планах на перспектыву – завяршэнне капітальнага рамонту ясляў-сада №3 і рамонт асфальтавага пакрыцця ў яслях-садзе № 2 г.п.Ушачы.

Значная ўвага надаецца ў раёне адукацыі дзяцей. Таму кожны год прадстаўнікі ўлады наведваюць педагагічную канферэнцыю. У сераду яе ўдзельнікаў павіталі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч. Яны зазначылі, што педагогі Ушаччыны захоўваюць лепшыя традыцыі беларускай адукацыі, выдатна рэалізуюць новыя метады навучання. Школы ў апошні час сталі сапраўднымі астраўкамі культуры і прыгажосці, дзецям у іх вучыцца цікава і прыемна. Падзякавалі ўсім за годнае выкананне сваіх абавязкаў і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў: старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў У.М.Круглік і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М.В.Варава.

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі падчас мерапрыемства. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны У.М.Лапіцкаму і Л.А.Напрыенка, граматы Міністэрства адукацыі – Л.А.Струй і Л.І.Даньковай, Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта – Н.С.Гродскай і М.М.Казлову, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў – А.У.Філіпчык і Т.П.Чумаковай. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена І.І.Мычко і З.Г.Сяргеевай, падзяка старшыні райсавета – В.І.Шышовай. Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны І.А.Алексяёнак, П.А.Алексяёнак, Г.А.Бабянок, Л.С.Варанько, С.Д.Галай, Н.М.Герцык, Н.В.Лыбзікава, Г.М.Пашкова, Н.А.Падгол, А.М.Падгола, Т.Р.Пугачова, В.І.Шышова. Граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі К.Ф.Касцюковіч, С.З.Яскевіч і Т.М.Жарнасек, а падзяку старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – С.М.Фядосенка і Т.А.Кызыма.

Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг сярод навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных устаноў першае месца заняў яслі-сад №2 г.п.Ушачы, другое – яслі-сад №4, трэцяе – яслі-сад №1. Сярод школ на лідарскіх пазіцыях аказаліся Ушацкая, Вялікадолецкая і Арэхаўская.

Шчырымі апладысментамі ўсе прысутныя сустракалі і пераможцаў раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Сёлета імі сярод школ сталі Глыбачанская, Вялікадолецкая і Ільюшынская. Сярод дашкольных устаноў першынство за яслямі-садам №2, другое месца прысуджана яслям-саду №1 г.п.Ушачы, трэцяе заняў Ільюшынскі яслі-сад.

Дашкольную ўстанову, якая да новага навучальнага года найбольш ярка пераўвасобілася ў плане добраўпарадкавання, не першы год вызначае і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. Сёлета перамога дасталася Арэхаўскаму яслям-саду, якому памятны падарунак уручыла намеснік старшыні прыгаданага грамадскага аб’яднання В.М.Захарэнка.

На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых педагогаў. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў Ушаччыны. Сёлета дружная педагагічная сям’я раёна прыняла ў свае рады 9 новых прадстаўнікоў.

Завіталі на мерапрыемства і школьнікі – каб парадаваць сваіх педагогаў шчырымі вершамі, падарыць ім святочны настрой, аддзячыць за тое, што яны з дня у дзень вучаць, выхоўваюць, настаўляюць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *