Полезный урок для пятиклассников провели банкиры

Калейдоскоп Наши дети

На партах – своеасаблівая фінансавая азбука, а ў ролі настаўнікаў – банкіры. Напачатку верасня па ўсёй краіне стартавала акцыя “Твае першыя фінансы”. У мерапрыемствах, якія чацвёрты год запар праводзіць “Белаграпрамбанк” сумесна з Нацбанкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, сёлета прымуць удзел каля 100 тысяч пяцікласнікаў. У іх ліку і прадстаўнікі нашага раёна.

На самым старце навучальнага года – 1 верасня – урок фінансавай адукацыі прайшоў для паралелі пятых класаў ва Ушацкай школе (на здымку). Прыемным “бонусам” да цікавага аповеду сталі для хлопчыкаў і дзяўчынак падарункі ад “Белаграпрамбанка”: паветраныя шары з сімволікай установы і кнігі “Твае першыя фінансы”. У гэтым маляўнічым зборніку казак на беларускай мове ў цікавай і даступнай форме распавядаецца пра гісторыю з’яўлення грошай, пра тое, як правільна імі карыстацца, што такое ўклады, крэдыты, банкаўская плацежная картка. А расказвае ўсё гэта на старонках кнігі фірменны персанаж дзіцячай зберагальнай праграмы банка Агрык. З пачатку існавання акцыі значна пашыраны фармат кнігі, у ёй з’явіўся слоўнік фінансавых тэрмінаў. Сёння гэта яркае нацыянальнае выданне, якое выдатна дапоўніць бібліятэку пяцікласніка.

– У сучасным свеце мала быць проста адукаваным чалавекам. Вывучаць фінансавую азбуку сёння не менш важна і карысна, чым звычайную, – сказала, звяртаючыся да вучняў, дырэктар РКЦ №37 у г.п.Ушачы “Белаграпрамбанка” І.Б.Бурак. – А калі як не са школьнай парты пачынаць спасцігаць гэтую няпростую навуку?

Ірына Барысаўна падкрэсліла, што “Белаграпрамбанк” невыпадкова стаў арганізатарам акцыі. На працягу многіх гадоў пытанні аказання дапамогі дзецям з’яўляюцца для банка важным накірункам работы: ствараюцца спецыяльныя банкаўскія прадукты, аказваецца спонсарская дапамога маладзёжным праектам, установам адукацыі.

Няма сумненняў, што фінансавыя веды дапамогуць падрастаючаму пакаленню ўпэўнена адчуваць сябе ў дарослым свеце і клапаціцца аб дабрабыце сваіх сямей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *