ОАО «Деменец» планирует посеять 600 гектаров озимых

Сельское хозяйство

Завяршыўшы ўборку зерневых і спрабуючы весці ўборку рапсу, у ААТ “Дземенец” не марудзяць і з іншымі відамі работ. Пад азімую сяўбу ў гаспадарцы адведзена 600 гектараў. Аб’ём немаленькі, а таму тут стараюцца максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны спрыяльны дзянёк.

На полі каля вёскі Стаі ўздоўж ажыўленай трасы рухаецца трактар, услед за ім кладуцца роўныя рады ўзаранай глебы. Яшчэ нядаўна тут стаяў гул збожжаўборачных камбайнаў, а ўжо на гэтым тыдні ішла падрыхтоўка плошчаў пад азімую сяўбу. Работы вядуцца строга па тэхналогіі, ды і за такімі работнікамі, як Руслан Грачоў, не патрэбны ніякі кантралёр. Ненадоўга спыніўшы тэхніку, падрэгуляваў  плугі, толькі вось пагаварыць, як заўсёды, часу не хапае, бо цэніць яго механізатар.

– Пасля дажджоў зямля “не слухаецца” з-за моцнай вільгаці, пакуль працую адзін, а хутка да мяне далучыцца і мой брат Анатоль на МТЗ-952, тады ўжо ўзворванне пойдзе шпарчэй,  – адзначае мужчына.

Кожны сезон для яго – ударны і напружаны, сядзець без работы не прыходзіцца. Яго энерганасычаны “Беларус-3022” быў задзейнічаны на пасяўной, падчас корманарыхтоўкі Руслан перавозіў зялёную масу. Хоць стайскае поле больш пясчанае, але месцамі трактар усё ж ішоў цяжка і дзе-нідзе нават прабуксоўваў. Колькасць узараных гектараў па днях розніцца і залежыць не толькі ад вільготнасці глебы і яе структуры, а і контурнасці палёў. Напрыклад, на землях ля цэнтральнай сядзібы гаспадаркі ў асноўным невялікія ўчасткі, дзе буйной тэхніцы асабліва не разагнацца, на стайскіх жа землях работа ідзе куды хутчэй. У сярэднім жа за дзень Р.Грачоў апрацоўвае 15-20 гектараў. Для таго, каб забяспечыць сейбітаў фронтам работ, працуе з плугамі ўжо не адзін тыдзень ад цёмнага да цёмнага і практычна без выхадных. На цяперашні час у сельгаспрадпрыемстве пасеяна каля 150 гектараў азімых.

Спяшаюцца аграрыі, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы. З насеннем і стараннымі работнікамі ў “Дземенцы” праблем няма, спадзяюцца, што садзейнічаць пасяўной будзе і надвор’е.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *