ОАО «Ильюшинский» первым в районе начало уборку кукурузы

Сельское хозяйство

На пачатак тыдня ААТ “Ільюшынскі” з’яўлялася адзінай гаспадаркай, дзе распачалася ўборка кукурузы. Гэты, безумоўна важны для зімоўкі жывёлы від работ, стаў яшчэ адным дадатковым да тых, што вядзе гаспадарка ў напружаным восеньскім рытме – пусты мехдвор таму пацвярджэнне, у полі практычна ўсе механізатары. І толькі збожжаўборачныя агрэгаты, яшчэ непрыбраныя да зімы, са слядамі бітвы за ўраджай пасля “франтоў” жніва застылі на пляцоўцы.

Але не ўсе. Мізэрных 0,7 працэнта няўбраных плошчаў не хапала “Ільюшынскаму да 100-працэнтнага паказчыка. І каб упэўніцца ў тым, што ў гаспадарцы яшчэ засталіся ўчасткі са збожжам на карані, неабавязкова было глядзець раённую зводку – у пятніцу КЗС-1218 “Палессе” Анатоля Спірыдзёнка спрабаваў весці абмалот пакінутага раней з-за раскіслай ад залішняй вільгаці глебы невялікага поля зусім непадалёк ад цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства. Для іншых сёлетні намалот зерневых каля 3500 тон быў бы за шчасце, ды толькі не для “Ільюшынскага”, дзе не так даўно атрымлівалі амаль удвая больш, дзе чакае стойлавага перыяду самае вялікае пагалоўе жывёлы.

Для гарантаванага атрымання сіласу ў гаспадарцы і сеялі “каралеву палёў”. Хоць і дарагая ў вырошчванні гэта культура, але нават у неспрыяльных умовах сёлетняга лета яна не прапала. Тым больш кантраст ад убачанага, бо калі пару месяцаў таму праязджаў палямі абапал дарогі на Звонь, назіраў зусім іншую карціну – расліны былі кволыя і здавалася, што ўбіраць будзе нечага. Зараз жа асобнымі ўчасткамі кукуруза “вымахала” звыш двух метраў і амаль хавала КВК-800, на якім здрабняў сакавітую масу Уладзімір Лёля, нязменны ўдзельнік усіх этапаў корманарыхтоўкі. Месцамі ж, асабліва на вымачках, расліны не вельмі ўражвалі сваімі памерамі і, прыкінуўшы, ацаніў сярэднюю ўраджайнасць каля 200 цэнтнераў з гектара.

“230 атрымліваем гэтымі днямі”, – удакладняе дырэктар гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка, разам з якім наведалі кукурузны палетак плошчай у 70 гектараў. На пару з У.Лёлям яны патлумачылі і мудрагелістую схему руху. Нягледзячы на тое, што ветрык хутка ўбіраў лішнюю вільгаць, праехаць можна было не ўсюды, таму і прыходзілася выбіраць сушэйшыя ўзгоркі, працаваць заездамі. Вось і прыбыўшы на МТЗ-1221 Аляксандр Селезень не паехаў на ўскраек поля, дзе ў чаканні адвозчыкаў прыпыніўся кормаўборачны агрэгат, і У.Лёля накіраваў КВК-800 бліжэй да дарогі.

Восень, як гэта здараецца даволі часта, раннімі замаразкамі можа загубіць пакуль яшчэ сакавітую і не страціўшую сваю пажыўнасць кукурузу. Таму ў гаспадарцы звычайна найперш упраўляюцца з самымі ўраджайнымі ўчасткамі. Не марудзяць з уборкай і з прычыны дэфіцыту тэхнікі. А ён адчуваецца, хоць у “Ільюшынскім”, здаецца, самы вялікі машынна-трактарны парк, хапае талковых і адказных механізатараў.

– Даводзіцца весці адначасова многія віды работ, – тлумачыць С.А.Халімоненка, пакуль пераязджаем на новыя плошчы. – Сёння, напрыклад, на адвозцы акрамя А.Селезня задзейнічаны толькі Юрый Бука. Чакаем дапамогі МАЗаў з “Ляснеўшчыны” – свабодных трактароў у нас зараз няма: неабходна і араць, і глебу апрацоўваць, вядзём сяўбу азімых – увосень усе работы першачарговыя.

На былым партызанскім аэрадроме ля Наваселля карціна процілеглая зялёным краявідам Звоні. Не пяцьдзясят адценняў шэрага, але на фоне імкліва жаўцеючага лесу свежаўзараныя, апрацаваныя пад сяўбу і ўжо засеяныя нівы маюць розны колер. Тут шчыравала звяно ў складзе Віктара Цвяцінскага і Міхаіла Рэута, якія рыхтавалі глебу для сеялкі Уладзіміра Урбана.

“Усё, Антон, можаш спаць далей!” – скончыўшы засыпку насення пратручанага жыта ў бункеры СЗ-4,2, жартуе малады сейбіт над яшчэ больш маладым калегам Антонам Коўшалем, які падвозіць зерне. І калі той і сапраўды мае час крыху “перакурыць” паміж запраўкамі пасяўнога агрэгата, то Уладзіміру, як кажуць, пакой толькі сніцца – на вялікіх плошчах ён і аб’ёмы за дзень выпрацоўвае немалыя.

Спрыяльнае надвор’е ільюшынскія механізатары выкарыстоўвалі спаўна. На другім канцы гаспадаркі, на родных старасельскіх землях з шасціметровым пасяўным агрэгатам працаваў Анатоль Усовік, фронт работ для яго рыхтаваў Аляксандр Маркевіч. На ўзворванні ж пастаянна заняты Мікалай Пасах і Дзмітрый Бурак, а вось Аляксандра Майсеенку “перакінулі” на адвозку зялёнай масы – у гаспадарцы імкнуцца задзейнічаць тэхніку максімальна эфектыўна.

Дзякуючы такому падыходу, сельгаспрадпрыемства ў лідарах на многіх відах работ, тут ужо ўзыходзяць пасеяныя ў тэрмін 200 гектараў азімых крыжакветных: 150 рапсу і 50 свірэпіцы. Ды і з азімымі зерневымі справіліся больш чым напалову – пры плане ў 1000 гектараў на панядзелак у зводцы красаваліся 555 засеяных, а днямі гэта лічба яшчэ падрасла.

З настроем працуюць ільюшынцы – усмешкі на тварах механізатараў былі доказам таму. Клопатаў стае, акрамя азначаных вышэй вядзецца і з дзясятак не менш адказных спраў. Магчыма, пры такіх маштабах і не хапае тэхнікі, рабочых рук, але жадання і стараннасці мясцовыя хлебаробы могуць нават пазычыць іншым.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *