Крестный ход с иконой Божией Матери «Дисненская Одигитрия» и мощами священномученика Константина Шарковщинского продолжается по городам Полоцкой епархии

Общество

Для Ушаччыны, дзе не захавалася старадаўніх ікон і храмаў, прыезд святыняў, канечне, падзея. Таму, ведаючы час, людзі загадзя збіраліся адвячоркам 24 кастрычніка ля храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Былі сярод іх і тыя, каго, інакш і не скажаш, сам Гасподзь прывёў туды.

Наталля Уладзіміраўна Спірыдзёнак, чакаючы прыбыцця мошчаў пакутніка Канстанціна, прасвіцера Шаркаўшчынскага, і іконы “Дзісненская Адыгітрыя”, не магла стрымаць слёз: “Падумаць толькі, на дзень пазней вярнулася б з вёскі, і не застала б святыняў. Прыйшла на пошту выпісваць газету, дзе і пачула пра падзею, адтуль – хутчэй да храма. Дзявяты дзясятак пайшоў, сама нікуды далёка даехаць не магу, а калі цудатворныя іконы прывозяць да нас, не прапускаю”.

А здараецца падобнае настолькі нячаста, што можна пералічыць па пальцах. У лютым 2005 года, яшчэ ў старым храме ва Ушачы, які займаў толькі палову памяшкання, не праціснуцца было да цудатворнай іконы Маці Божай “Презри на смирение” з Украіны. Падзеяй для вернікаў стала  з’яўленне ў гарпасёлку іконы з мошчамі Матроны Маскоўскай і крыжа Еўфрасінні Полацкай.

“Дзісненская Адыгітрыя” і мошчы новапакутніка Канстанціна Шаркаўшчынскага – святыні Полацкай епархіі. Першай 400 гадоў, а святар з блізкага ад нас раёна век таму яшчэ служыў людзям, кананізаваны быў толькі ў 2011-м. Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, які ўкладваў у каўчэг яго руку, што была аддзелена ад цела напэўна падчас катаванняў, казаў, што нятленнай засталася скура. Ці не цуд? Так, і менавіта на яго спадзяюцца людзі, калі ідуць да святыняў са сваімі просьбамі аб самым патаемным. Перш за ўсё – аб здароўі.

Хрэсны ход, прысвечаны 1025-годдзю епархіі, паўсюдна збіраў мноства людзей. Ужо пасля Міёраў, на пятым раёне, закончыліся іконкі “Дзісненская Адыгітрыя”, якія служыцелі епархіі бралі з сабой для распаўсюджвання. Таму ўшачане набывалі толькі выявы пакутніка Канстанціна, а перад тым як прыкласціся да мошчаў самім, клалі зверху іконку – лічыцца, што яна тады валодае большай сілай.

Некалі ікона Маці Божай, якой абнеслі горад, выратавала Дзісну ад пажараў. Таму і праносяць яе зараз адкрытай па гарадах, вакол храмаў, каб абараняла ўвесь населены пункт, яе жыхароў. А на заканчэнні хрэснага ходу, ля паклоннага крыжа, усе, хто накіроўваўся ўслед за “Дзісненскай Адыгітрыяй”, змаглі яшчэ раз атрымаць заступніцтва, прайшоўшы пад ёй.

Святыні накіраваліся ў Наваполацк, апошнюю кропку хрэснага ходу, што распачаўся 16 кастрычніка. А пасля гэтага ва Ушачах адбылася навукова-практычная канферэнцыя, якую прывітальным словам да Уладыкі Феадосія адкрыў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. У сваёй прамове архіепіскап потым неаднойчы паўторыць: “Правільна сказана, вера дапамагла беларусам выстаяць у самыя складаныя часы. І толькі Божае – вечнае”. Праз тысячу вякоў засталася толькі тая спадчына, што звязана з верай: храм, пабудаваны Еўфрасінняй, фрэскі, слова Божае, непахісныя каноны Царквы. Ці не цуд гэта?

Пра свой цуд выздараўлення і пераўвасаблення расказаў прысутным кандыдат філасофскіх навук, дацэнт БДУ Аляксандр Антонавіч Цітавец. А Ушацкім цудам Архіепіскап Феадосій назваў пабудаваную царкву Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. “У час, калі закрываліся вытворчасці, у раёне, дзе няма магутных прадпрыемстваў, а была і ёсць толькі група вернікаў і айцец Вячаслаў, які пераехаў з Расіі, узвесці храм – ці гэта не цуд?” Уладыка заклікаў усіх прысутных карыстацца Божай ласкай, абавязкова наведваць храм, маліцца, больш думаць аб душы. А падчас такіх мерапрыемстваў яна атрымлівае годны пажытак. Ён быў як у словах прамоўцаў, наведвальнікаў нядзельнай школы ў Арэхаўне, так і ў музыцы, падоранай выхаванцамі і выкладчыкамі школы мастацтваў. Усе нумары вылучаліся шчырасцю, якая кранала душу. Менавіта гэта падкупіла Уладыку, які запрасіў на заключнае мерапрыемства, прысвечанае 1025-годдзю епархіі, Алега Іванова з песняй “Крыжы на купалах – ключы ад раю”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *