Олег Кривёнок из ОАО «Агро-Селище» стал лучшим комбайнёром Ушаччины на жатве-2017

Сельское хозяйство

Што і казаць, не парадаваў гэты аграрны сезон спрыяльным надвор’ем і, адпаведна, важкім намалотам збожжа. Упершыню за апошнія гады не было сёлета ў раёне камбайнераў-“тысячнікаў”, бліжэй жа за ўсіх да грасмайстарскай лічбы падабраўся работнік ААТ “Агра-Селішча” Алег Юльянавіч Крывёнак, які намалаціў 858 тон. І гэта даволі нечакана, бо механізатар здолеў апярэдзіць калег, праводзячы першае жніво на камбайне КЗС-1218 “Палессе”.

Хоць і прывык за 10 папярэдніх сезонаў да надзейнай, але не вельмі прадукцыйнай “Ліды-1300”, ды перавагі магутнага айчыннага камбайна ацаніў адразу. Праўда, каб запусціць яго ў поле, прыйшлося з месяц даводзіць тэхніку да толку – “Палессе” трапіла ў селішчанскі парк з “Райаграсэрвіса” ва ўбогім стане. Але ж у агрэгатах і механізмах Алег Юльянавіч арыентуецца выдатна, а калі дадаць уласцівую яму акуратнасць і адказнасць, то становіцца зразумелым, чаму інспектар дзяржтэхнагляду І.М.Пухальскі звычайна ставіць тэхніку селішчанскага механізатара ў прыклад іншым. І сапраўды, убачыўшы замацаваны за ім МТЗ-1221, наўрад ці скажаш, што трактар адбегаў па мясцовых палетках восем год, у добрым стане і яшчэ больш старадаўняя касілка.

Прафесійныя навыкі механізатар назапасіў за чвэрць стагоддзя працы ў сельгаспрадпрыемстве. У пачатку 90-х на базе саўгаса “Ушацкі” можна было прайсці навучанне на трактарыста і вадзіцеля, што і зрабіў хлопец з Загуззя, вярнуўшыся з вайсковай службы. Марыў пра шафёрскую работу, ды не змог устаяць перад угаворамі тагачаснага старшыні мясцовага калгаса Івана Мікалаевіча Падгола, які папрасіў часова замяніць пайшоўшых на пенсію механізатараў. “Але ж няма ў жыцці нічога больш пастаяннага, чым часовае!” – з усмешкай канстатуе Алег: праца на роднай зямлі непрыкметна зацягнула і шукаць іншай долі ён не стаў. Тым больш што неўзабаве абзавёўся сям’ёй, камфортным жыллём у Баяршчыне, нарадзіліся цудоўныя дзеці. Зараз старэйшы сын ужо заканчвае пед­універсітэт, радуе добрай вучобай дачка-старшакласніца, бацькоўскую цеплыню атрымаў у іх сям’і малодшы прыёмны сын. Добра ведаюць у раёне Людмілу Іванаўну Крывёнак, якая з’яўляецца дэпутатам Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў, пастаянна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. “Так, мае блізкія – людзі актыўныя, творчыя, але ж павінен нехта ў сям’і быць сціплым і непублічным – так што давялося гэтую ролю ўзяць мне!” – жартуе Алег Юльянавіч.

І сапраўды, ён з тых людзей, хто не любіць і не патрабуе ўвагі да сваёй асобы. А ў адказ на віншаванні з адметным дасягненнем папрасіў абавязкова прыгадаць у гэтай сувязі сваіх калег. Падкрэсліў, што ўсім тонкасцям працы на жніве навучыўся ад Дзмітрыя Канстанцінавіча Хамёнка, з якім некалькі сезонаў шчыравалі ў адным звяне, адзначыў, што не меншай пашаны заслугоўваюць яго цяперашнія калегі Юрый Пятровіч Юркевіч і Генадзь Часлававіч Хадасевіч. Згодная з гэтым і аграном гаспадаркі Вольга Уладзіміраўна Шамровіч: “З такімі хлопцамі мець справу – адно задавальненне: агучыў задачу – і больш нічога тлумачыць не трэба, а тым больш – кантраляваць. Бо працуюць заўсёды на сумленне!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *