Свиноводческий комплекс «Сорочино» вновь стал основным производителем мяса в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Як у былыя гады апрануць спецвопратку, прайсці прапускнік і апынуцца ў цэху, дзе малыя парасяты грэюцца пад лямпай, не атрымалася. Пасля трагедыі 2013-га на свінагадоў­чым комплексе не тое што ў цэхі, а і проста на тэрыторыю пабочныя асобы могуць трапіць толькі пасля дазволу галоўнага ветэрынарнага ўрача вобласці. Ну а самі работнікі “на зоне” знаходзяцца цэлы дзень – нават абеды дастаўляюцца туды. А пасля змены ўсе вымушаны рабіць вячэрні мацыён: стаянка транспарту, як і ларок, дзе адпускаецца мяса, аднесены ад вытворчых памяшканняў метраў на 400.

Але ўсе гэтая нязручнасці, як і спецыфічны пах – дробязі, на якія ніхто з “сарочынцаў” не звяртае ўвагі. Бо за час вымушанага прастою смуткавалі і па рабоце, і па гадаванцах. І хоць не сядзелі без справы – знайшлі іншыя месцы працы, многія, як Ірына Аляксандраўна Прашкевіч і Валянціна Фёдараўна Данілёнак, з задавальненнем вярнуліся на комплекс.

– Марылі, каб ён аднавіўся. Як і цяпер марым пра былую славу, пра тое, каб усё вярнулася як раней. І ведаеце, хоць зараз дэфіцыт спецыялістаў і адпаведна за работнікамі меншы кантроль – людзі вельмі стараюцца. Памятаюць, як у нас было, і ведаюць, што такое застацца без заробкаў.

На пытанне, чаму вярнуліся да такой адказнай ды і фізічна цяжкой працы, дзе да таго ж няма былых заробкаў, гэтыя абаяльныя жанчыны адказалі не адразу. Задумаліся, сапраўды, чаму?

– Калі будуць добрыя прывагі і захаванасць, пасля перадачы цэха заробіш больш, чым у гандлі ці на пошце, а матэрыяльны бок немалаважны, хоць тут напэўна і цяжэй, – адказвае Ірына Аляксандраўна, а Валянціна Фёдараўна дадае: “З жывёлай працаваць прасцей, чым з людзьмі. Парсючкі ж пацешныя, як дзеці: пасыплеш пілаванне на подсціл, трапіцца дошчачка, падхопяць і гуляюць з ёй. Я за год без комплексу зразумела, што проста люблю сваю работу”.

Аператары не толькі разам прыйшлі працаваць у “Сарочына” ў 2010 годзе, вярнуліся пасля аднаўлення комплексу, але і занялі сёлета лі­дзіруючыя пазіцыі сярод калег, атрымаўшы адпаведна выхад 9,2 галавы парасят на адзін апарос і 670 грамаў прываг. Ірына Аляксандраўна працуе са свінаматкамі і маладняком, фарміруе гнёзды, “падкідваючы” матулям чужых дзіцянят, бо ў адной можа з’явіцца толькі тры, а ў другой 23 малышы – гэта максімальны прыплод за час яе практыкі. У секцыю ж трапляе 62 галавы, пасля апаросу якіх “сям’я” павялічваецца ў дзесяць разоў. З першых дзён жыцця парасяты праходзяць і адбор – са свайго маладняку папаўняецца рамонтны статак. Перажывае за іх Ірына Аляксандраўна, мінімізуе шкоду ад прыёму лекаў, таму замест уколаў імкнецца даваць растворы, хоць і цяжэй гэта. Ну а Валянціна Фёдараўна, якая часта прымае ад калегі двухмесячных парасят, хоць і абслугоўвае іх больш дзвюх з паловай тысяч, многіх ведае ў твар, а любімцам нават дае мянушкі.

Непрацяглы час працуюць яны на комплексе. Толькі ў 2013-м, за паўгода да яго закрыцця, Валянціна Фёдараўна з падменнага аператара вырасла да гаспадыні цэха, пераняла яго ад ранейшага перадавіка і настаўніка Вольгі Васільеўны Якубёнак.

Пасля аднаўлення вытворчасці першы прыплод быў атрыманы ў сакавіку 2015 года, а зараз пагалоўе практычна дасягнула ранейшага ўзроўню і пры праектнай здольнасці 17,3 складае больш 16 тысяч. А асабісты прыклад жанчын на ўзроўні лепшых паказчыкаў былых часоў, хоць пакуль няма ні той збалансаванасці кармоў, ні дастатковай колькасці спецыялістаў. Аднак, як і раней, філіял “Сарочына” стаў асноўным вытворцам мяса ў раёне, а яго людзі – зноў сярод раённых перадавікоў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *