Учитель-дефектолог Ушачской школы Ирина Титова умеет найти подход к каждому своему ученику

Экономика и малый бизнес

“У мяне атрымалася!!!” – за некалькі хвілін да званка запляскала ў далонькі ўсмешлівая другакласніца Надзя. “Яна ў нас малайчынка. І з прыкладамі спраўляецца, і чытаць сёлета пачала. Мікіта таксама стараецца і прагрэсіруе”, – сваіх падапечных настаўнік-дэфектолаг Ушацкай сярэдняй школы Ірына Генадзьеўна Цітова прадставіла вельмі хутка: у журнале гэтага інтэграванага класа толькі чатыры прозвішчы, да таго ж два хлопчыкі не прыйшлі на заняткі з-за хваробы. “Бывала, што некаторыя настаўнікі, якія выкладаюць у звычайных класах, мне зайздросцілі: маўляў, працаваць з некалькімі дзецьмі – гэта не тое, што з двума-трыма дзясяткамі. Але ж ад большасці калег чую адваротнае: “Не, такой работы мы б не хацелі. Гэта ж лічы што ваду ў ступе таўчы…”

Ірына ж Генадзьеўна гэтую няпростую спецыяльнасць абрала свядома. Скончыўшы Віцебскі педуніверсітэт імя Машэрава, яна вярнулася ў родныя Ушачы ў якасці выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Пэўны час працавала сацыяльным педагогам, а потым вырашыла атрымаць спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага, паступіўшы ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Палічыла, што зможа лепш праявіць сябе менавіта ў гэтым напрамку педагогікі .

І сапраўды, дзейнасць настаўніка-дэфектолага даволі спецыфічная, і каб вучыць дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, трэба валодаць не толькі адмысловымі ведамі, а і мець асаблівыя рысы характару. Гэта, найперш, цярплівасць і ўраўнаважанасць. А яшчэ і фізічная вынослівасць – Ірына Генадзьеўна падчас урокаў амаль ніколі не сядзіць: над кожным яе вучнем трэба ў літаральным сэнсе стаяць і бясконца тлумачыць – іншы раз адно і тое ж некалькі заняткаў запар. А бывае і такое, што дзіця за цэлы год усяго толькі і навучыцца, што дадаваць па лінейцы да лічбы адзінку… Але, бадай, больш за фізічную ў гэтай прафесіі неабходна псіхалагічная загартоўка. Бо як бы ні стараўся ўпэўніць сябе, што гэта толькі работа, усё роўна прымаеш блізка да сэрца кожную няўдачу, прапускаеш праз сябе боль і пакуты маленькіх вучняў з цяжкімі дыягназамі – а Ірына Генадзьеўна займаецца і навучаннем на доме.

– Вядома ж, настаўнік можа шмат зрабіць, каб зменшыць негатыўнае ўздзеянне дэфектаў арганізму на агульны ўзровень развіцця дзіцяці. Ды ўсё ж лічу, што куды больш залежыць ад бацькоў, – мяркуе Ірына Генадзьеўна. – За час работы ў школе бачыла розныя прыклады адносін дарослых да сваіх дзяцей. І зараз памятаю, як аднойчы, калі працавала сацыяльным педагогам, мы прыехалі на абследаванне ў нядобранадзейную сям’ю і ўбачылі пасярод халоднага бруднага пакою хлопчыка. Босы, у адной майцы, ён сядзеў на гаршчку – відаць па ўсім, не першую гадзіну: у свае шэсць год малыш амаль не хадзіў, і так званая маці такім чынам яго “займала”, каб не замінаў адпачываць. Неўзабаве жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў… А ёсць таты з мамамі, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць хвораму дзіцяці. Некалькі год таму сярод маіх вучняў-надомнікаў быў хлопчык з цяжкай формай ДЦП. Ён дрэнна бачыў і размаўляў, не мог сядзець і трымаць ручку, але бацькі прыкладалі тытанічныя намаганні, каб адаптаваць яго да жыцця, сфарміраваць пазітыўны светапогляд. Яны проста не давалі сыну пагрузіцца ў змрочныя думкі. Зараз сям’я пераехала ў іншы горад, і я часта прыгадваю, якім цікавым і нават хітраватым быў мой вучань, як залівіста ён смяяўся…

Увогуле для настаўніка-дэфектолага кантакт з бацькамі вучняў надзвычай важны, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць прыкметных вынікаў. І часам даводзіцца тлумачыць ім, што вучоба ў інтэграваным класе – не сорам і не прыгавор, а адзіная магчымасць не запусціць дзіця, падцягнуць да агульнага ўзроўню. А перажыванне дарослых наконт таго, што скажуць суседзі – гэта чыстай вады эгаізм, а ніяк не клопат пра роднае дзіця. Так, напрыклад, год таму маці аднаго малодшага школьніка вельмі не хацела, каб той вучыўся па асобнай праграме. Згадзілася на гэта неахвотна, а зараз, калі ўбачыла плён ад заняткаў у Ірыны Генадзьеўны, цалкам памяняла сваё меркаванне.

Разнастаіць вучэбны працэс дапамагаюць аўтарскія распрацоўкі. Летась стэндавы даклад настаўніцы “Развіццё маўлення з дапамогай электронных сродкаў навучання на карэкцыйных занятках з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту” быў адзначаны дыпломам III ступені VI рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Таксама гэтая распрацоўка была прызнана лепшай на абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Каб падкрэсліць грунтоўнасць работы, што папярэднічала гэтым дасягненням, скажу, што настаўніцы спатрэбіўся цэлы год, каб прыдумаць, зрабіць, аформіць і прадставіць распрацоўку. Наватарства накіравана на развіццё маўлення і ўяўляе сабой электронную гульню, якая складаецца з двух блокаў і чымсьці нагадвае знакамітае “Поле цудаў”.

– У мае дасягненні вялікі ўнёсак зрабілі яшчэ два чалавекі – настаўнік інфарматыкі нашай школы Канстанцін Уладзіслававіч Філіпчык і мой муж Аляксей: калі я амаль цалкам “агарнулася” ў праект, ён узяў на сябе ўсе дамашнія справы і клопат пра дзвюх нашых дачок, – раскрывае “вытворчыя сакрэты” Ірына Генадзьеўна.

Увогуле ж, гледзячы на гэтую мініяцюрную абаяльную жанчыну, міжволі здзіўляешся, адкуль у яе столькі энергіі, каб паспяваць удасканальвацца ў сваім прафесійным майстэрстве, а яшчэ і займацца грамадскай работай – Ірына Генадзьеўна з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ушацкай школы. Ва ўсім, за што бярэцца, яна выкладваецца на сто працэнтаў. І найперш гэта датычыцца прафесіі. А наконт “вады ў ступе” Ірына Генадзьеўна абсалютна не згодна: “У прымяненні да маёй справы мне больш падабаецца прыказка пра ваду, што камень точыць!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *