Уроженца Ушаччины учёного Василия Рубаника знают во всём мире

Наши земляки Общество

Дырэктар “Інстытута тэхнічнай акустыкі”, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, уладальнік прэміі Нацыянальнай акадэміі краіны і медаля Францыска Скарыны. Аўтар больш 200 публікацый, і 55 інавацый і  патэнтаў, якія ўзяты на ўзбраенне ў самых развітых краінах свету, а таксама прамысловасцю рэспублікі. Яркая зорка на навуковым  небасхіле Беларусі. Касмапаліт у навуцы, з якім вітаюцца на ўсіх кантынентах Свету, а сваім лічаць у Віцебску, Бутаве, Завячэллі, Мосары і Ушачах. Вельмі заняты чалавек, які аднак выдатна ведае газету “Патрыёт”. І вельмі прыемна, што Васіль Васільевіч Рубанік пагадзіўся ў адыходзячы Год навукі расказаць нашым чытачам пра сябе.

– Мяркую, што вучань Бутаўскай пачатковай ці Мосарскай сярэдняй школ наўрад ці марыў стаць навукоўцам?

– Вырасшы на балоце (Бутава з двух бакоў акружаюць невялікія рачулкі), пад уплывам прыгодніцкіх кніг накшталт “Спадчыннік з Калькуты” Р.Шцільмарка я марыў стаць мараком. Хацеў паступаць у Ленінградскае ваеннае вучылішча імя Папова, аднак адзінае накіраванне туды ваенкамат даў аднагодку з Ушач, і мы з сябрам Р.Калітухам накіраваліся ў рыжскае артылерыйскае. Аднак яшчэ падчас іспытаў адчуў, што не маё, наўмысна заваліў фізіку і паспеў на ўступную кампанію ў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Як выпускнік вясковай школы, правіла свярдзёлка ўкраінцу і амаль цёзку Рубану распавядаў на беларускай мове. Канечне, выкладчык нічога не зразумеў, мне ж складана было тлумачыць “правило буравчика” на рускай мове, і на маё “выдатна” паўплывала выключна рашэнне задачы. Ужо ў інстытуце я пачаў займацца навукай, а калі пасля заканчэння трэба было ісці служыць, выбраў не проста флот, а Ціхаакіянскі, Далёкі Усход, дзе тры гады быў камандзірам першай у Саюзе касмічнай станцыі сувязі. Меркаваў пісаць рапарт і заставацца служыць і надалей, ды ў сям’і на той час павінна было з’явіцца трэцяе дзіця, таму і засталіся ў Мінску. Выкладаў у інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. А калі прапанавалі работу ў Віцебскім інстытуце фізікі цвёрдага цела (так ён тады называўся), не раздумваючы пагадзіўся, чым моцна засмуціў жонку, якая і сёння гатова за паўгадзіны сабрацца, каб вярнуцца ў сталіцу. Аднак менавіта ў Віцебску была вельмі моцная школа фізікі, навуковая база. Мала хто ведае, што выпускнікі фізічнага факультэта педагагічнага інстытута атрымлівалі дыплом Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім было наладжана цеснае супрацоўніцтва. На жаль, многія навукоўцы той школы зараз працуюць у Германіі, Партугаліі, іншых краінах свету.

– Інстытут тэхнічнай акустыкі, які Вы з 2002 года ўзначальваеце, таксама супрацоўнічае з сотнямі інстытутаў розных краін свету. Напэўна, чалавеку, які з’яўляецца аўтарам столькіх вынаходніцтваў, былі прапановы на работу?

– Я патрыёт сваёй краіны, і мне балюча, што нашы навукоўцы пакідаюць Беларусь. Наогул жа навука інтэрнацыянальная і мы сапраўды цесна супрацоўнічаем з Вялікабрытаніяй, Карэяй, Кітаем, Эфіопіяй, Партугаліяй…, многімі расійскімі інстытутамі, дзе захавалася моцная школа фізікі. За мяжой, як правіла, лепш аснашчаны лабараторыі, затое мы часцей з’яўляемся першапраходцамі ў ідэях. Сведчыць аб гэтым і наш актыўны ўдзел у міжнародных конкурсах і распрацоўках, якія здзяйсняем выключна за кошт грантаў, што выйграем.

– Васіля Рубаніка можна лічыць вундэркіндам, ці ў Мосарскай школе было многа моцных вучняў?

– Выпускнікі нашай школы станавіліся студэнтамі розных ВНУ: Наваполацкага політэхнічнага, Віцебскага і Мінскага педагагічных, медыцынскага… У нашым класе, напрыклад, было два медалісты. Дарэчы, хоць бацькі пазней набылі дом у Завячэллі, я ўсё роўна заканчваў сваю Мосарскую школу. І магу з гонарам сказаць, што веды, дадзеныя нашымі выкладчыкамі, дазволілі мне прайсці надта высокі – пад 15 чалавек на месца  – конкурс у РТІ. І зараз з удзячнасцю прыгадваю сваіх настаўнікаў. Заязджаў да Вольгі Маркіянаўны Клопавай, чытаў у вашай газеце артыкул унучкі майго класнага кіраўніка і выдатнага чалавека Алеся Антонавіча Карабаня. Імкнуся падтрымліваць сувязь з землякамі, а некалькі год таму летам наладзілі ў Бутаве сустрэчу аднакашнікаў. Мы ж там усе, можна лічыць, радня: праходзячы міма свяшчэннік хрысціў нас, малых, у адзін дзень.

– Школу Вы скончылі з залатым медалём, гэта значыць,  што добра даваліся літаральна ўсе прадметы, чаму вылучылі менавіта фізіку?

– З срэбраным, у мяне была чацвёрка па рускай мове, з залатым скончыла мая малодшая сястра Святлана. Ну а фізіка і матэматыка сталі любімымі з-за настаўнікаў сапраўды ад Бога Валянціны Сцяпанаўны Шышко і Мікалая Іванавіча Цішкова. Таму перакананы, што ўсё залежыць менавіта ад выкладчыкаў, ад таго, наколькі табе пашчасціла на апантаных да свайго прадмета. Бацькам  у час нашага дзяцінства проста некалі было з намі займацца, яны шмат і вельмі цяжка працавалі, акрамя абавязкаў у калгасе трымалі вялікую гаспадарку, па якой, зразумела, дапамагалі і мы. А яшчэ бацька майстраваў зрубы, а маці многа ткала на кроснах. Яна была вельмі строгай, таму да вучобы мы ставіліся сур’ёзна, ды і цікава было.

– Калі знаёмілася з Вашымі дасягненнямі праз інтэрнэт, шчыра кажучы заблыталася ў гадах нараджэння і рэгаліях, пакуль не адшукала насупраць прозвішча Рубанік Васіль Васільевіч паметку (малодшы). Не прыносіць нязручнасці, што Вы з сынам – поўныя цёзкі?

– Свайго першынца мы назвалі ў гонар майго бацькі, і менавіта ён пайшоў па маіх слядах у навуку. Анекдотаў з супадзеннем, канечне, шмат. Падаю аднойчы навуковы артыкул, а  калегі гавораць, ну Рубанік дае, двойчы сваё імя паставіў, спачатку выкрэслівалі. Ляцім удвух з камандзіроўкі з В’етнама – на аднаго два білеты, на другога няма, а ў Таліне нават не пускалі, маўляў, пасажыр з такім імем ужо прайшоў на борт. Пад’ехаў неяк пад знак у Мінску: адзнака ў талон. Вяртаюся дамоў, гляджу, мой чысты, а ў сынавым – дзірка: у нас сумесная машына і дакументы ляжаць аднаго і другога. Гэта імя стала нашай сямейнай традыцыяй, вось і дачка маю ўнучку Васілісай назвала.

– У загадчыка абласнога архіва, былога рэдактара “Народнага слова” С.В.Рублеўскага ёсць цікавая тэорыя, што ўсе Васілі людзі добрыя, ну а “Васілі Васільевічы” практычна святыя. Ці не ад знаёмства з Вамі яна ўзнікла?

– З Рублеўскім знаёмы, аднак не настолькі блізка. Ну а жонка святым сапраўды называе з-за майго памкнення ўсім падставіць плячо. Я ж лічу, што са злосцю ў сэрцы жыць нельга і сапраўды магу дапамагчы нават непрыяцелю.

– Васіль Васільевіч, Вы аб’ехалі шмат краін, Вашы дасягненні прызнаны, маеце высокія ўзнагароды, яркіх уражанняў хапіла б, каб ашчаслівіць сотні людзей. А што самым памятным з’яўляецца для Вас?

– Адназначна не адкажаш. Вельмі прыемна, калі адкрываеш, што да цябе ніхто не рабіў, што твая праца заўважана, знаходзіць практычнае прымяненне. Я з’яўляюся старшынёй навукова-тэхнічнага савета пры Віцебскім аблвыканкаме па праграме “Інавацыйнае развіццё Віцебшчыны”, нашы метады ультрагукавой апрацоўкі прымяняюцца на розных прадпрыемствах, паступілі сотні заявак на новае пакаленне апаратаў для ультрагукавой зваркі палімерных магістраляў пералівання крыві. Сёлета мая работа ў сааўтарстве з яшчэ двума калегамі з Інстытута перамагла ў конкурсе інавацыйных праектаў Акадэміі навук Беларусі. Зусім нядаўна сын таксама абараніў ступень доктара тэхнічных навук, а яго дысертацыя прызнана лепшай у 2017 годзе. З гэтага і складаюцца памятныя і вельмі прыемныя моманты жыцця.

– Як пачынаецца рабочы дзень навукоўцы, які столькі паспявае і так маладжава выглядае?

– Вы не паверыце, зарадку не раблю, хоць некалі гуляў у валейбол. Падымаюся ў шэсць, а ў восем на рабоце, хоць афіцыйна з паловы дзявятай. Па пятніцах у нас традыцыя – ходзім у лазню. Ну а самы прадукцыйны дзень – субота: люблю, калі лабараторыя амаль пустая…

– Як Вы ставіцеся да Ушаччыны?

– Мяне вельмі цягне ў родныя мясціны. Летам абавязкова прыязджаю на могілкі да бабулі, часта езджу па камандзіроўках і, праязджаючы па трасе, імкнуся хоць на пяць хвілін зазірнуць у Завячэлле. Наведваю стрыечную сястру Таісу Яфімаўну Баркоўскую ва Ушачах, маю зносіны з аднакласнікамі і сябрамі. І “Патрыёт” перыядычна чытаю. Таму зычу землякам у Новым годзе поспеху, удачы, упэўненасці ў сабе і не баяцца быць першапраходцам.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымку: В.Рубанік з сынам на 2-м З’ездзе вучоных



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *