100 малышей, одна двойня и другие особенности демографической ситуации 2017 года в Ушачском районе

Демография

Адносна стабільная сітуацыя з разводамі, “юбілейная” колькасць нараджэнняў, павелічэнне долі трэціх і пятых дзяцей у сем’ях – такія дэмаграфічныя паказчыкі зарэгістраваны летась ва Ушацкім раёне. Падрабязней пра іх мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса райвыканкама А.М.МАЛАШЧАНКУ. Адразу падкрэслім, што прыведзеныя ніжэй лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.

– Алена Мікалаеўна, як часта ўшачане заключалі шлюбы?

– Узаконілі свае адносіны 70 пар, што на 3 больш, чым у 2016-м. Па-ранейшаму многа паўторных для аднаго ці абаіх маладых шлюбаў – амаль кожная трэцяя рэгістрацыя. Цікава, што дзве сям’і “ўвайшлі ў адну раку двойчы” – ажаніліся ранейшыя “палавінкі”.

– Не магу не спытаць пра ўзрост жаніхоў і нявест…

– Ён у параўнанні з мінулым годам крыху зменшыўся: сярэдні ўзрост у мужчын  склаў 30 гадоў (было 32), у жанчын – 28 (29). Самым маладым жаніхом стаў 19-гадовы хлопец, а самымі маладымі нявестамі – дзве 18-гадовыя дзяўчыны. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі ўшачане, якія афіцыйна аформілі адносіны ў 77 гадоў. Асноўную частку шлюбаў традыцыйна складалі пары, у якіх жаніх старэйшы за нявесту. Адваротная сітуацыя адзначалася ў 16 выпадках, дзе ўзроставая розніца на карысць нявесты складала ад 1 да 12 гадоў.

– Ці рэгістраваліся шлюбы з замежнымі грамадзянамі?

– Так, падобных рэгістрацый у нас было дзве: з грамадзянамі Украіны і Рэспублікі Казахстан.

– А як справы з нараджальнасцю?

– Летась зарэгістравана нараджэнне 100 малышоў, што на 22 менш, чым у 2016-м. На свет з’явілася 45 хлопчыкаў і 55 дзяўчынак, 28 з якіх першынцы, 45 – другія дзеці ў сем’ях, 20 – трэція, 4 – чацвёртыя, 3 – пятыя. Меўся адзін выпадак рэгістрацыі двойні.

Найбольшая колькасць дзетак – 68 – з’явілася ў мам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў (у 2016-м падобных выпадкаў было ажно 86), 30 – ад 31 да 40, 1 – больш за 40. Самая маладая матуля нарадзіла ва ўзросце 16 гадоў, а самая старэйшая – у 41. Самым жа маладым татам стаў 19-гадовы хлопец, а самым сталым – 46-гадовы мужчына.

Радуе тое, што павялічылася колькасць дзетак, якія з’явіліся на свет у поўных сем’ях. Гэты паказчык у 2017-м склаў 81 працэнт ад агульнай колькасці нараджэнняў (годам раней было 74,6).

– Якія імёны бацькі давалі дзецям?

– Самымі папулярнымі ў хлопчыкаў сталі Яўген, Яраслаў, Ілья, Аляксей, Кірыл, а сярод дзяўчынак – Яўгенія, Марыя, Сафія, Лізавета, Анастасія. У разрад рэдкіх увайшлі Арсеній, Багдан, Глеб, Захар, Елісей, Назар, а таксама Ліка, Мар’яна, Ясенія, Сабрына, Ульяна.

– Разводаў, напэўна, менш не стала…

– Так, гэтая праблема па-ранейшаму застаецца вострай. Летась нашым аддзелам зарэгістравана 10 скасаванняў шлюбу па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак (на ўзроўні 2016-га), па рашэннях суда – 32 (у 2016-м было 31).

– А што ў раёне са смяротнасцю?

– Летась на Ушаччыне зарэгістравана 275 смерцяў, што на 53 менш, чым у 2016-м. Але страшна тое, што пайшлі з жыцця трое жыхароў раёна ва ўзросце да 31 года, многія прадстаўнікі моцнай паловы не дажываюць нават да 50-ці. Так, летась не стала 16 мужчын ва ўзросце – ад 31 да 50 (жанчын – 4). Ва ўзросце ад 51 да 70 гадоў памерла 66 мужчын і 18 жанчын, звыш 71 года не стала адпаведна 55 і 113 – самая вялікая колькасць ушачан.

На жаль, смяротнасць у нашым раёне перавышае нараджальнасць. Будзем спадзявацца, што ў наступіўшым годзе сітуацыя зменіцца, тым больш, што неабходныя для гэтага перадумовы ёсць.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *