Как КУСХП «Кубличи» планирует выходить из сложной ситуации с новым руководителем

Сельское хозяйство

– Пакіньце адрас электроннай пошты, мы вышлем вынікі біяхімічнай экспертызы сенажу, а яшчэ лепш, прыязджайце, навігатар да Кубліч давядзе, і на месцы можаце самастойна пробы адабраць, калі не давяраеце. Умовы аплаты таксама абгаворым: магчыма, зернем, насенне лубіну патрэбна. І па пералічэнні можна, пажадана на “Белшыну” ці райспажыўтаварыства.

За такой тэлефоннай размовай застала новага дырэктара КУСГП “Кублічы” Алега Васільевіча Пабойнева (на здымку). Меркавала сустрэць заклапочанага кіраўніка, якому не да журналістаў. А дырэктар гаварыў упэўненым жвавым голасам, ды і настрой меў адпаведны.

– Рэкламу ў “Витебские вести” даў, мяркую сянаж прадаць. Некалькі тэлефанаванняў ужо было. У нас жа ні малака, ні мяса, бягучыя плацяжы няма чым аплаціць. Мяне як ветурача, жывёлавода, гэта, канечне, прыгнятае, паколькі фермы былі і застаюцца банкаўскімі карткамі прадпрыемстваў. А ў нас вось толькі сянаж ды салома. 280 тон апошняй нядаўна прадалі, атрымалі 14 тысяч, разлічыліся па зарплаце за снежань – праўда, праз магазін, рахунак жа закрыты. Цяпер вось 1280 тон сенажу трэба рэалізаваць.

А.В.Пабойнеў з тых, хто не лю­біць скардзіцца. Узяўся – значыць, трэба працаваць. Адзінае, пра што кіраўнік зазначыў з засмучэннем – адсутнасць легкавога транспарту. Аднак крытычнай сітуацыю не назавеш, не горш, чым у многіх іншых, а можа нават і лепш. Механізатары выходзяць з водпускаў, пакрыху рыхтуюць тэхніку. Зараз хоць і ўстаноўлены скарочаны працоўны дзень з 10 да 16 гадзін, яны самі вырашаюць, застацца пазней ці прыйсці раней, усё адлюстроўваецца ў табелі і аплачваецца. “Павінна быць зацікаўленасць, і тэхніку яны падрыхтуюць, – гаворыць кіраўнік і праводзіць па майстэрні. Плугі абаротныя, бароны, “Амкадор”, энерганасычаны МТЗ-3022 у стадыі падрыхтоўкі, а што і гатова. Вырашаецца пытанне з афарбоўкай. Так што віды на пасяўную даволі аптымістычныя. Чым яны абгрунтаваны?

Перш за ўсё падстрахоўкай з боку Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. “Маяк-Ушацкі” ім ужо родны брат, ну а мы пакуль стрыечныя, – усміхаецца Алег Васільевіч і тлумачыць “сваяцтва”: – Вырашаецца пытанне далучэння яшчэ некалькіх гаспадарак Ушаччыны да холдынгу, і камбінат нам ужо многа чым дапамог. 8 тысяч выдзелілі на запчасткі, што пайшлі на рамонт плугоў, сеялкі, дыскатара, каля 20 – на бароны, дапамаглі ў набыцці ўгнаенняў: хоць не пад поўную патрэбу, але ўжо ў сховішчы калій, карбамід, КАС”.

Ну а галоўнае, на выпадак, калі самастойна не справяцца з сяўбой у аптымальныя тэрміны, дырэктар аграхолдынгу В.К.Хамёнак паабяцаў вясной перакінуць на дапамогу зводны мехатрад з глебаапрацоўчай тэхнікай, сеялкамі, а работнікі гаспадаркі будуць потым даглядаць і ўбіраць пасевы. На камбінаце А.В.Пабойнеў “абараняў мерапрыемствы” па пасяўной, згодна якім КУСГП “Кублічы” будзе рабіць стаўку на кармы…

План выхаду з крызісу ляжаў тут жа, на рабочым стале дырэктара. Каляровыя карты з палямі, вымачкамі і кустоўем, на якой алоўкам было пазначана: рапс, авёс, зернебабовыя, кукуруза… План пасяўной, як першачарговых, так і перспектыўных задач Алег Васільевіч распрацоўваў, прынамсі, не для абароны мерапрыемстваў, а для сябе. Ці правільней, пры нефармальным падыходзе гэта павінна супадаць.

– Землі кубліцкія я ведаю, з 1989 года тут, – працягвае расказваць пра перспектывы Алег Васільевіч. – Асаблівай ураджайнасцю яны ніколі і не славіліся, а вось травы няблага растуць. Летась добрая была канюшына, насенне не ўсё сабралі, аднак на 220 гектараў, якія на нашых землях засеяў азімымі “Маяк-Ушацкі”, хопіць. Засталося 150 гектараў канюшыны другога года. Неачышчанае насенне прадалі, дамовіліся наконт пратручвальнікаў. Так задзел на апрацоўку і ствараем. Кукурузы будзе 43 гектары, аднак не на зялёнку, а на зерне для вырабу камбікорму. Наогул ворыўных 1487 гектараў, зябліва ўзнята мала, так што вясна будзе напружанай, але галоўнае, што не беспрасветнай. Вось і моладзь пакрысе ў гаспадарку пераманьваем, якая праходзіць курсы перападрыхтоўкі для работы на энерганасычаных трактарах. Дзіма Купцоў ужо працаваў, Павел Радзюш толькі прыйшоў, ды і, як вядома, касцяк механізатараў трывалы быў.

Пры субяседванні на пасаду ў Віцебску раілі і пра жывёлу падумаць. Дырэктар камбіната хлебапрадуктаў прапаноўваў галоў 200 хоць зараз, толькі ставіць яе зусім няма куды. Хаця і кармамі, і жывёлагадоўляй у нас займацца можна. Пажывём – пабачым. Невядома, як мы будзем называцца пасля завяршэння аб’яднання:  участкам ці філіялам, галоўнае, што акрэслілася рэальная перспектыва.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *