На базе ОАО «Ильюшинский» прошел семинар по животноводству

Сельское хозяйство

Выязны жывёлагадоўчы семінар, што прайшоў на мінулым тыдні, меў звыклы фармат. Удзельнікі, а гэта кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы і асемянатары з усіх гаспадарак раёна, пабачылі, як у ААТ “Ільюшынскі” арганізаваны выпас і дойка кароў, як непасрэдна на полі адбываецца асемяненне цялушак, пачулі парады па лячэнні жывёлы. Аднак за звычайнай формай семінара стаялі маштабныя мэты – зрушыць з месца непрыглядную сітуацыю ў жывёлагадоўчай галіне, замацаваць тыя ключавыя аксіёмы, якія павінны працаваць штодня, каб дабіцца асноўнага – павелічэння прадукцыі. Таму і праходзіў семінар пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Сяргеевіча Садоўскага.

С.Марковіч, С.Халімоненка, С.Садоўскі.

Як атрымаць цяля?

– Нам трэба стварыць ў раёне групу аднаўлення, якая б кантралявала ўвесь працэс: лячэнне жывёлы, пакрыццё, схему вакцынацыі, улік і аналіз, – яшчэ ва ўступным слове агучыў канчатковую мэту С.С.Садоўскі. – Наладзіць сістэмнае штучнае асемяненне. Не важна, якімі спосабамі, у закрытым памяшканні, як у “Сафійскіх дарах”, або ў перасоўных станках на пашах, але каб яно было. Пакуль што ў нас гэтая справа правалена: то спецыяліста няма, то паліва, то нехта не выйшаў на работу. Няма нават элементарнага – журналаў уліку. Як без гэтага планаваць і працаваць на перспектыву?

Кіраўнік раёна вылучыў гэты напрамак, паколькі як заатэхнік па адукацыі выдатна ведае, што ўсё зацыклена менавіта на аднаўленне малочнага статку. Ад атрымання пагалоў’я напрамую залежыць выпуск прадукцыі і яе якасць. Не пакрылася карова – няма малака. Не амалоджваецца на 25 працэнтаў статак, значыць жывёла, нават калі яна здаровая, дае малако з павышанай саматыкай і прымаецца яно нізкім гатункам.

Падчас падвядзення вынікаў работы прыводзіліся канкрэтныя негатыўныя недапрацоўкі, замацоўваліся схемы работы, якая павінна стаць абавязковай. Вызначыліся, што група аднаўлення будзе працаваць на базе ААТ “ Ільюшынскі”. І канечне, былі адзначаны станоўчыя зрухі, што з’явіліся ў жывёлагадоўлі раёна з ліпеня. Так, вытворчасць малака з пачатку жніўня ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася па раёне ў цэлым на 40 тон ці 10 працэнтаў, на 19 – у “Сафійскіх дарах”, “Дземенцы”, а ў “Ільюшынскім” – на 21. Абсалютна ўсе сельгаспрадпрыемствы плюсуюць па надоях на карову, а дзве апошнія гаспадаркі больш чым на 2 кілаграмы. Калі атрымаецца замацаваць гэтую дынаміку, нарыхтаваць добрыя кармы, у тым ліку зернефураж, тэмп росту прадукцыі жывёлагадоўлі ў канцы года складзе 105 працэнтаў да леташняга. Плануецца атрымаць 7,6 тысячы тон малака і 1,1 – мяса.

Заахвоціць і пракантраляваць

Добры травастой з канюшыны. Свежы адбіты загон, соль, вада, даільная ўстаноўка. Усё, як павінна быць не толькі да семінара. І дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка расказваў прысутным, дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць значнай прыбаўкі малака – у гэтым месяцы ўжо на 20 тон.

– Пагалоўе вялікае і нагрузка на даярку таксама – 70 галоў. Каб зменшыць яе і заставаўся час на якаснае абслугоўванне, мы сваімі сіламі пераабсталявалі дзве перасоўныя даільныя ўстаноўкі на малакаправод, дэманціравалі з былой фермы. На кожнай групе кароў ёсць старшая даярка, якая піша на кіраўніка службовую запіску, калі былі парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны, напрыклад, несвоечасова адбіты загон. Ад гэтага залежыць і заработная плата. Калі іх не было, то пастухі на групе за месяц атрымаюць 2,5 тысячы рублёў – гэтая сума дзеліцца на колькасць работнікаў, даяркі атрымліваюць і 1,5 тысячы. Дойка зараз двухразовая, але паколькі пачалі даваць спецыяльны камбікорм К-61, то прыбаўка ўнушальная. У даярак вядзецца ўлік малака навацельных кароў, такія дояцца асобна ў бачкі і ад гэтага выдаюцца канцэнтраты.

На 1 жніўня 2022 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы па раёне склала 8778 галоў, або 98,5% да аналагічнага перыяду 2022 года. З іх кароў – 3264 (малочнага напрамку – 3010), мінус 269 галоў або 92,4 працэнта. Прадукцыйнасць дойнага статка за гэты перыяд знізілася і склала па раёне 1341 кг ці 98 працэнтаў да 2021 года. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы за 7 месяцаў – 524 грамы, што на 30 ніжэй, чым летась. Самыя нізкія прывагі ў ААТ “Ільюшынскі” – 502 грамы.

Прысутная на семінары даярка Святлана Марковіч дадала, што ёсць каровы, якія за дзень даюць і па 40 кілаграмаў. Такіх і трэба браць на асобны ўлік, паколькі з іх атрымаецца добрая цялушка.

У тэорыі ўсё зразумела, а вось на практыцы шмат нюансаў. Напрыклад, як пры двухразовай дойцы і калі на групе зараз 40 навацельных кароў, даць кожнай тыя ж 8 кілаграмаў камбікорму (кілаграм на галаву і 300 грамаў на літр малака)? Праблематычна, трэба дзяліць кармы хаця б на два разы.

Тандэм ветурача і асемянатара

Спецыяліст ветстанцыі Васіль Леанідавіч Зелянік асобна спыніўся на лячэнні гінекалагічна хворых кароў. Самая распаўсюджаная з’ява – эндаметрыты, што з’яўляюцца пасля расцёлаў. “Калі вы не выявілі захворванне і не пачалі лячэння на працягу 7 дзён, лічыце, што згубілі карову. Нават калі яна і будзе даваць малако, то не тое, што магла, паколькі пасля гэтага тэрміну трупныя яды трапляюць у печань і жывёла ўжо хранічна хворая”. Васіль Леанідавіч падкрэсліў, што ў статках нямнога жывёлы, якую б нельга было вылечыць. Аднак працэс гэты магчымы пры цесным узаемадзеянні ветурачоў і асемянатараў, тым больш што з першага разу пакрываецца толькі 22 працэнты кароў. Неабходна стымуляванне – вакцынаванне, дадатковыя агляды і лячэнне.

Давядзецца пабегаць

А.Кімава, Л.Буйніцкая.

“Атрымаецца ці не загнаць цялушку ў ахвоце ў спецыяльны станок?”, – гадалі удзельнікі семінара, калі асемянатар Алеся Кімава і загадчык фермы Жары Людміла Буйніцкая пусціліся “у бягі”. Хоць і былі тут выключна людзі ў тэме, вельмі сумняваліся, гаворачы, як складана зладзіць з неспакойнай у гэты час жывёлай. Аднак цялушка за лічаныя хвіліны была ў загоне… Адразу відаць, што гэты працэс адладжаны, на паказуху такога не зробіш. Ну а выдатнай фізічнай форме работніц можна толькі пазайздросціць. Яны ж папрасілі, каб іх “прабежкі” адлюстроўваліся ў табелі, пакуль што толькі пастухі атрымліваюць даплату за выяўленне кароў у ахвоце.

На 1 жніўня 2022 года ў раёне налічвалася 3213 цялушак, або 88 працэнтаў да наяўнасці кароў пры нарматыве 125 працэнтаў. У “Сафійскіх дарах” – 161 працэнт, а самая нізкая забяспечанасць – у ААТ “Ільюшынскі” – 78% і КУСГП “Глыбачаны” – 64%. Асноўнай прычынай недахопу цёлачнага пагалоўя ў гаспадарках з’яўляецца бескантрольнасць з боку кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак за непрадукцыйным іх выбыццём.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *