Юные ушачские дзюдоисты с удовольствием занимаются в новом спорткомплексе и занимают высокие места на соревнованиях

Cпорт

На ІІ Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у 2019 годзе ў Мінску, барацьба будзе прадстаўлена вельмі шырока. Так, напрыклад, дзюдаісты разыграюць медалі чэмпіянату Еўропы і алімпійскія ліцэнзіі. За 18 камплектаў узнагарод паспрачаюцца самбісты – у беларускіх барцоў гэтага стылю добрыя традыцыі і перспектывы. Нам жа прыемна, што названыя віды барацьбы актыўна развіваюцца і ва Ушачах. Прычым, адкрыццё новага спарткомплексу дало гэтаму моцны штуршок.

Пачуўшы словы “крэветка” і “прамакатка”, большасць з нас намалюе ва ўяўленні адпаведны морапрадукт і ўжо неактуальны зараз элемент вучнёўскага сшытка. А вось юныя дзюдаісты ўшацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, на трэніроўцы якіх нядаўна давялося пабываць, адрэагуюць на іх незвычайным чынам: пачнуць хуценька перамяшчацца паўзком на… спіне ці, прагнуўшыся, рэзка ўпадуць на жывот. На слэнгу барцоў так называюцца практыкаванні размінкі, якія трэніруюць пэўныя навыкі: спартсмен, што дасканала адшліфуе “крэветку”, зможа падчас схваткі лоўка выходзіць з утрымання сапернікам у барацьбе лежачы, а “прамакатка” вучыць правільна падаць і імгненна ўскокваць на ногі. У трэніровачным арсенале юных спартсменаў ёсць таксама рознага віду кулькі і скачкі, стойкі і паскарэнні, і нават элементы сур’ёзнай акрабатычнай праграмы: “Гэта рандад з флякам!” – пракаменціраваў нам элегантна выкананую звязку Ігар Падгола.

Расказала пра ўсё гэта, каб перадаць, наколькі захапляльна праходзяць трэніроўкі дзюдаістаў у спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, куды са старога будынка чатыры месяцы таму перамясцілася Ушацкая ДЮСШ. Тэрмін адносна невялікі, а падзей і дасягненняў за гэты час накапілася ўжо столькі, што цяжка і пералічыць. Ды ўсё ж асноўныя варта прыгадаць. Ужо самы першы турнір памяці С.Шэдзько, праведзены падчас адкрыцця спартыўнага аб’екта, стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў, якіх было 185. Чарговы ж 22-гі мемарыял, запланаваны на май, мусіць значна пераўзыйсці гэтую лічбу, а таму мяркуецца праводзіць яго ў два дні. Прываблівае “Юнацтва-Ушачы” спартсменаў і ў якасці трэніровачнай базы. “Цесныя стасункі ў нас завязаліся з суседзямі, – расказвае трэнер аддзялення дзюдо Вера Васільеўна Кіліна. – Напрыканцы года для сумесных трэніровак прыязджалі выхаванцы Наваполацкай СДЮШАР, а на навагодняе спартыўна-забаўляльнае свята да нас завіталі полацкія дзюдаісты”.

Мы ўжо расказвалі, што ва Ушачах праводзіла збор нацыянальная каманда дзюдаістаў, члены якой правялі майстар-клас для выхаванцаў ДЮСШ. “Гэта было проста неверагодна – выйсці на татамі супраць самога Дзмітрыя Шэршаня, убачыць, як ён выконвае кідкі! – з захапленнем расказвае цёзка аднаго з лепшых дзюдаістаў краіны Дзіма Адамовіч. – Гэта яшчэ больш умацавала маю мэту таксама трапіць у зборную Беларусі і паехаць на Алімпіяду!” Зрэшты, першыя крокі да гэтага 13-гадовы ўшачанін ужо робіць: яго і яшчэ трох выхаванцаў ДЮСШ запрасілі да ўдзелу ў праглядавым зборы для залічэння ў Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Падставай жа для гэтага сталі паспяховыя выступленні нашых дзюдаістаў на апошніх турнірах рознага кшталту. Так, Дзмітрый Адамовіч і Ілья Каваленка сталі першымі на мемарыяле У.Гракава ў Віцебску, срэбрам і бронзай адзначыліся адпаведна Максім Малак і Вераніка Ціханава. У гэтым жа горадзе праходзіў адкрыты абласны турнір на прызы Віцебскай епархіі, дзе другія месцы занялі Яўген Ільюшэвіч і Алена Бука, трэцяе – Аляксей Міхаль. Жэня і Лёша паспяхова выступілі і на рэспубліканскім турніры ў Смаргоні: на рахунку хлопцаў адпаведна перамога і трэцяе месца. З бронзай вярнуўся з Гродзеншчыны таксама Павел Шакута. Два трэціх месцы на першынстве вобласці і адкрытым чэмпіянаце г.Мінска сярод юнакоў і дзяўчат да 21 года заваявала Крысціна Зуева.

Ладзяцца ва Ушацкай ДЮСШ і ўнутраныя спаборніцтвы. Так, зусім нядаўна прайшло першынство школы сярод навічкоў, на якім свае дэбютныя ў спартыўнай кар’еры перамогі атрымалі Улада Цюкала, Аліса Зуева, Сева Аўдошка, Мацвей Кандрацкі, Антон Маісееў.

“Увогуле можна сказаць, што на Ушаччыне дзюдо набыло зараз другое дыханне! – адзначае В.Кіліна. – Жадаючых займацца стала намнога больш, і мы здольныя ўзяць літаральна ўсіх, паколькі ў новай прасторнай зале барацьбы нават адначасова можа трэніравацца некалькі груп. Нашы выхаванцы штотыднёва наведваюць басейн, працуюць на трэнажорах. Вельмі задаволены і дзеці, і бацькі, многія з якіх возяць сыноў і дачок на трэніроўкі з сельскай мясцовасці. Так, напрыклад, нашы выхаванцы браты Ільюшэвічы сваім прыкладам прыцягнулі да дзюдо многіх школьнікаў з Сарочына, Арэхаўна. Прыязджаюць таксама дзеці з Наваселля, Селішча – і гэта, безумоўна, вельмі радуе”.

Прыбыло ў і трэнерскім палку школы. У бягучым навучальным годзе пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры ва Ушачы размеркаваўся былы выхаванец нашай ДЮСШ Канстанцін Валер’евіч Дук. А тое, што ён мае спецыялізацыю трэнера па самба, паспрыяла адкрыццю ў школе адпаведнага аддзялення. Гэтыя віды барацьбы даволі падобныя, таму ўшацкія дзюдаісты і раней нярэдка выступалі на турнірах па самба, на якіх дэманстравалі добрыя вынікі. Вось і нядаўна Крысціна Зуева ў складзе каманды Віцебскай вобласці ўвайшла ў пяцёрку лепшых самбістаў на першынстве рэспублікі. Цяпер жа, калі падрыхтоўка будзе сістэмнай і грунтоўнай, ёсць усе падставы спадзявацца на найвышэйшыя дасягненні.

Зараз ушацкія дзюдаісты рыхтуюцца да ўдзелу ў прадстаўнічым турніры, які пройдзе ў Лідзе. Гэта міжнародныя спаборніцтвы высокага рангу з адпаведнымі патрабаваннямі: так, напрыклад, выходзіць на тутэйшы татамі спартсмены могуць толькі ў ліцэнзійных кімано. І калі яшчэ паўгода таму такая акалічнасць стала б перашкодай для ўдзелу ўшачан у турніры, то зараз гэта зусім не праблема: дарэчы аказаўся падарунак Федэрацыі дзюдо Рэспублікі Беларусь з нагоды адкрыцця комплексу – 16 камплектаў барцоўскай формы.

…У 9-10 гадовых хлопчыкаў, якія, зрабіўшы памятны здымак са сваімі трэнерамі, перайшлі да адпрацоўкі прыёмаў, буйныя спаборніцтвы яшчэ наперадзе. Але ёсць усе падставы меркаваць, што фота некаторых з іх мы неўзабаве ўбачым на першых старонках буйных спартыўных выданняў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *