100 лет на страже мира. День защитников Отечества на Ушаччине

Общество

Дзень Абаронцаў Айчыны – свята, што сімвалізуе патрыятызм, вернасць ваеннаму абавязку, гатоўнасць да самаахвяравання дзеля свабоды і незалежнасці роднага краю. Сёлетняе ж 23 лютага – для нас асаблівае ўтрая. Да гэтай даты ва ўсіх куточках краіны прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. На Віцебшчыне ж такі юбілей адзначылі і ваенныя камісарыяты. Яркае, цікавае дзейства з гэтай нагоды было наладжана на бягучым тыдні ва Ушачах.

Такой колькасці гледачоў зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці не бачыла даўно. Прычым, займаць вакантныя месцы ўшачане пачалі задоўга да пачатку імпрэзы – відаць, разумелі, што паглядзець і паслухаць будзе што! І, трэба сказаць, не прагадалі.
Тон мерапрыемству задало яркае выступленне мужчынскай вакальнай групы райгаза і вопытных артыстаў цэнтра. Парадавала прысутных і эфектнае дэфіле барабаншчыц у адмысловых касцюмах.

Шмат у гэты дзень было цёплых слоў, пажаданняў у адрас мужчынскай паловы чалавецтва і ўсіх ушачан. Перад прысутнымі выступілі старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Л.П.Шахноўскі. Далучыліся да віншаванняў і ганаровыя госці, сярод іх – начальнік і старшы афіцэр трэцяга аддзела Упраўлення тэрытарыяльнай абароны генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь С.В.Фамін і А.І.Зібараў, камандзір ваеннай часці 22313 А.М.Хахлоў, выконваючы абавязкі ваеннага камісара Лепельскага і Ушацкага раёнаў А.В.Ефстаф’еў, намеснік камандзіра ваеннай часці 71327 Р.А.Вясноўскі і іншыя.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Ганаровай граматай Ушацкага райвыканкама ўзнагароджаны былы намеснік ваеннага камісара Ушаччыны У.В.Зыранаў. Уладзіміру Васільевічу, а таксама ветэранам працы галіны Уладзіміру Яўгенавічу Пальчэху і Святлане Мікалаеўне Целепень, старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Сяргею Яўгенавічу Аваднёву ўручаны юбілейныя медалі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”. Такая ўзнагарода і шмат памятных падарункаў чакала ў гэты дзень ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Д.У.Крупеню, які знайшоў у сабе сілы, каб прыйсці на мерапрыемства і разам з землякамі, гасцямі Ушаччыны адзначыць знакавую дату. Трэба было бачыць, як радаваўся Дзям’ян Уладзіміравіч, атрымліваючы ад Віцебскага абласнога ваеннага камісарыята дастаткова нечаканы прэзент – новенькую ваенную форму. “На наша пытанне, што б хацелі займець да 100-годдзя Узброеных Сіл, Вы смехам сказалі: новенькі мундзір! – уручаючы ветэрану абноўку, сказаў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна А.С.Захараў. – Так, гэта быў жарт. Але ён даў падказку, як можна здзівіць Вас, чалавека, які бачыў многае, прайшоўшы пекла вайны”. Не застаўся ў даўгу перад прысутнымі і сам Д.У.Крупеня – перадаў генштабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адну са сваіх карцін, а ўсіх без выключэння парадаваў бойкай дэкламацыяй верша В.Цёркіна “Аб узнагародзе”.

Ушанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за абарону роднага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, да помніка загінуўшым воінам і партызанам, што ў гарпасёлку, накіравалася ў гэты дзень дэлегацыя раённага Савета дэпутатаў, райвыканкама, раённай ветэранскай арганізацыі і райкама БРСМ. Да падножжа манумента ўскладзены вянок.

Армія – гэта сапраўдная школа жыцця з суровымі буднямі, своеасаблівая крыніца сілы, розуму, мужнасці. А даказаць гэта на ўрачыстасць завіталі ваеннаслужачыя 19 Гвардзейскай асобнай Мікалаеўска-Будапешцкай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені механізаванай брыгады. Паказальныя выступленні разведроты нікога з прысутных не пакінулі раўнадушнымі. “Нічога сабе! Такі захоп нагамі і перакід праціўніка!” – перашэптваліся мужчыны. Прадстаўніцы ж прыгожай паловы ў большасці сваёй назіралі за дзействам моўчкі. Аднак калі на змену сілавым прыёмам прыйшлі ляжанне на бітым шкле, кіданне на аголеныя грудзі нажоў, трыманне ў зубах гіры, адусюль пасыпалася шматгалоснае “Ой, мамачкі”. Самі ж салдаты нічога звышнатуральнага ў такіх занятках не бачаць, для іх – гэта спосаб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. “Да “дзембелю” засталося 85 дзён, ужо напрактыкаваліся”, – усміхаліся тыя.

У выкананні байцоў праслаўленай брыгады спачатку ў фае цэнтра, а потым на сцэне наладжаны паказ сучаснага абмундзіравання вайскоўцаў, іх экіпіроўкі і амуніцыі. Дадалі экспрэсіі мерапрыемству нумары ваеннага аркестру. Здзіўленню прысутных не было межаў: зайздроснае валоданне музычным інструментам, добрыя вакальныя даныя – і ўсё гэта з перастраеннем і нават падтанцоўкай!

…І вось сціхла музыка, заслона апушчана. Але ж разыходзіцца ўшачане не спяшаліся – падыходзілі да вайскоўцаў, цікавіліся сучаснымі ўмовамі службы ў часцях. Яно і не дзіўна: штогод на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя сілы краіны прызываецца каля 40 нашых землякоў. І практычна заўсёды іх бацькам прыходзяць Лісты падзякі за годнае выхаванне сыноў, якія, аддаючы доўг Радзіме, праявілі сябе найлепшым чынам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *