Владимир Тарасевич — наш талантливый земляк, баянист-виртуоз

Год малой родины

Тэматыка аб’яўленага на 2018-ы “Года малой радзімы” вельмі сугучна са слоганам нашай газеты: “Не губляйце свае карані”. Мы ствараем летапіс свайго краю, пішам пра ўсё адметнае і, канечне, пра землякоў, якія адбыліся як прафесіяналы ў самых розных сферах дзейнасці. Гэтаму яны ў многім абавязаны сваёй малой радзіме: бацькам, настаўнікам, сябрам. У гэтай рубрыцы мы будзем расказваць пра людзей, старт у жыцці якім дала Ушаччына.

Прайшоў вечар сустрэчы выпускнікоў. Сёлета ў нашага класа быў юбілей – 35 год пасля заканчэння школы. І калі ва ўсіх працоўнага стажу са стацыянарнай “вышкай” налічваецца ў лепшым выпадку тры дзясяткі гадоў, то ва Уладзіміра Тарасевіча ўжо 34 – яшчэ на трэцім курсе лепшага баяніста Наваполацкага музычнага вучылішча запрасілі акампаніятарам у калектыў “Камарыкі” пры Палацы культуры нафтаперапрацоўчага завода. Ён быў вядомы ў Беларусі і ў пачатку васьмідзясятых, ну а летась узорнаму вакальна-харэаграфічнаму ансамблю прысвоена званне Заслужанага аматарскага калектыву. Увесь гэты час з “Камарыкамі” наш Уладзімір Іванавіч: акампаніятар, аранжыроўшчык, дырыжор, кампазітар.

Адной з першых яшчэ ў пачатковых класах талент хлопца заўважыла Валянціна Сяргееўна Паршанка. Аб тым, што ў сям’і расце артыст, яна паведаміла маці хлопчыка, таксама настаўніцы Ушацкай школы Ядвізе Ігнатаўне Тарасевіч. Калі ўвечары яна дзялілася “навіной” з мужам, малы Валодзя падышоў і абсалютна сур’ёзна сказаў: “Так, я буду артыстам”.

І стаў. Візітоўка калектыву “Камарыкі” – танец “Скокі ў бокі” гучыць на напісаную ім музыку, таксама як і “Вясковая полька”. На самых прэ­стыжных сцэнах выступае ансамбль з “Прыдзвінскімі тупаткамі”, над аранжыроўкай музычнага суправаджэння якіх таксама працаваў У.Тарасевіч. Ну а ў “Польцы-весялусе” з нядаўняга часу нават сам выконвае вакальную і танцавальную партыю. Атрымаўся каларытны вясковы “дзед”, якога не адразу і пазнаеш.

Прызванне і лёс адшукалі яго самі. Дырэктар вучылішча параіў “Камарыкам” менавіта Уладзіміра, паколькі бачыў у справе. “Слых я сапраўды маю абсалютны, хаця гэта нярэдкасць, а хутчэй данасць кожнага другога  музыканта. Падстроіцца і падабраць танальнасць мог пад кожнага – часта бывае, што спявак з адной пераходзіць на другую”, – расказвае Уладзімір пра здольнасці, якімі валодаў яшчэ юнаком. Таксама падчас вучобы ва Ушацкай дзіцячай музычнай школе ў вопытнага выкладчыка Любові Пятроўны Власенкі ён авалодаў добрай бегласцю пальцаў, так што яго загадзя адабраў для сябе сваяк педагога, выкладчык Наваполацкага вучылішча Іван Іванавіч Качан.

Так, вельмі рана стаў “на ногі”, паколькі маці на той час ужо выхоў­вала дваіх дзяцей адна. Гастралявалі шмат, з калектывам аб’ехаў многія рэспублікі і гарады былога Савецкага Саюза, а “Камарыкі” ў той час выступалі пад жывы гук і Уладзіміра Іванавіча хутка прызначылі дырыжорам аркестра. І хоць зараз выступаюць танцоры ў асноўным пад фанаграмы, ён па-ранейшаму запатрабаваны – з жывым гукам праходзяць заняткі з малышамі, а славутыя “Камарыкі” маюць некалькі танцавальных секцый-спадарожнікаў. За гады працы ў харэаграфічным калектыве музыкант навучыўся добра разбірацца і ў танцы, нават дае слушныя парады.

Ён шмат чытае і адкрывае для душы, пры гэтым застаецца гаспадаром, кармільцам мнагадзетнай сям’і, якой яна стала 12 год таму з нараджэннем малодшага Кірыла. Знаёмству з будучай жонкай Уладзімір, дарэчы, таксама абавязаны “Камарыкам”, з якімі гастралявалі ў Мінску на сцэне Опернага тэатра. Здаралася, што танцорам акампаніравалі гаспадары – аркестр імя Жыновіча. У такія вольныя гадзіны Уладзімір назіраў за выступленнямі. Аднойчы забраўся пад самы купал, дзе заставалася ўсяго некалькі месцаў. На суседняе падсела дзяўчына, якую раніцай прыкмеціў у хоры… і праз тры месяцы стварылася сям’я, хаця ў яго была толькі ўстановачная сесія ў Мінскім музычна-педагагічным універсітэце, а Жанна вучылася на першым курсе Інстытута культуры.

У апошні час на У.Тарасевіча ўсклалі яшчэ і абавязкі гукарэжысёра Палаца культуры. Атрымаўшы cтудыю, ён стаў удасканальваць уласныя вакальныя даныя і значна пашырыў рэпертуар. “Падчас суправаджэння вечароў, святаў раней толькі падпяваў, іграў, вёў, – расказвае музыкант. – А зараз, лічу, атрымліваецца і спяваць. Голас у мяне ад маці, Ядвігі Ігнатаўны, яго Гасподзь дараваў і маім дочкам Дашы і Юлі. Спяваюць абедзве, хоць Даша вучыцца ў Акадэміі музыкі па класе опернага вакалу, а Юля – на скрыпічным аддзяленні. А ўдасканальвацца ім дапамагае жонка – спецыяліст па вакале”. Дарэчы, ў хоры царквы, дзе яна з’яўляецца рэгентам, Уладзімір Іванавіч спявае ўжо 20 гадоў. Не проста з задавальненнем праводзіць нядзельную раніцу ў храме, а наогул асэнсавана прыйшоў да веры.

* * *

Зараз сям’я Тарасевічаў жыве ў Наваполацку ў выдзеленым “Нафтанам” доме. У іх ёсць невялікі сад, неблагая лазня, прыхільнікам якой з’яўляецца гаспадар. Рыхтуе напоі з траў, а таксама сакавітае самаробнае віно. Прынамсі, з рэцэптамі ад У.Тарасевіча мы пазнаёмім нашых чытачоў пазней.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *