Один на всю деревню. Не первый год единственным жителем Немирово является Василий Бондал

Год малой родины

Геаграфію рэгіёнаў, з якіх едуць у Белае, можна вывучаць па нумарах машын, адпачыць тут не супраць як працавітыя дачнікі, так і шумныя кампаніі. Тым часам цішыню суседняга Немірова нячаста парушае гул машын ці гаворка людзей. У населеным пункце засталося ўсяго пару хат, а святло ўвечары загараецца толькі ў адной. Ужо не першы год адзіным гаспадаром на ўсю вёску застаецца Васіль Васільевіч Бондал.

Колькі крокаў ад хаты Васіля Васільевіча – і дарога ўпіраецца ў поле, за якім ужо і Лепельскі раён. “Край свету!” – скажаце вы, а 70-гадовы мужчына лепшага месца для жыцця сабе і не ўяўляе. Кожны кавалак зямлі тут ён ведае, як сваіх пяць пальцаў, яно і не дзіўна – усё жыццё прысвяціў рабоце ў мясцовым калгасе “Адважны барацьбіт”. Быў трактарыстам, брыгадзірам, начальнікам участка і галоўным аграномам. І заўсёды імкнуўся не да высокіх пасад ці адзнак, а ў першую чаргу да ўзорнага выканання справы. Сёння беражліва захоўвае свае ўзнагароды, галоўнай з якіх лічыць ордэн Працоўнай Славы трэцяй ступені, граматы і лісты падзякі, пастаянна пераглядае фатаграфіі з раённых злётаў перадавікоў і асобныя нумары “раёнкі”, дзе пісалася пра яго, як стараннага работніка, які падаваў прыклад астатнім. Да працы Васіля з самага дзяцінства прывучылі бацькі, у сям’і было пяцёра дзяцей. Цяпер усе родныя раз’ехаліся па розных кутках краіны, нават маці, з якой Васіль Васільевіч доўгі час жыў у Немірове, падалася да дачкі ў горад.

– Калісьці і ў нашай вёсцы кіпела жыццё, было некалькі дзясяткаў двароў, у кожным з якіх – па вялікай сям’і. Зараз жа многія нават і не ведаюць, дзе такі населены пункт на карце. Адны паміралі, другія пераязджалі, трэціх забіралі дзеці, так і застаўся адзіным гаспадаром. Але ёсць усё ж у мяне суседзі, яны хутка ўжо прыляцяць, – зазначае мужчына, паглядаючы ў акно, і мае на ўвазе не людзей, а… буслоў.

Побач з яго домам слуп з гняздом. Да гэтай птушкі ў В.Бондала асаблівыя адносіны: “Гэта ж сімвал Беларусі, яны верныя і разумныя. Толькі на першы погляд здаюцца ўсе аднолькавымі, я ж сваіх адрозніваю. Так цікава за імі назіраць: як гадуюць сваіх дзяцей, збіраюцца ў вырай, як і людзі, праходзяць праз выпрабаванні лёсу. Гэта ўжо іх трэцяя “кватэра”, – зазначае Васіль Васільевіч.

Двойчы гняздо разбуралася з-за непагадзі. Апошні раз падчас моцнага ўрагану ад яго не засталося і следу, а маленькіх буслікаў, якія яшчэ не ўмелі лятаць, вецер раскідаў па полі. Не мог застацца абыякавым да гэтай сітуацыі В.Бондал і кінуўся збіраць птушанят, якія выжылі. На тым жа месцы зрабіў для іх новае гняздо, каб пара магла іх выгадаваць да адлёту ў вырай. І вось яны вяртаюцца на аблюбаванае месца кожны год, нібы адчуваюць, што іх выратавальнік без іх засумуе. Ведаючы пра такое сяброўства з бусламі, знаёмыя вырашылі падарыць гаспадару на адзін з дзён нараджэння штучнага бусла – у вырай ён не лётае і “жыве” з мужчынам пад адным дахам.

Кожны тыдзень да адзінага жыхара вёскі прыязджаюць аўтамагазін і пошта, з цяжкімі бытавымі справамі дапамагае справіцца сацыяльны работнік. Але знямоглым В.Бондал сябе не адчувае. “Магу сам тое-сёе зрабіць па гаспадарцы і нават яшчэ на веласіпедзе да дзяўчат езджу”, – жартуе мужчына, паказваючы на свой двухколавы транспарт.

Халасцяк па жыцці, які не меў сваёй сям’і і дзяцей, ён ужо прывык да адзіноты. На пытанне, ці не сумна і страшна аднаму жыць у цэлай вёсцы, ён, не задумваючыся, адказвае: “Не, я ж дома, ды і нідзе чалавек не адчувае сябе так камфортна, як на роднай зямлі. Давялося неяк у маладосці некаторы час правесці ў Калінінградзе – памятаю, як хутчэй хацелася вярнуцца дадому!” – прыгадвае мужчына.

Ён любіць пачытаць газеты і кнігі, паглядзець тэлевізар ды і проста выйсці на прагулку па вуліцы. Дзякуючы яму працягваецца жыццё ў Немірове і прылятаюць сюды буслы…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *