Какими конкретными делами будет наполнен на Ушаччине Год малой родины?

Благоустройство Год малой родины

Абвяшчаючы 2018-ты Годам малой радзімы, Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падкрэсліў, што надышоў час кожнаму не толькі прыгадаць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць даніну гэтаму кавалку зямлі. “Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай – хто як можа і хто колькі можа… Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага сыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай”. Па словах кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі падмацоўваюцца канкрэтнымі ўчынкамі. Далучэнне да добрых і карысных для роднага краю спраў дае магчымасць адчуць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, а і маюць да іх асабістае дачыненне.

Пра тое, якімі канкрэтнымі справамі будзе напоўнены на Ушаччыне Год малой радзімы, мы запыталіся ў намесніка старшыні райвыканкама Алены Васільеўны ПАШКОВІЧ.

– Пытанням навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, захавання і прымнажэння культурнай спадчыны ў нашым раёне надаецца вялікая ўвага заўсёды. Сёлета ж ёсць нагода прыкласці максімум намаганняў для таго, каб зрабіць Ушаччыну яшчэ больш ўтульнай і прывабнай.

– Так. І для гэтага райвыканкамам распрацаваны раённы план па рэалізацыі ў 2018 годзе шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы. Аднак мы пайшлі далей традыцыйных планаў. Вырашылі аздобіць год маштабным раённым праектам “Мая радзіма – Ушаччына”, які ўтрымлівае крэатыўныя ідэі і ініцыятывы працоўных калектываў раёна, накіраваныя ў тым ліку на павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў.

– У чым канкрэтна сутнасць праекта і за якія сродкі ён будзе ажыццяўляцца?

– Праект уключае ў сябе шэсць міні-праектаў, прапанаваных рознымі ўстановамі раёна, а таксама два маштабныя творчыя конкурсы. Пра міні-праекты іх ініцыятары лепш раскажуць самі, адзначу толькі, што свае ідэі і планы яны суадносілі са спецыфікай дзейнасці.

Адным з галоўных мерапрыемстваў стане комплекснае добраўпарадкаванне тэрыторый у цэнтры г.п.Ушачы – для гэтага ўжо распрацаваны адпаведныя эскізы. Праводзіцца яно будзе за кошт добраахвотных узносаў работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, жыхароў раёна і ўраджэнцаў Ушаччыны, якія жывуць па-за яе межамі, але неабыякавыя да лёсу малой радзімы. Вядома ж, шмат будзе зроблена і па добраўпарадкаванні нашых вёсак і аграгарадкоў.

На працягу года мы будзем інфармаваць землякоў аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў праекта праз раённую газету, а па яго завяршэнні падвядзём вынікі і ўзнагародзім самых актыўных удзельнікаў.

– Якога ўдзелу ў рэалізацыі праекта “Мая радзіма – Ушаччына” вы чакаеце непасрэдна ад грамадзян?

– Вельмі хочацца ўбачыць ініцыятыву людзей, пачуць іх канкрэтныя прапановы па добраўпарадкаванні і ўпрыгожанні месцаў, дзе яны жывуць за кошт уласных сродкаў. Так, напрыклад, жыхары шматпавярхоўкі могуць сабраць грамадой грошы і зрабіць у сваім двары дзіцячую пляцоўку, устанавіць лавачку ці альтанку, разбіць кветнік, пасадзіць дэкаратыўныя расліны. Райвыканкам у сваю чаргу дапаможа з набыццём матэрыялаў, кветак і хвойнікаў, дастаўкай і ўстаноўкай малых архітэктурных форм. Хочацца, каб у Год малой радзімы мы пакінулі на роднай зямлі канкрэтны добры след, каб праз колькі часу, гуляючы па вуліцы з унукамі, маглі сказаць ім: вось тое дрэва пасадзіў я, а на гэтую скульптуру мы разам з калегамі сабралі грошы…

Міні-праект: “Землякі, адгукніцеся!”

Н.П.БУГАЙ, дырэктар Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка:

– Скласці адзіную інфармацыйную базу пра нашых знакамітых землякоў, у тым ліку ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, усталяваць кантакты з імі або іх сем’ямі, наладзіць узаемадзеянне для сумеснай работы па ўвекавечанні памяці герояў і патрыятычным выхаванні моладзі, папоўніць экспазіцыю музея – такія і іншыя мэты ставяць перад сабой работнікі нашай установы для таго, каб рэалізаваць міні-праект “Землякі, адгукніцеся!”. Пры гэтым мы мяркуем не толькі наладзіць стасункі з ураджэнцамі Ушаччыны і іх роднымі, а і прыцягнуць іх да канкрэтных мерапрыемстваў, а таксама да фінансавання рэалізацыі праекта “Мая радзіма – Ушаччына”.

Міні-праект: “Мае землякі – мой гонар”

Н.М.КАВАЛЕНКА, дырэктар Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:

– Асноўныя мэты міні-праекта, які рэалізуе Ушацкая ЦБС, увекавечанне памяці і папулярызацыя творчасці знакамітых людзей, якімі так багата Ушаччына. Арцём Вярыга-Дарэўскі, Фелікс Тапчэўскі, Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось, іншыя літаратары і дзеячы культуры праславілі нашу зямлю, мы ж у сваю чаргу павінны захаваць для нашчадкаў іх імёны і творчую спадчыну. А таму галоўным мерапрыемствам падпраграмы з’яўляецца стварэнне алеі славы, прысвечанай знакамітым ураджэнцам раёна, якая ўпрыгожыць цэнтр гарпасёлка. Будзе ўвекавечана памяць ушацкай паэтэсы Еўдакіі Лось, імя якой носіць цэнтральная раённая бібліятэка –на будынку нашай установы з’явіцца мемарыяльная дошка, а на яе малой радзіме ў вёсцы Старына – новы памятны знак, добраўпарадкуем месца, дзе знаходзіўся дом паэтэсы. Даніну павагі плануем аддаць і аднаму з першых беларускіх паэтаў-гумарыстаў Феліксу Тапчэўскаму: у аграгарадку Глыбачка, у склад якога зараз уваходзіць яго родная вёска Рукшаніцы, з’явіцца інфармацыйная дошка, будзе прыведзена ў парадак месца пахавання паэта.

Паколькі міні-праект прадугледжвае немалыя грашовыя ўкладанні, на яго фінансаванне будуць накіраваны сродкі грамадскіх арганізацый, а таксама грошы, якія збяруць работнікі і чытачы ЦБС, родныя знакамітых людзей.

У мэтах папулярызацыі творчасці нашых славутых землякоў, а таксама мясцовых паэтаў і пісьменнікаў запланаваны кніжныя выставы, творчыя вечарыны, раённыя святы “Літаратурны партрэт Ушаччыны” і “Велічнасць слова славянскага”, шэраг іншых мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ва ўсіх бібліятэках раёна.

Міні-праект: “Мая радзіма – ушацкі край”

С.В.ПАРАШКІН, дырэктар Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў:

– Галоўная мэта міні-праекта, які рэалізуе наша ўстанова на працягу года, – выхаваць у юных жыхароў раёна пачуццё гонару за сваю малую радзіму. А дасягаецца яна праз правядзенне шэрагу адмысловых мерапрыемстваў. Гэта тэматычныя канцэрты, музычныя вечарыны і гасцёўні, віртуальныя падарожжы, выстава дзіцячых работ “Мой родны край” і конкурс малюнкаў “Мая вуліца. Мой горад. Мая малая радзіма”. Удзельнікамі міні-праекта з’яўляюцца работнікі школы мастацтваў, яе навучэнцы і іх бацькі.

Міні-праект: “Маё сяло – мой клопат”

Н.М.МАРКОВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– У Год малой радзімы работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі будзе весціся яшчэ больш актыўна. Узначаляць яе дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, старэйшыны сельскіх населеных пунктаў, а ўдзел у рэалізацыі міні-праекта прымуць не толькі жыхары вёсак і аграгарадкоў, а і ўраджэнцы раёна, якія зараз жывуць за яго межамі, дачнікі, што прыязджаюць у вёскі на летні сезон. Мяркуем, што ў выніку рэалізацыі праекта на тэрыторыі кожнага сельсавета з’явяцца новыя элементы добраўпарадкавання – кветнікі і алеі, малыя архітэктурныя формы, дэкаратыўныя агароджы, калодзежы і шмат чаго іншага. Работнікі сельвыканкамаў, жыхары сельскіх населеных пунктаў маюць шэраг крэатыўных ідэй, якія пастараюцца ўвасобіць у жыццё.

Няма сумненняў, што ў Год малой радзімы аграгарадкі і вёскі Ушаччыны набудуць новае аблічча, парадуюць сваім выглядам карэнных жыхароў і гасцей раёна.

Міні-праект: “Дарогай добрых спраў”

Л.В.ДАВЫДАВА, дырэктар Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі:

– Удзел у раённым праекце нашых работнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў будзе даволі маштабным і пройдзе па чатырох накірунках, кожнаму з якіх мы далі асобную назву. “Дарогай добрых спраў” – гэта добраўпарадкаванне двара нашага цэнтра, уборка тэрыторый у вёсцы Турасполле, ля былой Слабадской школы. “Зробім Ушачы чысцей і багацей” – акцыі па ўборцы тэрыторыі ля помніка загінуўшым воінам і партызанам, гарадскога сквера, парка школы і іншых месцаў гарпасёлка. “Ствараем прыгажосць сваімі рукамі” – творчы напрамак, у рамках якога мы падрыхтуем выставы работ навучэнцаў і педагогаў, правядзём пленэр “Малюем малую радзіму” і акцыю “Стужка сяброўства”. “Пакінуць след на зямлі” – яшчэ адзін пункт плана, згодна з якім мы пасадзім кусты і дрэвы, вырабім і ўстановім на тэрыторыі Ушацкай школы арт-аб’ект “Сімвал установы”.

Таксама наш цэнтр правядзе раённы конкурс “Ушаччына – часцінка майго жыцця”, у якім прымуць удзел навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна. Пройдзе ён у шасці намінацыях, у якіх удзельнікі прадставяць свае літаратурныя творы пра малую радзіму, відэаматэрыялы па гістарычных сюжэтах і відэапрэзентацыі пра славутых землякоў, фотаздымкі прыроды, славутасцяў роднага краю і яго працаўнікоў, навукова-даследчыя працы, работы, прысвечаныя старажытным і сучасным мясцовым абрадам і святам. Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы, а іх работы паспрыяюць захаванню культурна-гістарычнай спадчыны Ушаччыны.

Міні-праект: “Алея талентаў”

М.П.МАКРЫДЗІНА, дырэктар Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– У рамках рэалізацыі нашага міні-праекта прадстаўнікі сельскіх устаноў культуры будуць праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, весці работу па добраўпарадкаванні прыклубных тэрыторый – спадзяёмся, што ў выніку яны стануць сапраўдным упрыгожаннем вёсак і аграгарадкоў. Работнікі Дома рамёстваў зробяць яшчэ больш цікавай і эстэтычнай пляцоўку ля сваёй установы, а таксама правядуць раённую выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мая малая Радзіма”, у якім прымуць удзел майстры і аматары розных відаў народнага мастацтва. Пераможцы атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі, а лепшыя работы стануць экспанатамі музея Дома рамёстваў. Таксама мы плануем, што рэалізацыя нашага міні-праекта дазволіць зрабіць тэрыторыю ля Цэнтра культуры і народнай творчасці адным з самых прывабных месцаў гарпасёлка. Паспрыяе гэтаму ўстаноўка ля будынка дэкаратыўнай кампазіцыі з металічных фігур. Пакуль мы калектывам цэнтра вырашаем, што гэта будуць за выявы, аднак увасобяць яны тэму творчасці і мастацтва. Для фінансавання прыгаданых мерапрыемстваў мяркуем выкарыстаць уласныя ахвяраванні работнікаў клубных устаноў і іншыя крыніцы.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *