Бригады Ушачской ПМК-66 трудятся на очередной новостройке – комфортном общежитии для спортсменов

Благоустройство Общество

Выгляд будаўнічай пляцоўкі, на якой кіпіць работа, заўсёды настройвае на пазітыўны лад: міжволі ўяўляеш, як праз колькі часу шчаслівыя людзі будуць абжываць новыя кватэры, радавацца сучасным вытворчым карпусам і сацыяльным аб’ектам. Сапраўды, цяжка знайсці дзейнасць, плён якой настолькі рэчаісны – у тым ліку і за гэта любяць сваю справу будаўнікі, а мы шчыра паважаем прадстаўнікоў дастойнай прафесіі.

А.Змітрачэнка, М.Клім, М.Маккавееў, А.Манецкі, К.Глінскі.

Зараз абедзве брыгады Ушацкай ПМК-66 занятыя на чарговай новабудоўлі, якая нядаўна разгарнулася ля спарткомплексу, – камфортны інтэрнат для спартсменаў (падрабязней пра тое, якім ён будзе, раскажам у наступных нумарах) аздобіць малады мікрараён і дазволіць куды больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці нашай спартыўнай жамчужыны. Ну а ўшацкіх будаўнікоў гэты аб’ект забяспечыць фронтам работ аж на год – яны будуць актыўна дапамагаць генпадрадчыкам з Шумілінскай ПМК-70 і ва ўзвядзенні сцен, і ў аддзелцы.

Там ужо распрацавалі катлаван, а цяпер вядзецца закладка фундамента. “Паколькі мясцовасць тут балоцістая, спатрэбіліся палі (сваи) – забівалі іх майстры з наваполацкага трэста, дзе маецца спецыяльная машына (такой тэхнікі ў Беларусі толькі некалькі адзінак), ну а мы ўсталявалі зверху маналітны жалезабетонны ростверк, каб раўнамерна размяркоўвалася нагрузка, а зараз муруем фундаментныя блокі”, – коратка ўвёў нас у курс спраў дырэктар ушацкага будаўнічага прадпрыемства Мікалай Паўлавіч Грыневіч. Малады кіраўнік пры магчымасці заўсёды асабіста кантралюе работу. Мы ж, спрабуючы не надта замінаць, звялі стасункі з асобнымі ўдзельнікамі вытворчага працэсу.

Як думаеце, хто галоўны на будоўлі? Прараб? Ды не… Кранаўшчык! Без яго ўсё застопарыцца. Таму на працяглую размову з Паўлам Бураком разлічваць не даводзілася. Працоўны стаж выпускнік Ушацкай школы пачынаў калісьці вадзіцелем у “Сельгасхіміі”, пазней вывучыўся на кранаўшчыка і ўжо больш 15 год заняты на гэтым працэсе ў будаўнічай арганізацыі. “У нашай справе трэба заўсёды быць на вышыні – ва ўсіх сэнсах. Нязручна ўсталяваў машыну, дапусціў перагруз – і можна лёгка стаць “на дыбы”, – жартуе ён. Пры мінімальным выкідзе стралы на гэтым кране магчыма ўзняць да 25 тон, а пры максімальным (ён складае 28 метраў) і пры маленькім вугле пад’ёму – усяго 700 кілаграмаў. Зрэшты, сачыць за суадносінамі ўсіх параметраў дапамагае камп’ютар, а ўпраўляцца з джойсцікам за гады работы Павел налаўчыўся не горш за аматараў віртуальных гульняў. Тым часам хлопцы зачапілі за крук чарговы блок – і кранаўшчык засяродзіўся на сваіх маніпуляцыях.

Затое на пляцоўку прыбыў з грунтам самазвал Аляксандра Ільіча Лаюшкі. “Калі што не паспелі ў Пашы высветліць, дык магу яго расказ дапоўніць: гэта ж я ў 2007-м яму кран перадаў, а раней сам на ім 20 год шчыраваў!” – усміхаецца камунікабельны вадзіцель. Ураджэнец Бутава пасля заканчэння Мосарскай школы і армейскай службы паспрабаваў сябе ў лясной гаспадарцы і меліярацыі, а ў 94-м прыйшоў у ПМК-66, дзе і застаўся. За тры дзясяткі год да безлічы ўшацкіх аб’ектаў руку прыклаў, ды і ў іншых мясцінах “будаўнічы” след пакінуў – Верхнядзвінск, Расоны, Лепель, Міёры – усе і не прыгадаеш. “Кран, канечне, важная машына, але калі мы матэрыялы не падвязём, дык і ніякай будоўлі не будзе!” – хітравата ўсміхаецца Аляксандр Ільіч.

І калі ветэран перавозіць сыпучыя грузы, то яго маладзейшы калега Алег Кіслоў на МАЗе з паўпрычэпам дастаўляе на будоўлю штучныя – цэглу, жалезабетонныя вырабы, цэмент і іншыя. Хоць стаж у яго не такі значны, але аўтарытэт ужо вялікі – паспрыяла гэтаму выключная працавітасць і адказнасць: калі трэба для справы, вадзіцель гатовы выехаць у рэйс а шостай гадзіне раніцы і вярнуцца апоўначы. А яшчэ на ролю “незаменнага” на будпляцоўцы можа дакладна прэтэндаваць рабацяга-амкадор, якім віртуозна кіруе Мікалай Мікалаевіч Грыневіч – без гэтага каларытнага жвавага мужчыны калектыў ПМК-66 проста не ўявіць!

Але вернемся ўсё ж да “прараба”, ці ў нашым выпадку – брыгадзіра: як ні круці, а яго ролю не прыменшыш. З пачатку гэтага года брыгаду муляраў узначаліў Мікалай Маккавееў. Сваё рашэнне даверыць пасаду не надта вопытнаму работніку дырэктар тлумачыць так: “Старанны, талковы, у чарцяжах добра разбіраецца, ды і з людзьмі ўмее ладзіць”.

“Шчыра кажучы, у гэту галіну мяне прывёў выпадак, – дзеліцца з намі Мікалай. – Скончыўшы ў 2010-м Ушацкую школу, сабраўся паступаць у Лепельскі ліцэй на лесніка, але групу там не набралі, і давялося выбіраць паміж поварам і мулярам. Калі ж размеркаваўся ў наша ПМК, адразу трапіў на сур’ёзны аб’ект – спарткомплекс, у калектыве прынялі добра, да любога можна было звярнуцца за парадай, многаму навучылі мяне Васіль Уладзіміравіч Шарыпа, Аляксандр Станіслававіч Манецкі. Разумею, што мне аказалі высокі давер і, канечне, пастараюся не падвесці калег”.

“Можа вы мне скажаце, хто галоўны на будоўлі?” – вырашылі мы азадачыць шумілінцаў, што працавалі на другім баку катлавана. “Ну, фармальна – дырэктар! – усміхнуўся вопытны брыгадзір Валерый Раманавіч Чарвянкоў. – Дарэчы, лічу, што нам з кіраўнікамі пашанцавала: дзякуючы нашаму Аляксею Юр’евічу Крыўко захавана Шумілінскае ПМК-70, тады як многія ўжо ліквідаваны. Ды і ваш Мікалай Паўлавіч мне падабаецца: няпростае на ўшацкім прадпрыемстве становішча, але ён стараецца знайсці аб’екты, правільна арганізаваць работу – бачна, што душой хварэе за справу. Ды і хлопцы вашы добрыя – мы з імі ўжо не першы год побач працуем. І я вам так скажу: няма на будпляцоўцы “негалоўных” – у нас здаўна талакой будавалі, ды і зараз гэтак жа – добры дом атрымаецца, толькі калі кожны сваю “цаглінку” дакладна пакладзе!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *