Визажист-стилист Александра Коршун делает ушачанок красивыми

Экономика и малый бизнес

Кажуць, выберы справу па душы – і табе не давядзецца працаваць ні дня, паколькі будзе гэта не работа, а вялікае задавальненне. Менавіта так і атрымалася ў жыцці Аляксандры Коршун (Пальвінскай), візажыста-стыліста салона “Сілуэт”, што ў гарпасёлку. Вось ужо на працягу года яна дапамагае сваім кліенткам ствараць непаўторны вобраз і падкрэсліваць вартасці, якія ёсць у кожнай жанчыны.

Свае першыя “ўрокі” па макіяжы Саша праходзіла яшчэ ў трохгадовым узросце. Тайна прыхапіўшы ў старэйшых сясцёр касметыку і ўтульна размясціўшыся пад сталом, каб застацца незаўважанай, з захапленнем наводзіла сабе “прыгажосць”, размазваючы памаду і туш па шчоках. За, мякка кажучы, арыгінальны вобраз, дзяўчынка тады атрымлівала наганяй. А цяпер сёстры Аляксандры нярэдка просяць парад ва ўжо вопытнага візажыста і часам садзяцца ў крэсла да яе на макіяж.

Між тым, што любімы занятак некалі стане прафесіяй, гераіня нашага аповеду не думала. Вучаніца Ушацкай школы і Полацкай гімназіі для адораных і таленавітых дзяцей неаднаразова прымала ўдзел у прадметных алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах, паказваючы даволі высокія вынікі. Калі ж прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, Аляксандра аддала перавагу юрыспрудэнцыі, стаўшы студэнткай Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Ну а падчас навучання на другім курсе, як кажуць, для душы прайшла першыя ў сваёй біяграфіі курсы па візажы.

– Рабіць макіяж па ўласным бачанні, выпрабоўваць касметыку на сабе ці сяброўках – гэта адно. А вось чуць рэкамендацыі вопытных спецыялістаў – іншае, – разважае А.Коршун. – Мне было цікава спасцігаць штосьці новае, ісці ў нагу з часам і мець у жыццёвым багажы патрэбныя любой жанчыне, якая клапоціцца пра сваю знешнасць, навыкі.

Пазней, каб быць бліжэй да сваёй другой палавінкі, Аляксандра перавялася на завочнае аддзяленне і вярнулася на Ушаччыну. Тут выйшла замуж і працаўладкавалася ў філіял ААТ “ААБ “Беларусбанк” – была сакратаром, работнікам крэдытнага аддзела. Ну а калі трэба было выходзіць з другога дэкрэтнага адпачынку, А.Коршун усур’ёз задумалася: а можа, паспрабаваць сябе ў нечым іншым – больш блізкім для душы?! Такое жаданне Сашы, якое ішло ўразрэз з меркаваннем многіх яе блізкіх, падтрымаў муж. Ну а каб канчаткова расставіць для сябе ўсе кропкі над “і”, са сваімі творчымі ідэямі дзяўчына прыйшла да Ірыны Гракавай у салон “Сілуэт”, які на той момант размяшчаўся ў невялікім памяшканні побач з трэнажорнай залай у доме па вуліцы Ленінскай. Індывідуальнай прадпрымальніцы задумы Сашы спадабаліся, тым больш што ў бліжэйшых планах салона якраз было пашырэнне аказваемых ушачанам паслуг.

Атрымаўшы “зялёная святло” на галоўнае сваё пытанне, А.Коршун не сядзела склаўшы рукі ў чаканні новай работы – каб стаць спецыялістам больш шырокага профілю, прайшла курсы прычосак у Полацку і Віцебску (дарэчы, мама дзяўчыны – Вольга Уладзіміраўна Пальвінская – таксама была цырульнікам). І год таму з адкрыццём салона “Сілуэт” у будынку былога ваенкамата аказвае паслугі прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва ў якасці візажыста-стыліста.

– Кліенткі бываюць розныя, і запыты ў кожнай – свае, – расказвае А.Коршун. – Хтосьці заходзіць выключна для таго, каб на некалькі дзён “надзейную” прычоску навесці, касу заплесці – у іх ліку найперш адпачываючыя ў санаторыі “Лясныя азёры”. І ўсё ж часцей трапляюць да мяне людзі перад знакавымі падзеямі ў жыцці: вяселлем ці, скажам, юбілеем. У такім разе просяць зрабіць адразу “поўны камплект”: і прычоску, і макіяж. Зрэшты, нявесты – мой любімы кантынгент. У рабоце з імі не толькі імкнуся зрабіць усё на вышэйшым узроўні, але і праз гутарку настроіць на лёгкасць, зняць напружанне, супакоіць.

Улічвае Аляксандра і іншыя патрэбы кліентак. Хоць і працуе афіцыйна з 8.00 да 17.00, у выпадку чаго выходзіць і ў 7, і 6 гадзін раніцы, затрымліваецца на рабочым месцы. Блізкія з разуменнем адносяцца да такога графіку Сашы, паколькі вечарам бачаць яе хоць і стомленую, але надзвычай задаволеную.

Імкненне да дасканаласці – у крыві А.Коршун. Каб быць “у трэндзе”, не так даўно прайшла курсы па бровах і адпаведнае павышэнне кваліфікацыі. Жадаючых зрабіць іх мадэліраванне, у тым ліку актуальным зараз трыдзінгам (карэкцыя ніткай) на Ушаччыне нямала. Не губляе сваёй папулярнасці і нарошчванне веек з рознымі эфектамі: простымі “падфарбаванымі”, а таксама 3D, 5D і інш., чым таксама займаецца Саша. Прымала запатрабаваны спецыяліст удзел і ў майстар-класе па вясельным макіяжы, а мінулым летам ездзіла на “Міс Віва-Браслаў”, дзе ў складзе каманды аднадумцаў рыхтавала канкурсантак да паказу.

У вольны ад работы час Аляксандра таксама творыць: са знаёмымі дзяўчатамі арганізуе фотасесіі – са спецыяльнымі касцюмамі, самаробнай атрыбутыкай, фотазонамі. Так, напрыклад, гэтай зімой запрасіла да сябе Машу Прашковіч, здымкі якой аказаліся ў многім знакавымі: ужо праз два месяцы дзяўчына стала фіналісткай ХІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2018”.

Планаў у А.Коршун на будучыню хоць адбаўляй! Мода хутка мяняецца – трэба за ёй паспяваць. І з гэтым, дзякуючы крэатыўнасці, любові да абранай справы і пастаяннаму вывучэнню новых тэхналогій, Аляксандра паспяхова спраўляецца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *