Семья Федосенко стала лучшем на областном фестивале «Папа, мама, я — футбольная семья!»

Cпорт Всё начинается с семьи

Амаль сто сямей з усіх рэгіёнаў Пры­дзвіння прынялі ўдзел у рэгіянальным этапе рэспубліканскага фестывалю “Папа, мама, я – футбольная сям’я!” Праходзіла свята ў мінулыя выхадныя на цэнтральным спартыўным комплексе “Віцебск”, а лепшымі сталі ўшачане – Раман, Святлана, Мікіта і Каця Фядосенкі!

На фестывалі, які па ініцыятыве Беларускай Федэрацыі футбола праводзіўся другі раз, сям’я спрабавала свае сілы і летась. Тады прызавыя месцы ў сваіх катэгорыях занялі дзеці і ад мерапрыемства засталіся самыя добрыя ўражанні. Таму вырашылі падаць заяўку і сёлета. Цікава, што ініцыятарам гэтага стаў не Раман Мікалаевіч – трэнер па футболе нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, а яго жонка Святлана Мікалаеўна, якая там жа займаецца з дзецьмі дзюдо.

Спаборніцтвы праходзілі ў выглядзе мінітурніраў сярод бацькоў і дзяцей у чатырох узроставых групах. Кожны член сям’і ў залежнасці ад занятага месца ўносіў свой уклад у агульную скарбонку. Адпаведна, чым большая сям’я – тым больш шанцаў было на перамогу. Упэўнена трымаўся на футбольным полі Раман, які падчас гульняў забіў тры галы. Сярод жанчын многія першы раз выходзілі ў якасці ігракоў, а вось наша Святлана добра ведала справу і нават згадзілася заняць адказную пазіцыю варатара. Спаўна праявіў свой футбольны талент Мікіта, які займаецца пад кіраўніцтвам бацькі, – хлопец забіў ў вароты сапернікаў ажно 8 галоў! Не падвяла сямейную каманду і Каця. І старшыя, і малодшыя Фядосенкі паспявалі не толькі гуляць, а і хварэць адзін за аднаго. У выніку дзеці занялі першыя месцы ў сваіх узроставых катэгорыях, а бацькі – трэція.

– Да апошняга было невядома, хто набраў большую колькасць ачкоў. Шчыра кажучы, не спадзяваліся стаць абсалютнымі пераможцамі. Таму, пачуўшы сваё прозвішча, былі вельмі ўзрушаны, а дзеці ледзь не плакалі ад радасці! – прыгадвае прыемныя моманты  ўзнагароджання Святлана.

Лепшая футбольная сям’я Віцебскай вобласці атрымала майкі з сімволікай Беларускай федэрацыі футбола, мяч, кубак і пуцёўку ў сталіцу для ўдзелу ў фінале фестывалю, які запланаваны на канец лета. Да яго Фядосенкі ўжо распрацавалі грунтоўны план трэніровак, каб дастойна прадставіць Ушаччыну і Віцебшчыну на рэспубліканскім узроўні. Жадаем ім поспехаў!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *