Жатва-2018: в ОАО «Ильюшинский» убрано уже более половины площадей

Сельское хозяйство

З кожным днём на землях ААТ “Ільюшынскі” ўсё менш застаецца палёў, дзе шамацяць жоўтыя каласкі, і ўсё больш саломы не на карані, а ў рулонах. Гаспадарка, якой трэба ўбраць без малага паўтары тысячы гектараў, ужо перасягнула экватар жніва – на ўчарашні дзень тут было ўбрана больш за 60 працэнтаў плошчаў і намалочана амаль 2200 тон зерня.

Ільюшынцы аднымі з першых у раёне прыступілі да ўборачнай. Сёлета на палі сельгаспрадпрыемства выйшлі 6 камбайнаў. Добрая падрыхтоўка тэхнікі, арганізацыя работы, настрой працаўнікоў і сухое надвор’е дазволілі з першага дня набраць сур’ёзны тэмп. Як правіла, камбайны раз­дзелены на дзве каманды, на адных палетках працуюць тры больш магутныя КЗС-1218, асобна збіраюць ураджай “дзясяткі” – КЗС-10К. Такі падзел тлумачыцца найперш зручнасцю – на невялікіх участках шэсць камбайнаў заміналі б адзін аднаму. Гэтымі ж днямі ўсе яны працавалі непадалёк адзін ад аднаго на старасельскіх землях.

– Няма часу для фотасесій! Трэба працаваць, а то хмара рухаецца ў наш бок – добра было б паспець да дажджу скончыць гэтае поле! – зазначае Уладзімір Урбан, на пару хвілін спыніўшы свой камбайн.

Ён самы малады сярод камбайнераў, але не менш адказны за “аксакалаў” уборачнай. Да таго ж і спраўляецца без памочніка, бо за некалькі сезонаў ужо напрацаваў вопыт – з пачатку жніва быў у лідарах як у гаспадарцы, так і раёне. Як сцвярджаюць самі працаўнікі, спаборніцтва ў многім залежыць не толькі ад старання механізатара, а і ад шанцавання. Так, у суботу Уладзіміру прыйшлося пэўны час прастойваць – рамонт кола камбайна – справа не адной хвіліны.

Нельга ўявіць ніводны сельскагаспадарчы цыкл года ў “Ільюшынскім” без нязменнага перадавіка Уладзіміра Лёлі. Сёлетні для “Чалавека года Віцебшчыны” юбілейны – тры дзясяткі гадоў у гаспадарцы.

Не займаць вопыту і Анатолю Спірыдзёнку, якому неаднаразова даводзілася трапляць у лік “тысячнікаў”. “Толькі ўвайшоў, як кажуць, “у смак”, а ўжо і больш паловы ўбрана, – усміхаецца камбайнер, зазначаючы, што ў гэтым годзе тысячны рубеж яму не адолець. Тым не менш, Анатоль Дзмітрыевіч зноў у перадавіках, з цікавасцю праглядае кожны выпуск газеты: сочыць за паказчыкамі калег з іншых гаспадарак, якіх ён, дарэчы, выдатна ведае, як і вынікі мінулых гадоў.

На суседнім полі ля Вацлавова дружна шчыравалі трое леташніх перадавікоў на КЗС-10К: Мікалай Казачонак, які ў апошнія гады выступае ў якасці сезоннага шэфа, Мікалай Ступко і Анатоль Усовік. Для апошняга механізатара, прадстаўніка раённай Дошкі гонару па выніках мінулага года, сёлетняе жніво – трыццаць трэцяе. “Памятаю, як пачынаў працаваць у калгасе імя Дуброўскага на “Ніве”, шмат гадоў убіраў ураджай на “Доне-1500”. Цяпер ужо каторы сезон на гэтым камбайне, які практычна не падводзіць. Калі працую на родных палетках паблізу Вацлавова і Старога Сяла, і настрой асаблівы”, – расказвае Анатоль Віктаравіч.

Дарэчы, з адвозкай гаспадарка спраўляецца практычна самастойна: толькі адзін МАЗ з ПМК-66 камандзіраваны ёй на дапамогу. І калі б не аддаленыя ўчасткі, то, хапіла, пэўна, і ўласных рэзерваў. Другі сезон задзейнічаны на жніве вадзіцель Ігар Кароткі. Леташні яго дэбют быў удалым і хлопец стаў абсалютным пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, гэтак жа старанна працуе і сёлета.

З палёў збожжа паступае на зернесушыльны комплекс у Ільюшыне, які працуе ў дзве змены, каб закласці насенне ў сховішчы, а таксама пачысціць і пасушыць зерне, якое ідзе на дзяржзаказ.

– Наш “каравай” не будзе самым рэкордным – свае карэктывы ўнесла надвор’е, хоць былі гады, калі мы намалочвалі 5-7 тысяч тон зерня і практычна ўсе камбайнеры выходзілі “тысячнікамі”. Сёлета, канечне, не дацягнем да гэтых лічбаў, сярэдняя ўраджайнасць складае 24,8 цэнтнера з гектара. Найбольш парадавала азімая пшаніца. Стараемся не губляць часу і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны, – расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства С.А.Халімоненка.

Галоўнымі героямі жніва з’яўляюцца камбайнеры і вадзіцелі, аднак перыяд уборачнай напружаны і для астатніх працаўнікоў гаспадаркі: на зернесушылцы пастаянна дзяжураць спецыялісты, эканоміць дарагі час хлебаробаў спецыяльная рамонтная брыгада, якая адпраўляецца на поле ў выпадку паломак, прама на палеткі падвозіць паліва бензавоз. І яшчэ без адной службы не абыходзіцца ніводнае жніво: повары мясцовай сталовай гатуюць такія смачныя абеды, што задавольваюць самыя розныя густы – удзячнасць ім выказвалі ўсе камбайнеры.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *