Александр Солодуха презентует ушачанам свою программу «Мы будем вместе». Накануне концерта «Патрыёт» взял интервью у самого известного белорусского артиста

Общество

13 верасня на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сваю новую канцэртную праграму прэзентуе заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха. Напярэдадні гэтай падзеі мы патэлефанавалі зорцы айчыннай эстрады, каб задаць некалькі пытанняў. Трэба сказаць, што нягледзячы на занятасць Аляксандр Антонавіч заўсёды ахвотна ідзе на кантакт з рэгіянальнай прэсай, і ўвогуле ён не толькі яркі на сцэне, а і прыемны ў зносінах чалавек.

“Мы будзем разам” – называецца Ваша новая праграма. І ўшацкія аматары эстрады рады магчымасці зноў быць разам з Вамі. Што мы ўбачым і пачуем на канцэрце?

– Гэта будзе прэзентацыя майго новага, 11-га па ліку сольнага альбома, работа над якім вялася з 2016 года, а запіс ажыццяўляўся ў Маскве. Такім чынам, у першым аддзяленні канцэрта я вынесу на суд ушацкіх гледачоў 10 новых кампазіцый, ну а ў другім з задавальненнем спяю самыя папулярныя хіты. І, канечне, свае новыя песні пакажа гледачам група “Элемент”, якую складаюць мае сыны – Саша і Антон. Хлопцы 11-ты год суправаджаюць мяне ў гастрольных турах. Сёлета, дарэчы, мы ўжо наведалі 55 гарадоў Беларусі.

– Вы былі на Ушаччыне тры з паловай года таму. Раскажыце, калі ласка, чым стаў асабліва адметны той час, пакуль мы не бачыліся?

– Падзей было шмат. З асабістых – напрыклад, тое, што летась у першы, а днямі ўжо ў другі клас пайшла мая дачушка Вара. Але ж, напэўна, самай знакавай можна назваць прысваенне мне звання Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага эстраднага мастацтва. Указ аб гэтым Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў 10 студзеня 2018 года, а праз два дні павіншаваў мяне на адмысловай урачыстасці.

Мы бачылі цырымонію па тэлебачанні і таксама далучаемся да віншаванняў. А, калі не сакрэт, што сказаў кіраўнік дзяржавы, паціскаючы Вам руку?

– “Віншую, маладзец!” Канечне, гэта быў надзвычай хвалюючы і ўзнёслы момант, я вельмі рады, што мая дзейнасць атрымала такую высокую дзяржаўную адзнаку. Я выходжу на сцэну ўжо на працягу 31 года. За гэты час было дадзена больш 1000 касавых канцэртаў, у тым ліку на галоўнай пляцоўцы краіны – у “Мінск-Арэне”, тройчы – у віцебскім амфітэатры. Ну а на 2 лістапада гэтага года запланаваны мой сольны канцэрт у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы ў Маскве. Мяркую запрасіць да ўдзелу ў ім сваіх сяброў, артыстаў беларускага паходжання Руслана Аляхно, Дзі­дзюлю і іншых. Спадзяюся, што парадую маскоўскіх гледачоў яркім шоу. У наступным жа годзе планую адправіцца ў юбілейны тур пад красамоўнай назвай: “Аляксандр Саладуха 6:0”.

– За гэты час Вамі спета не адна сотня кампазіцый, многія з якіх сталі народнымі хітамі. А ці ёсць у Вашым рэпертуары самая любімая песня?

– Складана адказаць на гэта пытанне, бо для мяне любімыя літаральна ўсе мае творы. Што датычыцца менавіта гэтай праграмы, то, напэўна, вылучу хіт, які даў ёй назву. Песню “Мы будзем разам” тры гады таму падарыла мне вядомая ўкраінская спявачка і кампазітар Ірына Білык. Гэты шлягер настолькі палюбіўся слухачам, што выконваю яго на кожным канцэрце.

Дарэчы, пра слухачоў. Звычайна ў знакамітых спевакоў ёсць асабліва адданыя паклоннікі, якія пастаянна ходзяць на канцэрты, каравуляць ля грымёркі, задорваюць кветкамі. Ці ёсць падобныя “фанаты” ў Аляксандра Саладухі?

– А як жа без іх! Магу нават назваць сваю самую заўзятую паклонніцу: у 1996 годзе на канцэрце ў Рэчыцы мы пазнаёміліся з Вольгай Іванаўнай Буцкой. З таго часу кожны раз, калі прыязджаем у горад, жанчына скупляе ўсе білеты ў першы і другі рад, запрашае на наша выступленне родных і знаёмых, прыносіць ахапкі кветак. Мы моцна пасябравалі і нават сёлета ездзілі на яе юбілей.

А ці змогуць разлічваць на Вашу персанальную ўвагу ўшацкія аматары?

– Вядома ж, пасля канцэрта кожны, хто пажадае, зможа атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца, а таксама набыць кампакт-дыскі. Увогуле хачу сказаць, што заўсёды прыязджаю ў ваш пасёлак з вялікім задавальненнем, бо ўшацкая публіка вельмі цёплая і ўдзячная.

Дзякуй Вам за творчасць і за прыемныя словы!

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *