Как неравнодушные ушачане помогли начать новую жизнь семье, у которой сгорел дом

Общество

Маленькі Яраслаў адкінуў убок свае цацкі і з цікавасцю прыняўся разглядаць нас. Дзевяцімесячны малыш за апошні ўжо прывык да ўвагі незнаёмых людзей, але, канечне, ён не разумее, чаму цяпер вакол іншыя сцены, адкуль узяліся новыя цацкі і чаму так перажывае мама…

Бяду мнагадзетнай сям’і Алексяёнак-Магерка са Старога Сяла, у якіх у пачатку студзеня згарэў дом, ушачане ўспрынялі блізка да сэрца. Многія нашы чытачы прасілі расказаць, як сям’я спраўляецца з нялёгкімі жыццёвымі абставінамі, таму днямі мы завіталі ў дом, які стаў іх новым жыллём.

Адразу пасля няшчаснага здарэння сям’ю прытулілі родныя, дапамагалі, чым маглі. Вестка ж аб пажары і людзях, якія засталіся без даху над галавой, патрэбных рэчаў і сродкаў на існаванне, хутка разляцелася па раёне. І на Ушаччыне знайшлося нямала чулых і добрых людзей, якія падтрымалі сям’ю. Руку дапамогі аднымі з першых працягнулі аднавяскоўцы – дзяліліся рэчамі, сабралі каля 600 рублёў. У рэдакцыю і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва людзі з гарпасёлка і іншых населеных пунктаў прыносілі адзе­нне, цацкі, прадметы першай неабходнасці, перадавалі нават мэблю, а ў арганізацыях збіралі грашовыя сродкі. Некаторыя ўшачане самі ехалі ў Старое Сяло, каб матэрыяльна дапамагчы абсалютна чужым людзям.

Мы ўжо пісалі аб тым, што праз некалькі дзён пасля пажару, ААТ “Ільюшынскі” выдзеліла пага­рэльцам адзін з дамоў у Старым Сяле. Аляксандр і Алена адразу прыняліся абсталёўваць жыллё, у прасторных пакоях з’явіліся шпалеры жыццярадасных колераў, вокны ўпрыгожылі яркія шторы. За сабраныя грошы змаглі купіць некаторую, хоць і не новую мэблю, неабходную бытавую тэхніку і іншае. Зараз кожны дзень гаспадыні праходзіць у клопатах, яшчэ не ўсюды зроблены рамонт, не разабраны многія перададзеныя рэчы. Вялікая работа чакае сям’ю вясной, калі прыйдзе час для распрацоўкі прысядзібнага ўчастка.

За ўсімі справамі не так лезуць у галаву думкі аб пажары, але познім вечарам, калі гаспадыня кладзецца спаць, перад вачамі ўсё роўна ўсплываюць малюнкі таго дня: як дом імгненна напаўняўся дымам, як у спешцы, у чым былі, выбягалі з дзецьмі на вуліцу, а ў вушах нібы чуецца пранізлівы гук апавяшчальнікаў і гул сірэн пажарных машын.

– Выказваем шчырую і бязмежную ўдзячнасць кіраўніцтву раёна, жыхарам нашай вёскі, прадпрыемствам і арганізацыям, усім нераўнадушным людзям за дапамогу, падтрымку і словам, і справай, – хвалюючыся і ледзь стрымліваючы слёзы, гаворыць Алена. – У такой сітуацыі не ведаеш, як жыць і што рабіць, нам сапраўды было надзвычай цяжка. Увогуле ж пералічыць чулых і спагадлівых землякоў пайменна проста немагчыма. Дзякуючы вам, шаноўныя ўшачане, мы пачынаем новае жыццё ў новым жыллі, менавіта вы надалі нам упэўненасці. Нават не думалі, што вакол столькі добрых людзей з вялікім сэрцам.

Гэты “прэзідэнцкі” дом у Старым Сяле чакаў гаспадароў не адзін год, бо раней пуставаў, а цяпер літаральна на вачах ажывае. Хочацца, каб лёс не прынёс больш выпрабаванняў яго жыльцам, і разам з Аленай радуешся таму, што векавыя традыцыі грамады ў нас не забыты і дапамагаюць пераадолець любыя нягоды людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *