Семья Федосенко приняла участие в финале проекта «Папа, мама, я — футбольная семья»

Cпорт

Ад масавасці – да майстэрства

Менавіта такі дэвіз, на думку генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі футбола Юрыя Вяргейчыка, можна даць праекту “Тата, мама, я – футбольная сям’я”. Фінал гэтага маштабнага мерапрыемства прайшоў не так даўно ў Мінску, і нам вельмі прыемна, што сярод ста беларускіх сем’яў, заваяваўшых права ўдзельнічаць у ім, былі і ўшачане – Раман, Святлана, Мікіта і Кацярына Фядосенкі. Атрымалі яны такую магчымасць, бліскуча правёўшы адборачныя этапы. Фінал жа стаў феерычным фестывалем масавага футбола.

За тры гады існавання праект ад сціплага спаборніцтва з паўсотняй удзельнікаў развіўся да грандыёзнага дзейства, ахапіўшага ўсе куточкі рэспублікі. І вось напрыканцы жніўня самыя моцныя футбольныя сем’і сабраліся на нядаўна адкрытым пасля рэканструкцыі стадыёне “Дынама”, каб паганяць мяч, атрымаць прызы і незабыўныя эмоцыі. Усе таты, мамы і дзеці (па ўзроставых катэгорыях) былі размеркаваны на восем каманд, якія праводзілі матчы ў дзвюх падгрупах, а потым у стыкавых паядынках выяўлялі лепшых. Як і належыць галаве сям’і, Раман прывёў мужчынскую каманду, за якую выступаў, да перамогі. Прычым, унёс у гэта значны ўклад, аддаўшы на апошняй хвіліне фінальнага матчу галявую перадачу! Зусім крыху не хапіла для бронзавага выніку жаночай камандзе, за якую гуляла Святлана – не пашанцавала пры прабіцці пенальці. Затое Каця і Мікіта дапамаглі сваім дружынам выйграць першае і другое месцы адпаведна.

“У цэлым, сваім выступленнем вельмі задаволены, і каб формула агульнага заліку была крыху іншай, яўна маглі б прэтэндаваць на прызавое месца. Аднак для перамогі нам не хапіла… колькасці дзетак, – расказваюць Раман і Святлана. – Справа ў тым, што балы налічаліся за выступленне кожнага члена сям’і, нават калі яго каманда згуляла і не надта ўдала. Такім чынам, перавага адразу была ў мнагадзетных удзельнікаў: у выніку абсалютным пераможцам праекта стала сям’я са Смаргоні, у якой пяцёра дзяцей. Так што трэба пашыраць склад сям’і!..”

Але, канечне, не ў розыгрышы прызавых месцаў заключаўся галоўны сэнс падзеі, а найперш у магчымасці для простых гараджан і вяскоўцаў адчуць сябе членамі вялікай футбольнай суполкі, правесці час разам, згуляць на галоўным стадыёне краіны і атрымаць прызы з рук такіх знакамітых у футболе асоб, як прыгаданы вышэй Юрый Вяргейчык, трэнер нацыянальнай зборнай Ігар Крывушэнка. Прынамсі, адным з прэзентаў для фіналістаў сталі білеты ў VIP-ложу на матч Лігі нацый Беларусь – Сан-Марына, які прайшоў на “Дынама” 9 верасня. Наша зборная атрымала ў гэтым паядынку буйную перамогу 5:0, і вельмі хочацца, каб такія вынікі яна паказвала як мага часцей. Паспрыяць гэтаму павінен і праект “Тата, мама, я – футбольная сям’я”: цалкам верагодна, што хтосьці з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак неўзабаве прымерыць форму нацыянальнай каманды.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *