Команда Ушачского райпо завоевала «бронзу» на областной отраслевой спартакиаде

Cпорт

Для паспяховай працы патрэбны не толькі веды і ўменні, а і добрая фізічная форма. У гэтым упэўнены работнікі Ушацкага райспажыўтаварыства – пастаянныя ўдзельнікі раённых і галіновых спартыўных мерапрыемстваў. Нядаўна з абласной спартакіяды работнікаў спажывецкай кааперацыі яны вярнуліся з “бронзай”!

На спаборніцтвы, якія праходзілі ў суседнім Полацку, ушацкія кааператары адправіліся прадстаўнічай камандай з 19 чалавек. Праграма ж спартакіяды ўключала 6 відаў, амаль у кожным ушачане не апускаліся ніжэй трэцяга радка. Напрыклад, ніводная каманда не змагла справіцца з націскам нашых валейбалістаў. Дзіна Гардзіёнак, Ірына Цімафеева, Алеся Ермаковіч, Сяргей Буракоў, Павел Сіротка і Сяргей Целепаў на чале з вопытным капітанам Таццянай Хрыпель упэўнена ўзялі першае месца.

Заняўшы асабістыя другія месцы ў шахматах, Юлія Аўтух і Мікалай Шарын прынеслі камандзе ў гэтым відзе “золата”. Не было сумнення, каго выстаўляць на дартс: Таццяна Хрыпель і Андрэй Васіленка ўжо даўно набілі руку ў паражэнні мішэні. Не падвялі і на гэты раз – забяспечылі трэці радок пратакола. “Засвяціліся” прадстаўнікі каманды і ў мнагабор’і, якое ўключала бег, скачкі, адцісканні. Ірына Долгая стала першай, а Анастасія Бараніч – трэцяй. “Бронза” ва ўшачан і ў настольным тэнісе, дзе добрую гульню паказала Алена Стрыжонак.

– Стараемся падтрымліваць добрую фізічную форму не толькі напярэдадні падобных спаборніцтваў, а цэлы год. Пастаянна наведваем наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс, таму і маем такія вынікі, – гаворыць прафсаюзны лідар райспажыўтаварыства І.Долгая, якая пастаянна арганізоўвае калег не толькі на спартыўныя мерапрыемствы, а і на творчыя конкурсы, цікавыя сумесныя паездкі. Зрэшты яна, а таксама Т.Хрыпель, Д.Гардзіёнак, П.Сіротка і А.Васіленка нядаўна прынялі ўдзел і ў 11-й міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў Віцебскай вобласці. Хоць там і не ўдалося ўзняцца на п’едэстал, гэта ніколькі не засмуціла работнікаў райспажыўтаварыства, бо галоўнае – не перамога, а ўдзел.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *