В Ушачах прошла традиционная спартакиада среди трудовых коллективов

Cпорт

На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” ў мінулую суботу прайшло адно з самых цікавых і маштабных мерапрыемстваў – раённая спартакіяда працоўных калектываў. Заявіліся на яе 15 каманд, а ўлічваючы тое, што некаторыя з іх былі аб’яднаныя, арганізацый, якія прынялі ўдзел у спартыўным свяце, значна больш. Перамогі, паражэнні, траўмы, перажыванні – усяго хапіла і ўдзельнікам, і балельшчыкам.

Відовішчна праходзіла эстафета па плаванні – адносна новая для Ушаччыны спартыўная дысцыпліна. Ля басейна, дзе мужчынам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 50, а жанчынам – 25 метраў, балельшчыкаў сабралася нямала. Многія ўдзельнікі перад пачаткам заплыву актыўна разміналіся, адпрацоўвалі навыкі нырання, перадачы эстафеты і прыкметна хваляваліся. Найбольш спакойна выглядалі прадстаўнікі аб’яднанай каманды Дэпартамента аховы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – яно і не дзіўна, паколькі на старт выйшлі Уладзімір і Вольга Чумаковы, для якіх сумесныя паходы ў басейн – адзін з любімых адпачынкаў. Гэта і дазволіла сямейнай пары “ўварвацца” у тройку лідараў. Упэўнена адчувала сябе на вадзе і аб’яднаная каманда выратавальнікаў і ТЦСАН: Сяргей Аваднёў і Ілона Фурманёнак у выніку занялі другое месца. Самыя хуткія секунды – 55,95 – прадэманстравалі фаварыты з Ушацкай школы ў складзе Паўла Паршонка і Вольгі Жыткай, якія, дарэчы, перамаглі і на мінулагодніх спаборніцтвах.
Мужчынска-жаночыя дуэты спрачаліся за перамогу і ў настольным тэнісе. Свой спрыт, рэакцыю і валоданне ракеткай трэба было прадэманстраваць удзельнікам спачатку ў адзіночку, а калі атрымлівалася раўнавага балаў, то мацнейшая каманда выяўлялася ў парным паядынку. Варта адзначыць, што для многіх каманд такі фармат спаборніцтваў стаў сюрпрызам, бо ў палажэнні не ўказваўся і да іх не рыхтаваліся. Ды і сама алімпійская сістэма перашкодзіла некаторым моцным дружынам заняць высокія месцы, бо яны сустрэліся паміж сабой на ранняй стадыі, таму была тут і доля шанцавання. У выніку больш зладжаную гульню паказалі прадстаўнікі Ушацкай школы Валерый Гугін і Людміла Бабаедава. Другое і трэцяе месцы адпаведна заваявалі каманда ПМК-66 (Ігар Арэхва і Кацярына Царова) і аб’яднаная каманда РАНС і ТЦСАН (Алег Крыскевіч і Ілона Фурманёнак).

Да самых цікавых відаў, якія заўсёды збіраюць вялікую колькасць балельшчыкаў, можна смела аднесці і дыгатлон. Многія ўдзельнікі спаборніцтваў, дзе неабходна праяўляць і сілу, і вынослівасць, былі не навічкамі. “Аднаго грознага выгляду Віктара Акулёнка спалохацца можна! А знешне спакойны і сціплы Коля Шкіндзер летась усіх “парваў”! – абмяркоўвалі шанцы на перамогу гледачы. Хоць і змагаліся ўпарта прыгаданыя асілкі, аднак засталіся за тройкай прызёраў. Вельмі напружаная барацьба разгарэлася ў фінале паміж Віктарам Герцыкам з Ушацкай школы і Дзмітрыем Жарнасекам з аддзела ўнутраных спраў. У выніку “золата” дасталася першаму. Трапіць на п’едэстал удалося і прадстаўніку лясгаса Івану Пішчыку. У кроку ад яго спыніўся Сяргей Курбака з ПМК-66, за якога “хварэлі” не толькі калегі, а і трое дзетак. “Мама сёння на працы, а мы ўсе разам падтрымліваем тату!” – весела адзначалі задаволеныя яго выступленнем Ксюша, Глеб і Назар.
“Ну, давай яшчэ разок! Ты ж можаш!” – гучала каля перакладзіны ў зале барацьбы, дзе мужчыны спаборнічалі ў падцягванні. Аляксандр Моцяж з раёна электрычных сетак зрабіў гэта 30 разоў. “Пастаянна трэніруюся – вось і ўвесь сакрэт”, – сціпла зазначыў пераможца. 28 падцягванняў выканаў Сяргей Шайтар з аб’яднанай каманды раённага аддзела Следчага камітэта і рэдакцыі “Патрыёта”. Трэба адзначыць, што да гэтага ён выступаў у дыгатлоне, дзе не толькі затраціў сілы, а і пашкодзіў руку – і тым не менш заваяваў другое месца. 26 падцягванняў прынеслі “бронзу” выратавальніку Віталю Баркоўскаму. Побач тым часам у адцісканні ад лаўкі спаборнічалі жанчыны. Перамогу прадказальна заваявала прадстаўніца Ушацкай школы Таццяна Плікат, якая зрабіла 50 адцісканняў. Другое месца заняла Іна Ларчанка з ТЦСАН (32), трэцяе – ў Юліі Гаўрылюк з РАУС (23).
Гарачыя баталіі разгарнуліся ў відовішчным падняцці гіры. Але і тут ніякіх сюрпрызаў з вызначэннем пераможцаў не аказалася. “Пяць адведзеных хвілін хіба што Уладзіміру Генадзьевічу спатрэбяцца! Каля сотні адназначна кіне!” – чулася ў натоўпе, калі на памост выйшаў фаварыт, старшыня райвыканкама У.Аўдошка. І прадказанні апраўдаліся: 24-кілаграмовы снарад узняўся над галавой кіраўніка раёна 91 раз. Зноў выдатна праявіў сябе прадстаўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Канстанцін Красноў, які з вынікам 85 рыўкоў заняў другое месца. Аляксей Апёнак з лясгаса адолеў планку ў 64 разы і стаў трэцім. Усяго на тры менш у выратавальніка Дзмітрыя Кучаронка: “У гіравым спорце мяне можна лічыць навічком, але стараўся не падвесці каманду, гэта была яшчэ і рэпетыцыя перад абласнымі галіновымі спаборніцтвамі”. Не мог пакінуць сваю каманду і нязменны гіравік Мікалай Пруднікаў, які нягледзячы на прастуду выйшаў на памост і ўзняў снарад 56 разоў.
У рамкі сёлетняй спартакіяды зноў вярнуліся спаборніцтвы па кулявой стральбе, якія праходзілі ў ціры школы. Адразу чацвёра ўдзельнікаў выбілі ў 5 заліковых стрэлах па 44 ачкі – Ірына Голік з райбальніцы, Васіль Варанько з раёна электрычных сетак, Аляксандр Бугай з РАНС па дадатковых паказчыках размеркавалі паміж сабой адпаведна першае, другое і трэцяе месца, а вось Сяргей Плікат з райаддзела Следчага камітэта з такім жа вынікам заняў крыўдны чацвёрты радок выніковага пратаколу.
Самая працяглая барацьба ішла ў турніры шашыстаў, якія размясціліся ў светлай канферэнц-зале комплексу. Яшчэ да пачатку спаборніцтваў удзельнікі і балельшчыкі былі ўпэўнены, што лаўры пераможцаў размяркуе паміж сабой тройка нязменных і моцных ігракоў гэтага віду. Сенсацыі сапраўды не атрымалася. “Летась першынстваваў, а на гэты раз саступіў Ігару Шышко з райвыканкама”, – адзначыў Уладзімір Барысёнак з аддзела па адукацыі. Трэцяе месца – у капітана каманды Ушацкай школы Віталя Клімашэўскага.
А І.Шышко быў самым трапным і ў дартсе. “Даводзілася абараняць гонар аддзела ў розных відах спорту, а вось у гэтым упершыню!” – адзначаў прадстаўнік РАНС Аляксандр Бугай. Дэбют аказаўся ўдалым і хлопец стаў другім, усяго на адно ачко адстаўшы ад пераможцы. Крыху засмуціўся трэцяму месцу даўні прыхільнік дартса Мікалай Фядосенка з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. “Перыядычна адточваю свае ўменні трапляння ў “яблычка”. Ведаеце, што існуе каля 20 разнавіднасцяў дартса? Вось я і ўнёс прапановы правесці раённыя спаборніцтвы па гэтым відзе і спадзяюся, што яны адбудуцца ў хуткім часе і збяруць нямала ўдзельнікаў!” – адзначыў Мікалай Леанідавіч. Менавіта яму дастаўся спецыяльны прыз ад раённага аб’яднання прафсаюзаў як самаму старэйшаму ўдзельніку спартакіяды. Трэба сказаць, што ў такой намінацыі былі і іншыя прэтэндэнты, але ўлічваючы тое, што М.Фядосенка ніколі не прапускае падобных раённых спаборніцтваў, падарунак быў уручаны менавіта яму. А вось прафсаюзны прыз “За волю да перамогі” на гэты раз бясспрэчна дастаўся камандзе спартыўнага клуба пенсіянераў “Імпульс”. “Вельмі прыемна, што не толькі моладзь, а і старэйшае пакаленне далучаецца да здаровага ладу жыцця!” – адзначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка. “Нягледзячы на тое, што спаборніцтвы для працоўных калектываў, мы вырашылі таксама паўдзельнічаць не дзеля перамогі, а каб атрымаць чарговы зарад бадзёрасці і эмоцый!” – падзялілася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Хоць і былі ў складзе “імпульсаўцаў” мужчыны, аднак на сілавыя віды прадстаўнікоў не выстаўлялі. Зрэшты, аб тым, што галоўнае не перамога, а ўдзел, казалі і прадстаўнікі многіх іншых калектываў. Напрыклад, раён электрычных сетак “закрыў” толькі мужчынскія віды, бо ў камандзе не было жанчын. Не на ўсе віды выйшлі і прадстаўнікі ПМС, райспажыўтаварыства.

Уладальнікі лепшых вынікаў у асабістым заліку ва ўсіх відах праграмы атрымалі медалі і граматы сектара спорту і турызму райвыканкама. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя і галоўных пераможцаў праграмы: першае месца ў агульнакамандным заліку заняла зборная Ушацкай школы (з вынікам 25 ачкоў), другое – аб’яднаная каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (38), трэцяе – у калектыва РАУС (50).
Напрыканцы сустрэчы арганізатары падзякавалі ўсім, хто прыняў удзел у відовішчных стартах, адзначыўшы, што наш комплекс самы сучасны ў вобласці, а значыць і працоўныя калектывы, якія ў ім займаюцца, павінны быць самымі спартыўнымі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *