Ветераны с нами. Владимир Иванович Подольский — человек, которого знают все ушачане старшего поколения

Ветераны с нами

Калі Уладзімір Іванавіч Падольскі праходзіць па вулачках гарпасёлка, з ім вітаюцца літаральна ўсе ўшачане старэйшага пакалення. Ён ківае ў адказ, загаворвае, абмяркоўваюць былое і справы сённяшнія. І дадому маладжавы пенсіянер вяртаецца мабыць і ў задуменні ад успамінаў, аднак усё ж у бадзёрым настроі. Значыць, правільна жыццё пражыў, па-бацькоўску, па-вясковаму, з аглядкай на людзей, нікога дарэмна не пакрыўдзіў, ворагаў і нядобразычліўцаў не нажыў.

Заўжды сярод людзей

Як удалося, калі ўлічыць, што хоць і мяняліся пасады, аднак ён заўсёды быў не проста сярод людзей, а працаваў з імі. Інструктарам Ушацкага райкама партыі курыраваў работу партарганізацый саўгаса “Глыбачаны”, калгасаў “Савецкая Беларусь”, імя Суворава, Леніна, Кірава. Парторг жа, а ён ім быў у саўгасе “Сарочына”, лічы што першы намеснік ці правая рука дырэктара ва ўсіх пачынаннях гаспадаркі. А ў 32 гады У.Падольскі становіцца старшынёй пасялковага Савета дэпутатаў. Рэкамендаваў яго на гэту пасаду старшыня райвыканкама П.Н.Плаксіцкі. Дарэчы, сам гэты факт – мабыць лепшая характарыстыка Уладзіміру Іванавічу. Хто ведаў былога кіраўніка “Глыбачан”, а потым і раёна, знае, што прагрэсіўны Пётр Ніканоравіч у каманду да сябе абы каго б не ўзяў. Уладзімір Іванавіч жа да абавязкаў сапраўды ставіўся па-максімуму, з самага юнацтва пісаў жыццё “на чыставік”. Даручыўшы яму, можна было не пераправяраць. Паралельна выконваў шмат грамадскіх спраў: адміністрацыйная камісія пры райвыканкаме, народныя дружыны, спартыўная работа… Праз яго рукі прайшлі ўсе ўшацкія ваеннаслужачыя запасу – быў пазаштатным зампалітам ваеннага камісарыята.

Шукаў персанальны падыход

Але памятаюць яго ўсе пераважна мэрам горада, якім ён быў 16 год да скасавання пассавета. Калі прымаў справы, ва Ушачах пражывала толькі 2700 жыхароў, потым – каля сямі тысяч. Людзі будаваліся самастойна ці атрымлівалі кватэры, вадзілі дзяцей у сады, якія таксама былі ў падпарадкаванні пасялковага Савета. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяла па трыста-чатырыста чалавек. І вельмі многія, сустракаючы Уладзіміра Іванавіча сёння, дзякуюць за тое, што падказаў правільнае рашэнне, параіў уступіць у кааператыў, нават настояў, бо ўкладаць свае грошы баяліся. Кааператыўнае будаўніцтва, пазыкі – з’ява ў васьмідзясятыя новая. “Намеснік старшыні райвыканкама І.С.Роўба, памятаю, кажа: з цябе – людзі, з нас – будоўля. Так і распачалі, хоць было гэта немалой нагрузкай. Прапаноўвалі кожнаму жадаючаму строга па чарзе, пераправяралі дакументы, спісы сямей, ільготы, адкрываліся крэдыты ў розных банках, асабліва ў час будаўніцтва кааператыва №3, які прыпаў на развал Саюза і расцягнуўся ледзь не на дзесяць гадоў, а састаў памяняўся лічы што тройчы. Я ніколі не “махляваў”, ні прасоўваў знаёмых ці родных, таму сёння чэсна гляджу землякам у вочы. І радуюся, гуляючы па Ушачах, а жыхароў двух ЖБК па Садовай, трох па Віцебскай і аднаго па Савецкай ведаю, лічы што, пайменна. Ды і ўсе астатнія атрымлівалі ордэры, участкі на будоўлю ці апрацоўку зямлі таксама праз нас”.

Знаёмы Уладзіміру Іванавічу і кожны завулак гарадка, за парадак у якім адказваў. Прычым, без брыгад дворнікаў – уся работа па добраўпарадкаванні будавалася выключна на кантролі, суботніках, замацаванні адказных. Лепшых заахвочвалі, вешалі на сядзібы шыльды “Дом узорнага парадку”, як і на парадныя ўваходы запушчаных тэрыторый прадпрыемстваў – супрацьлеглыя, ганебныя. Іх, праўда, хутка зрывалі, аднак парадак навокал тым не менш наводзілі. Розныя метады прымяняў старшыня, аб’язджаючы свой горад, у асноўным па-добраму гаварыў з людзьмі, дзе хітрыў, а дзе і страшыў… А часта проста вымаў з УАЗа касу. “Бачу, бабуля нямоглая жыве, блізкіх няма побач. Ну каго яна прасіць будзе, вось і абкошваў сам”.

Зведаў ён і часы, калі на працоўнае месца праціскаўся праз натоўп людзей. У канцы васьмідзясятых-пачатку дзевяностых прылаўкі магазінаў былі пустымі і менавіта пасялковы Савет выдаваў насельніцтву на тавары талоны. Паралельна ішло налічэнне чэкаў “Жыллё” і “Маёмасць”.

– Было за маю практыку два суды, якія выйграў. Ушачане неабгрунтавана хацелі атрымаць жыллё… Бязвоблачнай работа з людзьмі, напэўна, не бывае”, – гэта Уладзімір Іванавіч ведае, як ніхто.

Старт дала армія

Пасля арміі ён хацеў паехаць у Маскву. Толькі, паглядзеўшы паперы камуніста, малодшага лейтэнанта, які падчас тэрміновай службы (!) быў намеснікам камандзіра батарэі ракетных войскаў па палітычнай часці, у райкаме партыі ўгаварылі застацца ў раёне, накіраваўшы фізруком у Мосарскую школу.

Чаму гэты профіль – пытанне хутчэй рытарычнае. Уладзімір Падольскі заўсёды быў у выдатнай фізічнай форме. На руках хадзіў, як на нагах, на перакладзіне лёгка круціў “сонейка”. На яго рахунку рэкорд Дубраўскай школы па скачках у даўжыню на 5,5 метра, у арміі меў першы разрад па гімнастыцы. Фізкультуру ў яго выкладаў апантаны настаўнік А.П.Лецягін. Ён пазней і параіць выбраць правільную спецыялізацыю – лыжы, каб паступіць у інстытут пры конкурсе 10 чалавек на месца. Фізічная ж сіла – ад бацькі. Інвалід Вялікай Айчыннай хоць і не мог нармальна прыступаць на нагу, аднак клаў па акрузе печы, працаваў у кузні, што патрабавала багатырскай моцы. Ад бацькоў Уладзімір пераняў і практычна ўсе навыкі. Ніколі не выклікаў у кватэру сантэхніка ці электрыка. Нават шапкі былы паляўнічы шыць навучыўся і хадзіў у здабытых лісе, бабры, зайцы…

А сваім першым, асноўным ВНУ У.Падольскі лічыць армію. Там вясковы хлопец з мнагадзетнай сям’і стаў больш упэўненым у сабе, раскрыліся многія яго таленты.

Гармонік асвоіў яшчэ ў пятым класе, калі яго за першую палучку набыў брат. А на службе акампаніраваў. Кемлівага, атлетычнага, яго заўважылі, накіравалі на курсы прапагандыстаў, а пазней і даверылі пасаду зампаліта. Вярнуўся ён з арміі яшчэ з коркамі электрыка і допускам да работ пад напружаннем 1000 вольт. Пазней гэта вельмі спатрэбілася, і не толькі яму. Літаральна абагаўлялі Валодзю аднавяскоўцы. Па Старыне Дубраўскага сельсавета праходзіў аднафазны кабель, які падаваў па хатах толькі святло. Ён жа дзякуючы допуску дамовіўся з электрыкамі і самастойна праклаў трохфазны, так стала магчымым выкарыстоўваць розныя электрапрыборы, і самае галоўнае, замяніць пілы-двухручкі станкамі.

З тэхнікай, дарэчы, ён сябруе ўсё жыццё. Каб не залежыць ад чужога каня, зрабіў на аснове матацыкла першы трактар (на здымку), потым другі, малацілку, зварку… Да апошняга апрацоўваў участак і дапамагаў вяскоўцам на сваёй малой радзіме і ў Красным – адкуль родам Соф’я Паўлаўна. Разам яны больш 60 гадоў, калі ўлічыць, што з выдатніцай вучобы сядзелі за адной партай у школе. І аказаліся трывалай парай, якая ганарыцца трыма выдатнымі дзецьмі і пяццю такімі ж паспяховымі ўнукамі. Працягваюць справу маці намеснік загадчыка аптэкі Таццяна Полазава і правізар Наталля Касяк, унучка Юля. Таксама медык – фельчар і інструктар-метадыст фізічнай рэабілітацыі сын Уладзімір. Бацька захоўвае ўсе граматы, што атрымлівалі дзеці, бо галоўным для яго была і застаецца сям’я. Не развітаўся і з любімым гармонікам – у яго рэпертуары 48 песень. І канечне, не змяніў спорту: размінка па раніцах – штодзённа. На балконе абсталяваў турнік, там брусы, гантэлі і эспандэр, ад пола адціскаецца 20-25 разоў, а з табурэткі робіць па 60 нахілаў. Нязменны ўдзельнік раённых спаборніцтвах, ён і зараз можа падняць дзясятак разоў 16-кілаграмовую гіру.

* * *

Першага верасня Уладзіміру Іванавічу споўнілася 70 год. З юбілеем яго ва ўрачыстай абстаноўцы віталі намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірына Барысаўна Бурак, прафсаюзны лідар райвыканкама Галіна Віктараўна Дымман, былая вучаніца і калега па рабоце ў пасялковым Савеце Валянціна Аляксандраўна Контарава, члены прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі і яе старшыня Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Заўсёды ўсмешлівы Уладзімір Іванавіч на гэты раз не саромеўся падступіўшай слязы… Яму няма чаго саромецца.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *