Более четырёх десятков лет проработала в финансовом отделе Ольга Александровна Ануй

Ветераны с нами

Строгай навукай і шчырай парадай

Перад Вольгай Аляксандраўнай Ануй на невялікім століку – 60-гадовая гісторыя раёна. Са шматлікіх здымкаў паглядаюць фінансісты, страхоўшчыкі і падаткавікі – раней гэтыя службы працавалі разам, таму і такі вялікі па сённяшніх мерках штат. А па подпісах на Ганаровых граматах жанчыны можна прасачыць прозвішчы кіраўнікоў Ушаччыны пачынаючы ад М.І. Дземянцея – з 1967, як толькі аднавіўся раён, да У.Г.Аўдошкі – ветэран працы з 43 гадамі стажу ўзнагароджвалася да 80-гадовага юбілею ў лістападзе 2018-га.

“Корачкі” выдатніка фінансавай галіны, неаднаразовага ўдарніка камуністычнай працы. І часопіс “Бухгалтарскі ўлік” за 1990 год, у якім усяму СССР расказвалі пра перадавы вопыт ушацкіх фінансістаў і, у прыватнасці пра прынцыповасць і патрабавальнасць В.А.Ануй, дакладнае размеркаванне абавязкаў і строгі кантроль.

Мне складана паверыць у яе строгасць. Ведаю Вольгу Аляксандраўну вельмі даўно і памятаю яе заўсёды з усмешкай, якая сагравае. “Так-так, я была вельмі патрабавальная, – развейвае мае сумненні і становіцца сур’ёзнай па-ранейшаму прыгожая жанчына. – Не выношу беспарадку, калі дакументы не падшыты, не сістэматызаваны. Адзін раз скажу, другі. Здаралася, што і рэзка вучыла: па ўсім кабінеце паперы раскідвала, а назаўтра правярала. З грашыма інакш нельга. Хаця да людзей заўсёды ставілася добра, на памылку маюць права ўсе. Таму падказвала, як выправіць, тлумачыла, давала час і зноў жа правярала. Чаго не даравала, дык гэта крадзяжу, асабліва ў адносінах дзяцей”.

Стаўшы фінансістам, памяняла адносіны нават да сваёй дабрадзейкі з Ляхавіцкага дзіцячага дома, якая калісьці імкнулася даць Вользе з сабой у тэхнікум каўбасы ці сыру: “Разумею, што не са сваёй кішэні, а дзецям на стол не дакладвалі. Таму пры праверках садоў і школ, а яны ў раёне былі ледзь не ў кожнай вёсцы, слабіны за падобнае не давала. Мы ж з рэвізіямі былі літаральна ва ўсіх арганізацыях, акрамя бухгалтэрыі райвыканкама. Ды яны самі да нас хадзілі раіцца, і пры праверках кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення заўваг таксама не паўставала. Вучылі тады многа каго, па сельсаветах жа бухгалтэрыю спачатку вялі сакратары – людзі без адпаведнай адукацыі. Ды і ў нас у аддзеле большасць атрымлівалі яе завочна – начальнік Яфім Сямёнавіч Жданко падштурхоўваў. Віктар Давыдавіч Шарыпенка, Пётр і Тамара Хвашчэўскія, Мікалай Дук, Аня Ярмош, Святлана Броўка… З тэхнікумам за плячыма прыехалі толькі Ніна Янушкевіч, Наталля Каваленка, Валя Клямяценка, Люда Шарыпенка, Света Азевіч. Да кур’ёзаў даходзіла. Адзін наш спецыяліст – на падаткі і дзяржстрах імкнуліся браць хлопцаў – не паступіў, а прызнацца пабаяўся. Так два гады і перапісваў курсавыя ў Зіны Кісель пад наглядам Яфіма Сямёнавіча”.

Сорак год адпрацавала ў фінансавым аддзеле райвыканкама Вольга Аляксандраўна, прычым, прызначылі яе на пасаду галоўнага бухгалтара праз два гады пасля заканчэння Мінскага фінансавага тэхнікума. Яшчэ тры адпрацавала ў банку – у час, калі скасавалі раён. З сумам зазначае, што нічога тады не пабудавалі на Ушаччыне, развівацца раён пачаў пазней: двухпавярхоўкі па Ленінскай з’явіліся ў 69-м, бальніца – у 1972, для многіх галін прасілі ў абласным упраўленні фінансаў паболей сродкаў. Прыехала ж у ліпені 1959 з Віцебска ў драўляныя Ушачы адзіным на той час шляхам – праз Полацк.

Сустрэў яе сам Я.С.Жданко, паказаў справы і жыллё – пакой тут жа, у драўляным будынку аддзела па Савецкай (зараз на гэтым месцы пабудаваны суд), дзе яна жыла разам з сям’ёй прыбіральшчыцы. Як сіраце далі 270 рублёў пад’ёмных, за якія быў набыты паркаль на падкоўдранік, шарсцяная кофта, і крыху пакінута на пражыццё. Усе астатнія супрацоўнікі ў той час былі “на сене” – рыхтавалі яго для васьмі коней фінаддзела. Пераезды ж па раёне – выключна на іх. Існавала і свая стайня, а таксама некалькі службовых домікаў. Вольга ж Аляксандраўна хутка выйшла замуж і з выкладчыкам з залатымі рукамі Сцяпанам Пятровічам Ануем будавалі жыллё самі.

Цікава, што яна ведае ўсё пра сваіх калег, а вось пра ўласнае дзяцінства – вельмі мала. Прозвішча Быўшава – прыдуманае. Гады наўмысна завышаны, каб магла ісці ў фабрычна-заводскае вучылішча. Месца наражэння (Адэса) зусім не пасуецца з канцлагерам у Баранавічах, дзе ў 1944 памерлі маці і брат, а маленькую Олю да сябе на непрацяглы час узяла суседка па бараку – жанчына з трыма дзецьмі. Калі ж даведалася, што ў яе памёр муж, перадала ў дзіцячы дом. “Магчыма і вярнуўся з вайны мой бацька, але хіба ж мог ён адшукаць мяне па такіх выдуманых даных. А ў той жанчыны ў свой час не распыталася больш”, – прыгадвае ветэран.

Памятаючы, што такое быць адной ва ўсім свеце, яна падтрымлівала ўсіх, хто меў патрэбу ў дапамозе. Наталля Рыгораўна Дубоўская, напрыклад, хроснай свайго першынца лічыць Вольгу Аляксандраўну, якая дапамагла купаць, першым часам спраўляцца з немаўляці і фактычна замяніла маладой супрацоўніцы маці, што жыла далёка. І вельмі многія ўдзячны ёй як за строгую навуку, так і за шчырую параду.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *