Сваю сядзібу ў Ціханятах Ірына Аляксандраўна Прашкевіч цёпла называе любімым хутарком. Хоць і размешчана яна ў самым “сэрцы” вёскі, з бліжэйшымі цесна не мяжуе, вакол толькі возера і луг – шыкоўныя ў любую пару года краявіды.
– Гэтае месца прыгледзелі з мужам, яшчэ калі жылі на другім баку Ціханят, – расказвае жанчына. – Набылі прасторны ўчастак (адзін агарод зараз займае больш 80 сотак), самі пабудавалі дом (без усялякіх ізыскаў – так, як хацелі) і ў 2000-м справілі наваселле. Пазней яшчэ ваду і электраацяпленне правялі, санвузел і душавую кабіну паставілі – цяпер дакладна ніякімі кватэрамі нас у горад не заманіць!
Актыўнасці Ірыны Аляксандраўны, хоць тая і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, можна толькі пазайздросціць. Яна і дома ўсё да толку давядзе, і ўсе грамадскія праблемы без увагі не пакіне – на працягу ўжо больш дзесяці гадоў з’яўляецца старэйшынай Ціханят. Пры патрэбе і ў любую кропку раёна з’ездзіць (мае вадзіцельскае пасведчанне, аўтамабіль, скутэр), і да “высокага кіраўніцтва” дастукаецца – напрыклад, пры непасрэдным удзеле І.А.Прашкевіч у вёсцы было вырашана пытанне з якасцю пітной вады, адкрыта новая свідравіна.
Наогул, вяскоўка ўмее ўсё: і сцены патынкуе, вагонку адаб’е, і смачныя закруткі на зіму паставіць. А як выдаецца вольная хвілінка, спяшаецца на рыбалку. Прычым, без улову рэдка калі вяртаецца – ведае, дзе лепшы клёў, якія снасці выкарыстаць. Смяецца, маўляў, калі ўсе жанчыны марылі пра шубу ці дарагую касметыку, яна адкладвала грошы на лодку. Дарэчы, ёсць хвастатыя насельнікі і ў доме – ля акварыума, прызнаецца, адпачывае душой.
І ўсё ж галоўная любоў І.А.Прашкевіч – гэта кветкі, якімі засаджвае ўсё наваколле. Самымі рознымі: крокусамі і прымуламі, ружамі і лілеямі, хрызантэмамі і флоксамі… Колькі тут усяго, жанчына і сама падлічыць не бярэцца. Кожны год абавязкова штосьці новае заводзіць, ды і наяўнае належным клопатам не абдзяляе – ёсць у яе, напрыклад, цюльпаны, якім ужо пад 40 гадоў. Яшчэ калі працавала паштальёнам, хаця на пенсію выходзіла са свінакомплексу, прыгледзела іх па адным з адрасоў у вёсцы Ваўчо – і гаспадыня падзялілася.
– Такое захапленне, напэўна, у мяне ад маці, – прызнаецца наша суразмоўца. – На Полаччыне, дзе жылі, тады мала хто кветкі вырошчваў. У нас жа заўсёды быў аазіс прыгажосці – вось і падтрымліваю гэтую традыцыю, радую сябе і акружаючых.
У свой палісад (а ён і перад домам, і за ім, і нават за межамі двара) Ірына Аляксандраўна дапускае хіба што ўнучак – у свае пяць і адзінаццаць гадоў дзяўчынкі дапамагаюць з палівам, абрываюць сухія суквецці. Усё ж астатняе жанчына робіць сама, нават невялікі трымер на акумулятарах сабе купіла – каб яе мужчыны нічога лішняга не скасілі.
– Вось гэтае “дрэўца”, на якім размясціла нямала кашпо, – справа рук сына Сяргея, – дэманструючы арыгінальную форму са старой сасны (ніякія штучныя з ёй не параўнаць!), расказвае І.А.Прашкевіч. – Я ж зараз хачу навучыцца вазоны з ратангу плесці (ужо прыгледзела ў інтэрнэце ўрокі, зімой вазьмуся) – хочацца ж пастаянна чымсьці прыгожым аздабляць наваколле.
Шыкоўныя драўляныя арэлі, прасторная альтанка для пасядзелак, батут, невялічкі дэкаратыўны басейн з фантанам… У двары Ірыны Аляксандраўны і Мікалая Іосіфавіча ёсць на што паглядзець, чаму падзівіцца! Прычым, нават ноччу – сярод кветак гаспадыня прадугледзела асвятленне на сонечных батарэях. Між тым, гэтак жа любіць зямлю, наводзіць на ёй парадак вучацца ад старэйшыны і многія аднавяскоўцы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.




