Белорусская певица Ирина Прима об ушачских корнях, творчестве и о том, как важно идти к своей цели

Калейдоскоп

“Прабачце, мы здымаем панараму гарадскога пляжа, не будзеце супраць, калі трапіце ў наш аб’ектыў?” – запыталіся мы ў эфектнай дзяўчыны, што адпачывала на Вечаллі. Тая ж у адказ кіўнула і жартаўліва мовіла: “Быць у кадры для мяне звыкла!” Знаёмая ўсмешка… Ну, канечне, гэта ж вядомая беларуская спявачка Ірына Прыма, пра якую, дарэчы, мы даўно планавалі напісаць. А тут і выпадак дапамог: наша зямлячка завітала на некалькі дзён да бацькоў у родныя Ушачы.

…І вось мы ідзём з Ірай па цяністай алеі дэндрапарка. Вакол – сакавітая летняя зеляніна, а мая суразмоўца – такая яркая і сонечная, што, здаецца, ззяе рознымі колерамі і выпраменьвае святло, настолькі шчырая і простая, што праз некалькі хвілін знаёмства мы дзелімся сакрэтамі, як даўнія сяброўкі. А яшчэ яна – вельмі харызматычная: невыпадкова рэдактары тэлеканалаў і радыёстанцый ахвотна запрашаюць яе ў розныя праграмы і праекты, пастаянна ўключаюць у эфір яе кліпы і песні.

Таленты Іра праяўляла з ранняга дзяцінства – зрэшты, у такой творчай сям’і па-іншаму і быць не магло. На Ушаччыне добра ведаюць яе тату Уладзіміра Васільевіча Есіпава, які віртуозна іграе на гармоніку, баяне і акардэоне, піша вершы і музыку, ну а мама Ніна Іосіфаўна стварае сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У восем год дзяўчынка ўжо сама спрабавала сачыняць песні, а яе захапленне поп-культурай пачалося з хітоў Майкла Джэксана на татавым бабінным магнітафоне. Базавыя ж музычныя веды былі закладзены ў школе мастацтваў, дзе яна навучалася ігры на фартэпіяна ў выдатнага педагога Галіны Міхайлаўны Какашынскай. Праўда, пры выбары прафесіі верх, напэўна, узялі матуліны гены, а яшчэ і прыклад старэйшай сястры Аксаны, якая паспяхова асвойвала дызайнерскую справу. У тым жа напрамку пэўны час спрабавала сябе і Ірына, аднак адчувала, што гэта ёй не зусім па душы. Моцна цягнула да сцэнічнай творчасці, а тут якраз выпаў шанс разам з сябрамі-музыкантамі адправіцца ў Еўропу, павучыцца рэжысуры, папрацаваць у вядомых студыях. Там і сфарміравалася разуменне таго, у якім стылі яна можа сябе праявіць.

Прыдумваць сцэнічны псеўданім патрэбы не было: прозвішча, што з’явілася ў яе пашпарце пасля шлюбу з вядомым беларускім баскетбалістам Эдуардам Прымай, падыходзіла ідэальна! У пары нарадзіўся сын Захар, які пайшоў па слядах таты і мае вялікія перспектывы ў баскетболе. Сямейныя адносіны, на жаль, захаваць не ўдалося. Аднак Ірына верыла, што калісьці абавязкова знойдзе сваё жаночае шчасце. У замежжы яна атрымала не адну прапанову рукі і сэрца, але заставацца ў Еўропе не планавала – разумела, што шчаслівай зможа быць выключна на радзіме.

Ірына Прыма, Сяргей Хаміцкі.

Сімвалічна, што лёсавызначальная сустрэча з мужчынам яе мары адбылася на шляху дамоў – у самалёце “Жэнева-Санкт-Пецярбург”. Эфектная прыгажуня і статны хлопец абмяняліся поглядамі – і адразу адчулі тую самую “іскру”, але пазнаёміцца не рашыліся… Ды толькі лёс быў настойлівы: ужо праз некалькі гадзін Ірына Прыма і Сяргей Хаміцкі – вядомы беларускі баксёр, чэмпіён Еўропы і інтэркантынентальнага першынства – сустрэліся на платформе піцерскага чыгуначнага вакзала, каб разам сесці ў цягнік на Мінск і больш ужо не разлучацца. Дарэчы, менавіта Сяргей у хуткім часе падштурхнуў нашу зямлячку да таго, каб рашуча “пастукацца” ў дзверы шоу-бізнесу. “Аднойчы ён зазірнуў у мой камп’ютар, убачыў там трэкі і запытаў: “А чые гэта песні? Твае?! Дык яны ж цудоўныя, трэба іх абавязкова выдаць!” – распавядае мая суразмоўца. – Гэта надало ўпэўненасці, і хоць спачатку радыёстанцыі, на якія я даслала запісы, сустрэлі іх, скажам так, халаднавата, але неўзабаве ацанілі фарматнасць музыкі. Праз пэўны час мне напісалі рэдактары “Рускага радыё” і папрасілі дазволу ўзяць у ратацыю трэк “Цёмныя ночы”. Потым патэлефанавалі сябры з Расіі: “Іра, твая песня іграе ў маскоўскіх гандлёвых цэнтрах!” Праслухванні ў інтэрнэце дасягнулі соцень тысяч – і мы зразумелі, што справа пайшла!”

Многія ж пазнаёміліся з творчасцю Ірыны праз яе прыгожыя відэакліпы. Да здымак кожнага яна падыходзіць вельмі скрупулёзна і прафесійна, сама піша сцэнарыі, а сюжэты песень, як правіла, бярэ з жыцця. Так, у аснову хіта “Тысячы вакзалаў” лягла апісаная вышэй гісторыя яе знаёмства з Сяргеем, які, дарэчы, і сам зняўся ў кліпе. Іра расказала і яшчэ адзін цікавы эпізод, звязаны з гэтым відэа. Калі высветлілася, што актрыса, падабраная асістэнтамі на ролю правадніцы цягніка, зусім на адпавядае задуме, Ірына вырашыла, што гэты вобраз можа ідэальна ўвасобіць яе ўшацкая сяброўка Таццяна Андрэева. Кліп атрымаўся выдатны: абавязкова яго паглядзіце!

Творчасць Ірыны высока ацэньваюць і слухачы, і прафесіяналы індустрыі, сведчаннем чаму – прэміі тэлеканалаў “RU.TV Беларусь”, “Europa Plus TV” за лепшы кліп года, прысутнасць яе трэкаў на вяршынях музычных чартаў. Знакавым момантам стаў для спявачкі сольны канцэрт у Маскве. А год таму ўшачанка атрымала запрашэнне на перадачу да Андрэя Малахава, збіралася выступіць там разам са сваім татам, але, на жаль, напярэдадні паездкі захварэла на пнеўманію.

Ірына няспынна развіваецца, шукае новыя фарбы: нядаўна, напрыклад, прэзентавала ў перадачы “Добрай раніцы, Беларусь!” песню на французскай мове. Апроч таго яна супрацоўнічае як аўтар з беларускімі і расійскімі зоркамі. Сяргей працягвае спартыўную кар’еру, трэніруе баксёраў, спрабуе сябе ў якасці блогера. У іх падрастае дачушка Сафія і бачна, што ў гэтай сям’і пануе каханне і згода.

Да малой радзімы ў жанчыны адносіны асаблівыя – ва Ушачы яна прыязджае пры першай магчымасці. Прызналася нам, што зараз рыхтуе да выхаду песню “Дзяўчынка-кветачка”, прысвечаную роднаму дому і свайму маленству.

“Ажыццявіць свае мары ніколі не позна! Ведаю гэта на ўласным прыкладзе, бо кар’еру выканаўцы я пачала ў 36 год. Галоўнае – не губляць веру ў сябе і, канечне, вельмі важна, каб побач былі блізкія людзі. Не стамляйцеся шукаць сваё шчасце – і ўсё абавязкова атрымаецца!” – такім шчырым зваротам да землякоў завяршыла нашу размову Ірына Прыма.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *