Службе «Одно окно» — 20 лет. Узнали, с какими вопросами ушачане чаще всего обращаются в службу

Общество

20 гадоў таму ў Беларусі пачалі ўкараняць прынцып “аднаго акна”. Задуманы як механізм дэбюракратызацыі, сёння ён стаў неад’емнай часткай жыцця беларусаў, ператварыўшыся з эксперыменту ў зладжаную сістэму, якая ахоплівае ўсю краіну. Асноўная мэта службы “Адно акно” – спрашчэнне дзеянняў заяўнікаў для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур – усе дакументы прымаюцца, а калі трэба і збіраюцца ў адным месцы.

К.Родчанка, І.Літвінава.

Сёння ў Беларусі працуе 158 службаў “Адно акно”. Яны ёсць ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах. За гэтыя гады колькасць вырашаемых працэдур вырасла з 18 да больш чым 200 і спіс пастаянна пашыраецца.

Ва Ушацкім райвыканкаме служба створана на базе сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўленне льготнага крэдыту, рэгістрацыя хатніх жывёл, узгадненне перапланіроўкі, атрыманне пасведчання мнагадзетнай сям’і, прызначэнне або датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу – гэта далёка не ўсе пытанні, з якімі ўшачане звяртаюцца ў службу. За апошні ж год самай запатрабаванай адміністрацыйнай працэдурай сярод грамадзян аказалася ўключэнне ў спісы на пакрыццё выдаткаў за выкананыя работы па электразабеспячэнні, а сярод суб’ектаў гаспадарання – атрыманне дазвольнай дакументацыі на распрацоўку праекта, узвядзенне, рэканструкцыю ці знос аб’екта. Нямала паступае таксама заяў, якія датычацца архітэктурна-будаўнічых пытанняў. За 2025 год “Адно акно” Ушацкага райвыканкама прыняло 1358 заяў, а сёлета больш за 670.

  • У службе працуе адзіны даведачна-інфармацыйны нумар 142, па якім можна задаць пытанні па адміністрацыйных працэдурах або запісацца на прыём.

Спецыялісты службы – загадчык Ірына Леанідаўна Літвінава і галоўны спецыяліст Кацярына Мікалаеўна Родчанка – маюць вялікі вопыт работы – больш за 15 і 10 гадоў, вельмі кампетэнтныя ў любых пытаннях, якія датычацца парадку ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур.

– Служба з моманту яе стварэння зведала вялікія змены. Калі раней нам для атрымання адказаў на запыты трэба было прайсці дзясяткі кабінетаў розных службаў, то цяпер у рабоце выкарыстоўваецца спецыяльны праграмны комплекс “Адно акно”, які дазваляе арганізаваць электроннае ўзаемадзеянне з рознымі дзяржорганамі, службамі і арганізацыямі і значна спрашчае работу па электроннай рэгістрацыі заяў, накіраванні запытаў, спрыяе скарачэнню тэрміну паведамлення грамадзяніну аб прынятым рашэнні, – зазначае Ірына Леанідаўна.

Пасля праведзенага летась рамонту прыкметна змяніўся і выгляд памяшканняў, стаў больш сучасным, а для грамадзян створаны камфортныя ўмовы. Служба падзялілася на дзве зоны: чакання і падачы заявы. У першай размешчана ўся неабходная інфармацыя, кулер з пітной вадой, а таксама дзіцячы куток – калі заяўнік прыйшоў з малым, для яго знойдзецца занятак.

  • “Адно акно” размяшчаецца на першым паверсе райвыканкама (каб.4,5). Для зручнасці грамадзян дзейнічае наступны графік работы службы: панядзелак, аўторак чацвер, пятніца – з 8.00 да 17.00, серада – з 8.00 да 20.00 (перапынак з 13 да 14). У суботу трапіць на прыём можна па папярэднім запісе.

– Нагадаем, што “Адно акно” прымае заявы на ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур і выдачу адпаведных рашэнняў па экстэрытарыяльным прынцыпе, – прыкмячае Кацярына Мікалаеўна. – Калі казаць простымі словамі, то чалавек мае права звярнуцца ў любую службу “Адно акно” ў краіне незалежна ад рэгістрацыі па месцы жыхарства, і яго заява будзе перанакіравана ў канкрэтную для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры.

Служба за гэтыя гады даказала сваю неабходнасць і з’яўляецца важным звяном паміж насельніцтвам і ўладай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *