Полученная в детстве травма часто становится причиной проблем со здоровьев во взрослой жизни

Здравоохранение Калейдоскоп Наши дети

Траўмы могуць падсцерагчы малыша ў самых, здавалася б, бяскрыўдных бытавых сітуацыях. Так, бацькі аднагадовай Вікі пілі каву — тата на хвілінку адышоў пагаварыць па тэлефоне, а маці адлучылася ў суседні пакой. Цікаўнае дзяўчо падышло тым часам да стала, пацягнула за абрус — і гарачы напой выліўся ёй на жывот. Медыкі аказалі дзяўчынцы дапамогу, але след ад апёку хутчэй за ўсё будзе нагадваць ёй аб гэтым выпадку ўсё жыццё. Толькі паўгодзіка было Каці, калі яе мама, прагульваючыся па вуліцы з каляскай, павесіла на ручку цяжкую сумку з прадуктамі. Каляска перакулілася — дзяўчынка вывалілася на асфальт і пашкодзіла руку. Выпадкі, падобныя тым, што адбыліся нядаўна ва Ушацкім раёне, напэўна, зможа назваць любая сям’я, у якой гадаваліся дзеці. Незачыненыя вокны і дзверы, пакінутыя на бачным месцы лекі і вострыя прадметы, дробныя рэчы, якія дзіця можа праглынуць — усё гэта можа стаць прычынай трагедыі. І нават калі на першы погляд усё абышлося, то нярэдка траўма, атрыманая ў дзяцінстве, становіцца прычынай устойлівых функцыянальных парушэнняў у арганізме. Так, пераломы могуць прывесці да скрыўлення ці ўкарачэння канечнасці. Рубцы, якія застаюцца пасля апёкаў, сцягваюць суставы, абмяжоўваючы іх рухомасць. Недастатковая рухальная актыўнасць пальцаў з прычыны ранення кісці ў будучым можа ўскладніць выбар прафесіі, а ў выніку сур’ёзна паўплываць на лёс чалавека. Пасля страсення мазгоў некаторыя пацярпелыя доўга скардзяцца на галаўны боль, бяссонніцу, дрэнную памяць.

Бацькі павінны як мага раней пачынаць фарміраванне ў дзіцяці навыкаў бяспечных паводзін. Найлепшай формай такога выхавання з’яўляюцца гульні, з дапамогай якіх малыш лепш засвойвае неабходныя ўменні. Падчас такіх заняткаў ужо з двух гадоў можна навучаць дзіця правілам карыстання вострымі і рэжучымі прадметамі, гарачым посудам, вадкасцю, ежай і інш. Як вядома, фізічна развітыя дзеці радзей атрымліваюць траўмы, а таму рухомыя гульні, спартыўныя забавы і практыкаванні з’яўляюцца не толькі сродкам умацавання здароўя, але і адной з мер прафілактыкі траўматызму.

Бацькі павінны стварыць вакол дзіцяці траўмабяспечныя ўмовы: замацаваць люстры, кніжныя паліцы, карціны, закрыць батарэі цэнтральнага ацяплення, выключыць магчымасць кантакту з электраразеткай, аголеным провадам. На пляцоўцы, дзе ходзяць дзеці, не павінна быць бітага шкла, цвікоў, скрынь і г.д. У летні перыяд варта звяртаць асаблівую ўвагу на папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадзе, атручванняў раслінамі, ягадамі, грыбамі. Вельмі важны і асабісты прыклад паводзін бацькоў на вуліцы, у транспарце, дома.

Н.ЛІТВІНАВА, урач-педыятр Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *