Экологическая культура начинается с личного осознания каждого из нас. В трудовых коллективах Ушаччины прошёл Единый день информирования

Общество

У працоўных калектывах Ушаччыны на бягучым тыдні прайшоў Адзіны дзень інфармавання. З удзельнікамі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, гасцямі з абласнога цэнтра абмеркавалі актуальную тэму – фарміраванне экалагічнай культуры і асабістай адказнасці грамадзян за стан навакольнага асяроддзя.

Наш уклад у экалогію

Старшыня райвыканкама Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч абмеркаваў тэму Адзінага дня інфармавання з жыхарамі аграгарадка Глыбачка. А галоўны спікер сустрэчы – начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Аляксандравіч Шук, гаворачы пра экалагічную абстаноўку ў краіне, зразумела, прыводзіў мясцовыя прыклады.
Так, у азеляненні тэрыторый – па краіне паказчык дасягнуў жадаемага ўзроўню ў 40 працэнтаў – ёсць удзел і жыхароў сельсавета – закладзены паркі ў Глыбачцы і Павуллі. Да 2025 года доля рэк і азер, экалагічны стан якіх ацэньваецца як высокі ці блізкі да яго, павялічылася да 3/4 ад агульнага аб’ёму. Уваходзяць у гэты лік і 186 ушацкіх азёр, а на тэрыторыі раёна знаходзяцца заказнікі рэспубліканскага значэння “Крывое” і “Белае”. Выяўлена і перададзена пад ахову 36 месцаў з раслінамі і 5 з жывёламі, якія занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі.

Спрыяе паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі і развіццё электратранспарту – у мінулым годзе ў карыстанні беларусаў знаходзілася 44,7 тысячы электрамабіляў. І калі раней акцэнт рабіўся на размяшчэнне станцый хуткай зарадкі ўздоўж трас, то зараз – бліжэй да месцаў пражывання. Ва Ушачах першая ўстаноўлена ля аздараўленчага комплексу і плануецца будаўніцтва другой.

Абмяркоўвалася на сходзе і тэма абароту з адходамі. М.Шук прывёў негатыўныя прыклады, калі прычэп з пластыкам і іншым бытавым смеццем выкідваецца ў кусты, а кантэйнеры запаўняюцца пустазеллем з участкаў. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што змянілася і схема сарціроўкі – зараз усё змесціва кантэйнераў раздзяляецца і перапрацоўваецца на Наваполацкім заводзе, і важна, каб на месцах людзі спрашчалі гэтую задачу і карысталіся скрынямі па прызначэнні.

Па тэматыцы Адзінага дня інфармавання прагучала і пытанне наконт вялікіх плошчаў зараснікаў баршчэўніку. У Глыбачанскім сельсавеце гэтая тэма актуальная, як нідзе – менавіта мясцовым саўгасам упершыню было завезена насенне гэтай кармавой культуры, распаўсюджанне якой выйшла з-пад кантролю. Зараз 30 працэнтаў плошчаў, занятых па краіне гэтай інвазіўнай раслінай, прыходзіцца менавіта на Ушацкі раён. Хімічная апрацоўка праводзіцца штогод, аднак і яна эфектыўная толькі пэўны час, а ля вадаёмаў і ў лясах яе наогул нельга прымяняць. Відавочна, што немагчыма ахапіць усе плошчы, таму вясной старшыні сельвыканкамаў вызначаюць самыя актуальныя месцы – па і ля населеных пунктаў. Праблемай застаюцца сельгасугоддзі, якія не апрацоўваюцца. “Сафійскія дары”, якім перададзены землі ля аграгарадка, не ў стане ўзараць усе ўчасткі, хоць здымалі тэхніку менавіта на кашэнне баршчэўніку.

Старшыня райвыканкама пацікавіўся таксама станам гандлёвага забеспячэння – пабываў у магазіне кааператараў, паштовым аддзяленні, амбулаторыі, школе. Адказаў на дарожныя пытанні, падкрэсліўшы, што правяраюцца не толькі аб’ёмы выканання, але і якасць работ, а літаральна ўсе звароты грамадзян трымаюцца на кантролі да іх вырашэння.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Цаніць тое, што маем!

У рамках Адзінага дня інфармавання ў медыяцэнтры Віцебскай вобласці адбылася сустрэча першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова з медыясупольнасцю рэгіёну.

Дадзеная тэма, як падкрэсліў Уладзімір Барысавіч, датычыцца кожнага жыхара Беларусі, і задача СМІ – развіваць экалагічную культуру, цікава і даступна даносіць да людзей разуменне каштоўнасці нашай прыроды.

– Чыстае паветра, пітная вада, прыгожыя краявіды часта ўспрымаюцца як нешта звычайнае, а тым часам для жыхароў іншых краін гэта ўжо страчаныя каштоўнасці, – адзначыў спікер.

Уладзімір Пярцоў акцэнтаваў увагу на шырокім выкарыстанні электрычнасці ў народнай гаспадарцы і жыллёвым сектары. Электрамабілі, электраацяпленне дамоў дазваляюць адысці ад паліўных рэсурсаў, шкодных выкідаў, а, значыць, палепшыць экалагічную сітуацыю. “Гэта частка канцэпцыі і стратэгіі нашай дзяржавы. На жаль, мы часам не цэнім таго, што маем. Ставімся да прыроды са спажывецкай пазіцый, не разумеючы, што гэта каштоўнасць, якую мы абавязаны захаваць для будучых пакаленняў”, – падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Вольга КАМАРКОВА.

Захаваць прыроду для нашчадкаў

На сустрэчу з работнікамі Ушацкага раёна газазабеспячэння завітаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзімір Плыткевіч. Ён адзначыў, што экалагічная культура – гэта не проста модны трэнд, а свядомы выбар кожнага з нас. І пачаць трэба з простых штодзённых звычак: раздзельнага збору адходаў, разумнага спажывання вады і электраэнергіі, беражлівых адносін да зялёных насаджэнняў. “Прафсаюзы заўсёды падтрымлівалі ініцыятывы, накіраваныя на экалагічную асвету, беражлівыя адносіны да рэсурсаў,” – падкрэсліў госць.

Як было адзначана ва ўсіх калектывах, у Беларусі стварэнне камфортных, экалагічна бяспечных умоў для жыцця – адзін з нацыянальных прыярытэтаў. За апошнія 10 гадоў выкіды шкодных рэчываў у паветра знізіліся больш як на трэць, у тым ліку ад аўтатранспарту – амаль напалавіну (і гэта пры тым, што аўтапарк беларусаў вырас на сотні тысяч машын). Наша краіна займае першае месца ў свеце па тэмпах зніжэння выкідаў сажы ў атмасферу, а таксама ўваходзіць у лік лідараў па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу. Дзякуючы рашэнням кіраўніка дзяржавы цэнтралізаванае пітное водазабеспячэнне насельніцтва ажыццяўляецца выключна з падземных крыніц, што дало магчымасць забяспечыць практычна ўсіх спажыўцоў вадой добрай якасці. Гэтаму таксама садзейнічала шырокамаштабнае будаўніцтва станцый ачысткі. Беларусь – адзін з сусветных лідараў па аднаўленні балот, а лясныя ўгоддзі пашырыліся да рэкордных маштабаў (калі разглядаць дынаміку за апошнія 100 гадоў), пакрываючы 40,5 працэнта тэрыторыі краіны.

 Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *