“Ці не рана будзе, калі да вас прыйсці ў 9 раніцы?” – дамаўляемся аб сустрэчы з Ларысай Аляксееўнай Алабінай і чуем у адказ: “Я штодня ў 5 падымаюся, незалежна ад надвор’я. Звычка, захаваная з маладосці”. І сапраўды, юбіляр сустрэла на двары шыкоўнага перабудаванага і павялічанага бацькоўскага дома пры поўным парадзе і са зрэзаным букетам кветак. Быццам сёння першага верасня і педагог, як і 60 год таму, зноў на школьнай лінейцы ў акружэнні сваіх першаклашак.
А было гэта ў новым мікрараёне амаль мільённага Чалябінска – на радзіме мужа, куды накіравалася выпускніца Віцебскага педінстытута праз год пасля вяселля. Яго спраўлялі некалькі разоў, а першае – у лістападзе 1967 года – студэнцка-салдацкае: інтэрнат суседнічаў з дэсантнай часцю, дзе праходзіў тэрміновую службу Аляксандр Сяргеевіч – на сумесных культурных мерапрыемствах і пазнаёміліся.
“Заўсёды ўраўнаважаная, тактоўная, паважлівая, яна ніколі не павысіла голасу і ўмела згуртаваць калектыў. Мы вельмі дружна жылі сваім тады вялікім звяном “пачаткоўцаў”, – прыгадала Альбіна Васільеўна Барунова.
Школа на 2 тысячы вучняў, у яе першым “З” – 43. А хутка і за ўсіх пачаткоўцаў пачала адказваць – пагадзілася ў 29 гадоў стаць завучам. На той час у сям’і ўжо было два дзіцяці-пагоднікі. “Смешны фотаздымак захаваўся – у цэнтры маёй вялікай каманды – сын-немаўля. Пакуль у мяне ўрокі, ён быў з мужам, у тым ліку і ў машыне “хуткай дапамогі”, а па заканчэнні заняткаў, каб хутчэй, перадаваў яго мне часта праз вакно. Дэкрэтны адпачынак заканчваўся праз 2 месяцы пасля родаў, на яслі існавала чарга, вось і шукалі розныя варыянты, калі на бабуль-суседак дзяцей пакідалі. Яны рана самастойнымі сталі, у дзесяць гадоў, калі заставаліся дома, маглі і падагрэць ежу, і простае што прыгатаваць”, – успамінае Ларыса Аляксееўна, з-за стану здароўя якой сям’я вымушана была пакінуць і дружныя калектывы, і трохпакаёвую кватэру з ужо наладжаным бытам.
“Вельмі прыгожая, заўсёды з густам апранутая, памятаю модныя высокія боты на абцасах і гразь, па якой мы з кіламетр ішлі ад аўтобуснага прыпынку ў Сарочыне да нашай Ленінскай школы, у пачатковых класах якой было па 10-12 чалавек”, – успаміны калегі Тамары Рыгораўны Хамёнак датычацца першага года работы нашай гераіні на Ушаччыне. А потым будзе група падоўжанага дня і зноў прапанова стаць завучам. “Паглядзелі запіс у працоўнай кніжцы, ды і некаторыя педагогі школы, напрыклад, Надзея Мікалаеўна Пашута, ведалі мяне асабіста. Акрамя гэтага я брала гадзіны матэматыкі (пачаткоўцы маглі выкладаць у сярэднім звяне)”, – прыгадвае педагог з 29-гадовым стажам новы адрэзак працоўнай біяграфіі.
“Ва Ушацкай школе я аказалася 31 жніўня 1989 года. Высветлілася, што ўсе шэсць класаў у паралелі моцна перапоўнены і быў сфарміраваны 1 “Ж”. Ды і ў іншых было нямногім менш “літар”, – біяграфія Надзеі Леанідаўны Губко падкрэслівае, якім штатам кіравала Л.Алабіна.
“У школе ці дзіцячым садзе будзем працаваць, хоць першы варыянт лічыўся лепшым, як і іншыя рабочыя моманты заўсёды вырашаліся справядліва, калі супадалі жаданні – цягнулі жэрабя, і ніхто ні на каго не крыўдзіўся. Сябруем з Ларысай Аляксееўна з васьмідзясятых. Ёй можна даверыць любы сакрэт і быць упэўненым, што ён такім і застанецца”, – прыгадала Надзея Міхайлаўна Чабатар. І хоць літаральна ўсе былыя калегі падкрэслівалі яе мяккасць, тактоўнасць і чуласць, характар у завуча быў, тым не менш, стальны. Свой пункт гледжання яна горача і публічна адстойвала, хоць і каштавала гэта немалых нерваў. На пенсію па выслузе гадоў яна пайшла ў 1997-м, падстрахаваўшыся невялікім гандлёвым вопытам.
Прадпрымальніцкая кар’ера Л.Алабінай пачыналася выпадкова і …балюча. Ліхія дзевяностыя з адсутнасцю тавару і пустымі кішэнямі. Вось і прапанавала дачка пасадзіць на лета капусту, каб потым оптам здаць. Палова агарода аказалася ў белакачаннай. А ўрадзіла, як высветлілася, добра па ўсёй краіне – і опт праваліўся. “Што рабіць – не ведалі. І адчаялася я пайсці на рынак. Ноч не спала – пераламіць сябе не магла, сорамна было, хоць пад зямлю праваліся. Першую гадзіну ВЫСТАЯЛА – ва ўсіх сэнсах гэтага слова, другую – і нешта прадала. У санаторый, спажыўтаварыства – збывалі качаны куды толькі можна, родных падключылі. А з першых дзён сустрэчы на рынку мяне моцна падтрымала Аліна Казіміраўна Крацёнак, яна і параіла паспрабаваць “канкурыраваць”, нават рэкламавала мой тавар. Мне заўсёды шанцавала на добрых людзей, вельмі са многімі падтрымліваем сувязь”, – кажа гераіня аповеду.
Так і пайшло з пераменным поспехам. Шукала пастаўшчыкоў і памяшканні, урэшце магазін адчыніла. І ўвесь час не пераставала трымаць вялікую гаспадарку, нават карову. Поўнасцю перасялілася ў бацькоўскі дом, які зрабіла “лялькай”, зараз днямі прападае на ўчастку з агародам, садам і багатай кветкавай зонай. Вельмі любіць Ларыса Аляксееўна ружы, цыніі, хрызантэмы – прыгожы букет так пасуе да твару настаўніка.
Вольга КАРАЛЕНКА.

