У новым навучальным годзе, да старту якога засталося зусім крыху, прадугледжана нямала новаўвядзенняў. А таму нам было што абмеркаваць падчас “прамой лініі” з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Людмілай Васільеўнай ДАВЫДАВАЙ.
– 1 верасня сёлета выпадае на аўторак. У гэты дзень у школах будуць толькі святочныя лінейкі ці ўрокі таксама?
– Пачнецца дзень, канечне, з урачыстасцяў – іх канкрэтны час і месца правядзення паведамім крыху пазней. Паколькі ж гэта не выхадны, урокі таксама будуць – з раскладам вучняў азнаёмяць класныя кіраўнікі.
– Падручнікі ва ўсіх ужо будуць, а да якога часу трэба за іх разлічыцца?
– Унесці плату за карыстанне неабходна да 1 кастрычніка. Нагадаю, што сума прывязана да базавай велічыні: для школьнікаў яна ўстаноўлена ў памеры 50 працэнтаў, а для выхаванцаў дзіцячых садоў – 20. За вучня любога класа трэба ўнесці 22,5 рубля, а за дашкольніка – 9. Асаблівыя ўмовы прадугледжаны для мнагадзетных сямей: для іх сума зменшана яшчэ напалову.
– Ва Ушацкай школе зноў толькі адзін дзясяты клас?
– Так, ён будзе складацца з груп аграрнай і педагагічнай накіраванасці (летась былі аграрная і інжынерная). Да такой прафілізацыі на працягу ўсяго мінулага года мы рыхтавалі вучняў, іх бацькоў. Гэта не наша ініцыятыва – падобнае практыкуецца па ўсёй краіне, каб стымуляваць вучняў з невысокай паспяховасцю да паступлення ў каледжы. Тыя ж ушачане, якія пасля дзевяці класаў вырашылі працягнуць вучобу ў школе, але па балах не дацягнулі да профілю, пераведзены ў Арэхаўскую СШ, куды арганізуем падвоз.
– У дашкольных установах краіны актыўна адкрываюцца ясельныя групы для малых ад аднаго года. Ва Ушачах яны будуць ва ўсіх садках?
– Не, пакуль патрэбы ў гэтым няма – хапае той, якую адкрылі летась на базе дзіцячага сада №2. Дарэчы, па запыце бацькоў можам арганізаваць яе работу не кароткачасова, а да 12 гадзін за дзень.
– Якіх змен чакаць у вучэбным працэсе?
– Іх шмат. Так, напрыклад, да 1 верасня перавыдадзена мноства падручнікаў і дапаможнікаў – выкарыстана спецыяльная афсетная папера, якая зніжае нагрузку на зрок. Дапоўнены змест падручніка па гісторыі Беларусі – у кантэксце сусветнай гісторыі для 11 класаў з’явілася інфаграфіка, QR-коды з відэаматэрыяламі і нават 3D-мадэлі. Пачынаючы з шостага класа будуць прымяняць тэхналогіі штучнага інтэлекту – дзяцей пазнаёмяць, як яго выкарыстоўваць, навучаць укараняць у мадэляванне, абавязковымі стануць таксама раздзелы па сеткавым этыкеце, кібербяспецы, абароне персанальных даных. Трэці ўрок фізічнай культуры, уведзены летась, цяпер арыентаваны на развіццё рухальнай актыўнасці вучняў і падрыхтоўку да здачы нарматываў. Ну і самыя прыкметныя навацыі чакаюць дзесяцікласнікаў на ўроках па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы – уведзены раздзел тактычнай медыцыны, а ў другім паўгоддзі юнакі асвояць асновы кіравання дронамі.
– Дзякуй за цікавую размову.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

