Уровень развития животноводства в КУСХП «Ореховно»: беда и болезнь в хронической стадии?

Сельское хозяйство Читатель поднимает проблему

Раніца і так цяжкога панядзелка пачалася з візіту ўсхваляванага чытача. “З’ездзіце ў Ліпаўкі. Паглядзіце, што на ферме робіцца. Падпёртыя каровы тыдзень стаяць галодныя, равуць, гной цячэ…”

І вось мы з дырэктарам племстанцыі Алінай Эдуардаўнай Шараг на ферме. Дакладней, на яе тэрыторыі. Побач дзве машыны і трактар, механізатар, намеснік дырэктара і вартаўнік. “А вы не прапанавалі тым чуллівым скаржнікам прыйсці дапамагчы? – вымаўляе апошні. – Па ўсёй вёсцы чалавека не адшукаць”.

Ён хоць і вартаўнік, але вымушаны выконваць абавязкі і даглядчыка-пастуха, з якімі ў КУСГП “Арэхаўна” праблемы. “Прывозяць з Ціханят, Слабады – каго ўгавораць, тлумачыць А.Шараг. – І пры гэтым часта адразу з разлікам на месцы – інакш ніхто ісці не хоча. А атрымаўшы грошы, могуць да канца дня і не дапасвіць. Участак тут адказны, зусім блізка траса “Полацк-Мінск”: некалькі аўтамабіляў пашкоджана ад сутыкнення з жывёлай летась, адзін такі выпадак быў сёлета. Зразумела, потым урон вылічаюць з даглядчыкаў. Праблемная ферма, няма каму працаваць”.

І пра сітуацыю ў Ліпаўках выдатна ведала кіраўніцтва раёна. Прычым не ад рэдакцыі ці неабыякавых жыхароў. Праблема “з барадой”, а ў чарговы раз абвастрылася тыдні два таму, калі пачаўся сезон журавін і, адпаведна, прагулаў. Таму і было прынята рашэнне перавесці 98 ліпаўскіх цялушак на комплекс у Слабаду. Проста сваім ходам гэтага зрабіць немагчыма з-за дзвюх трас. Таму пазычылі на час спецыяльную цялежку ў “Ільюшынскім” і перавозілі. Толькі перад апошнім рэйсам у нядзелю прабілі кола, вось і засталося на ферме адзінаццаць жывёлін. Аднак іх пасвілі, а на ноч сапраўды падпіралі.

Паглядзець, у якіх умовах кватаруюць будучыя каровы, у мяне не атрымалася. У спешцы зусім не падумала пра боты, а яны не пашкодзілі б, паколькі на ферме з бяспрывязным утрыманнем гною сапраўды хапала.

І вось выпускаюць цялушак. Ладныя, укормленыя, яны не нясуцца да канюшыны, а павольна рухаюцца па зялёнцы. Зусім непадобныя на тыдзень галадаўшую жывёлу. Ды і пакуль стаялі ў памяшканні, адчайнага рову я не пачула. Як і жанчына з самага блізкага ад фермы дома. “Я толькі ўчора прыехала, аднак нічога незвычайнага. Легкавы аўтамабіль ля фермы стаяў”. А яшчэ адзін сусед аб’екта Уладзімір Лявонавіч Якушаў, які неаднойчы дапамагаў выганяць пастухам жывёлу, кажа, што ў нядзелю не бачыў, у пятніцу ж дакладна выганялі. Пацвярджае гэта і кіраўнік гаспадаркі М.Л.Купрыянаў. “У нядзелю перавозілі жывёлу, таму, канечне, не выганялі. Да гэтага ж яна пасвілася. Дарэчы, скардзіліся ў райсельгасхарч яшчэ на мінулым тыдні, прыязджаў начальнік службы А.Я.Іоскін і пераканаўся, што гэта не адпавядае рэчаіснасці”. “Калі б цёлкі тыдзень галадалі, мы б іх зараз не злавілі, – заўважае А.Э.Шараг. – Ды яны б ужо праз вокны павыскоквалі, а роў быў бы чутны за кіламетр”.

Раіса Шаўчэнка, Аліна Спірыдовіч, Тамара Мароз, Вячаслаў Каваленка… гэта не ўсе тыя жывёлаводы гаспадаркі, на якіх раней трымаліся надоі і прывагі. Ёсць сумленныя работнікі і зараз, толькі іх сапраўды можна пералічыць па пальцах. Памятаю, як год таму дырэктар “Арэхаўна” даваў аб’явы аб прыёме на работу, а таксама штодня вазілі людзей з лячэбна-папраўчага прафілакторыя. “З гэтай катэгорыяй ніякіх праблем не было, ведалі, што калі правіняцца, назаўтра іх заменяць. Адзінае – далёка вазіць, ды і ЛПП зачынілі”, – канстатуе кіраўнік.

Гэты зімова-стойлавы перыяд уся жывёла КУСГП “Арэхаўна” будзе стаяць на комплексе ў Слабадзе, памяшканняў там хапае. А вось ці знойдуць надзейны штат жывёлаводаў? Пытанне гэта няпростае літаральна для кожнай гаспадаркі. На жаль, амаль не застаецца тых, хто ідзе на ферму, бо не баіцца работы і любіць жывёлу. Прафесіяй даяркі ці даглядчыка ў нас зараз пужаюць дзяцей: “Будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш кароў даіць ці быкам хвасты круціць”. І той факт, што вакансіі часта займаюць асобы абавязаныя ці тыя, што лечацца ад алкагалізму, толькі пацвярджае выснову, зробленую пасля візіту ў Ліпаўкі. Гэта не крытыка на гаспадарку, а яе бяда, хвароба, і здаецца, пакуль у хранічнай стадыі.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Уровень развития животноводства в КУСХП «Ореховно»: беда и болезнь в хронической стадии?

  1. Гэткім чынам Вы спакваля падвялі чытача да лагічнай высновы: каб людзі якасна працавалі, ім трэба добра плаціць. Колькі? Ну, прыкладна столькі, колькі налічваюць першаму намесьніку райвыканкама, кіраўніку усёй сельскай гаспадаркі раёну.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *