Акция «Путь к здоровому сердцу» прошла на прошлой неделе в Ушачском районе

Здравоохранение Общество Официально

Ні адзін з самых дасканалых рухавікоў не здольны 60 гадоў адпрацаваць без адзінага спынення, як гэта робіць сэрца. Апошняе ж можа дзейнічаць без перабояў і сто гадоў, калі яго не прыгнятаць нездаровым ладам жыцця, не засмучаць стрэсамі. Пра гэта і многае іншае ўшацкія медыкі нагадалі жыхарам раёна падчас правядзення інфармацыйна- адукацыйнай акцыі “Шлях да здаровага сэрца”. На працягу ўсяго мінулага тыдня ў райцэнтры і на базе сельскіх устаноў аховы здароўя ладзіліся самыя розныя мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Удзел у іх прынялі 234 чалавекі.

Надзвычай ажыўлена было ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы ў другой палове чацвярга. Магчымасцю бясплатна змерыць рост, масу цела, аб’ём таліі, артэрыяльны ціск, вызначыць рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, атрымаць кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў – кардыёлага і неў­ролага – скарысталіся 69 грамадзян. “Ляжу зараз у бальніцы, праходжу неабходнае лячэнне, – падзялілася з намі жыхарка Кугоняў Ефрасіння Ільінічна Кузняцова. – Даведалася пра акцыю і вырашыла скарыстацца. Вельмі зручна, што ўсё адбываецца ў адным памяшканні. Трапіла да ўсіх спецыялістаў – і атрымала шмат карыснай інфармацыі: не толькі аб прыёме лекаў, але і харчаванні, якога мне, улічваючы ўсе паказчыкі, трэба прытрымлівацца”. Зрэшты, для таго, каб пацыентам было прасцей арыентавацца ў атрыманых ад медыкаў прызначэннях, для іх загадзя былі падрыхтаваны спецыяльныя лістоўкі, памяткі з карыснай інфармацыяй.

Найбольшая колькасць тых, хто ў адзначаны дзень праверыў стан здароўя свайго сэр­ца, – жанчыны пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Прадстаўнікі моцнай паловы, на жаль, часу на гэта важнае мерапрыемства не знайшлі (хоць менавіта яны ўтрая часцей пакутуюць ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы) – іх можна было пералічыць на пальцах адной рукі. “Таксама не збіраўся прыходзіць, – расказаў ушачанін Аляксандр Мікалаевіч Азевіч. – Трэба было трапіць на прыём да іншага спецыяліста, а калі пачуў пра акцыю, заглянуў на ўсялякі выпадак. І не дарэмна! Цяпер буду больш адказна ставіцца да вымярэння артэрыяльнага ціску. Не лішнімі будуць і звесткі пра тое, як адрозніць прыступы інфаркту і інсульту”.

Парады па змяншэнні рызыкі ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, іх лячэнні і медыцынскай рэабілітацыі на працягу некалькіх дзён атрымлівалі ўшачане і па тэлефоне “гарачай лініі”. Як нам расказала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталія Васільеўна Дрозд, у асноўным пыталіся пра магчымасць у нашым раёне зрабіць УГД (УЗИ) сэрца, а такая медыцынская паслуга ёсць. Таксама цікавіліся аб лекавых сродках і іх замене на беларускія адпаведнікі, аб правілах прыёму медыкаментаў пры розных захворваннях, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей арганізма пацыента. Некалькі чалавек, якія звярнуліся за парадамі да кардыёлага па тэлефоне, былі запрошаны на абследаванне і далейшае лячэнне ў стацыянары бальніцы.

У цэлым, акцыя прайшла з карысцю для ўшачан. Многія з іх усвядомілі, што сэрца губяць занадта актыўны лад жыцця, напружаны працоўны рытм, пастаянныя стрэсы, сон урыўкамі, павышанае ўтрыманне халестэрыну ў крыві. Каб не скараціць сабе жыццё на 10-15 гадоў (менавіта столькі адбіраюць у чалавека захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы), варта больш рухацца, але без перагрузак. Харчаванне павінна быць рэгулярным і ўключаць натуральныя прадукты: нятлустае мяса, рыбу, малочныя вырабы, кашы, свежую агародніну і садавіну. Неабходна абмежаваць спажыванне солі, адмовіцца ад спіртных напояў, тытуню, адарвацца ад тэлевізара і камп’ютара. Апранайцеся згодна з надвор’ем: рэзкія перапады тэмператур негатыўна адбіваюцца на рабоце сэр­ца. І яшчэ – нават здаровым людзям неабходна рэгулярна праходзіць прафілактычны агляд. Урач навучыць распазнаваць раннія сімптомы павышанага артэрыяльнага ціску, прыступы стэнакардыі, кантраляваць пульс і самаадчуванне, сфарміраваць асабістую аптэчку “хуткай дапамогі” і правільна ёй карыстацца.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *