Уроки учителя начальных классов Наталии Курбако проходят не по шаблону!

К профессиональному празднику

Настаўнік пачатковых класаў – катэгорыя сярод работнікаў адукацыі асаблівая. Менавіта з яго асобы складваюцца першае ўражанне дзяцей аб школе, іх любоў да вучобы, фарміруецца асабістае “я”. Вучням Наталіі Уладзіміраўны Курбака з Ільюшынскай школы ў гэтым сэнсе пашчасціла: для іх першая настаўніца стала адначасова выхавальнікам, псіхолагам, мастаком, артыстам, сябрам, дарадцам.

Творчаму патэнцыялу, закладзенаму ў гэтай маладой жанчыне, можна пазайздросціць. Яшчэ ў дзяцінстве няўрымслівая Наташа, якая выхоўвалася ў асаблівай атмасферы (тата працаваў загадчыкам СДК, усе члены сям’і займаліся маляваннем), парывалася на сцэну, спрабавала сябе ў вакале, ігры на баяне. Вось толькі бацькі яе імкненне не падтрымалі, сказаўшы, што перш чым у самадзейнасць падавацца, неабходна добрую спецыяльнасць атрымаць. Выбар паў на прафесію настаўніка. Прывабіла дзяўчыну найперш тое, што ў Полацкім педагагічным каледжы “пачатковая адукацыя” спалучалася са спецыялізацыяй “кіраўнік гуртка студыі выяўленчага мастацтва”. А ўжо пазней Н.У.Курбака завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава.

Цяпер ураджэнка Міёршчыны ніколькі не шкадуе, што свой талент раскрывае не на сцэне, а ля школьнай дошкі. Да таго ж, спецыфіка яе работы не проста дазваляе, а рэкамендуе займацца з дзецьмі творчасцю, гуляць у рухомыя гульні, чытаць вершы.

– Мая мама – таксама настаўніца, выкладае рускую мову і літаратуру, – расказвае Н.У.Курбака. – Калі я скончыла каледж і была размеркавана ў родную школу, працавалі з ёй, як кажуць, плячо ў плячо. Але ж праз два гады, каб быць бліжэй да сваёй другой палавінкі, пераехала ва Ушачы. А выбраць менавіта Ільюшынскую школу параіла цяперашняя калега, маці былой аднакурсніцы Наталля Васільеўна Леднік.

І вось за плячамі Наталіі Уладзіміраўны ўжо два выпускі, на падыходзе – трэці. І кожны, па словах педагога, асаблівы.

– Маімі першымі выхаванцамі ў Ільюшыне сталі чацвёртакласнікі, якіх да мяне вучыла вопытны педагог Таццяна Міхайлаўна Хвошч, – расказвае Н.У.Курбака. – Дзеці былі надзвычай цікаўнымі, схільнымі да навук. Так, наша з імі работа “Шлях хлеба да стала” на раённай навукова-практычнай канферэнцыі атрымала бясспрэчную перамогу. Сёлета яны скончылі школу, прычым, Маша Сцёпачкіна – з залатым медалём. Наступны мой клас (цяпер дзеці ў восьмым) “спецыялізаваўся” на спорце і маляванні. Нямала перамог школьнага і раённага ўзроўню па першым – у Юлі Пліско, Жэні Маркевіча, Кірыла Марозава, а па другім – у Сяргея Якімовіча, Ксеніі Урбан. Цяперашнія ж мае дзеткі на рэдкасць дысцыплінаваныя. Пасля нашага з імі пераезду з будынка сада ў школу педагогі нават жартавалі, маўляў, нас не відаць і не чуваць. Між тым, на якасць навучання такая сабранасць 10 хлопчыкаў і дзяўчынак аказвае найлепшы ўплыў. Так, высокія навуковыя і спартыўныя дасягненні ўжо ёсць у Дзіяны Радзюш. Удзел у прадметных алімпіядах паспяхова прымаюць Жэня Гвоздзева і Лера Урбан. Любяць маляваць Вара Сінякова і Арцём Карабань. Многія дзеці наведваюць гурток “Дзіцячая цацка”, які вяду.

Урокі Наталіі Уладзіміраўны заўсёды праходзяць незвычайна, яна імкнецца праводзіць іх не па шаблоне – выкарыстоўвае цікавыя формы навучання. Напрыклад, самыя складаныя правілы зарыфмоўвае – так дзеці лепш запамінаюць, весела цытуюць і нават самі спрабуюць складаць. Нярэдка выкарыстоўвае для нагляднасці ўласныя малюнкі. Зрэшты, у вольны час педагог любіць пасядзець над чарговым нацюрмортам ці партрэтам. Тэхнікай батык яна авалодала ў дасканаласці, зараз узялася за масла.

Для сваіх вучняў Н.У.Курбака – у многім прыклад. Розным методыкам могуць павучыцца ў яе нават вопытныя калегі. Нездарма ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2014” яна заваявала тытул “Педагагічная надзея”, а ў 2016-м прозвішча Наталіі Уладзіміраўны было занесена на Маладзёжную Дошку гонару Ушацкага раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *