Ушачский районный центр детей и молодёжи отметил свой полувековой юбилей!

Юбилейные даты

Прыгожае свята з нагоды 50-годдзя з дня заснавання прайшло ва Ушацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. На яго сабраліся былыя і сённяшнія работнікі ўстановы, іх юныя выхаванцы. Ганаровымі гасцямі сталі намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч, начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №237 г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк”, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў І.Б.Бурак, начальнік РАНС С.Я.Аваднёў, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Н.В.Стрыжонак і Л.Р.Карабань, якая раней доўгі час узначальвала аддзел, прадстаўнікі педагагічнай галіны раёна.

Гісторыя Цэнтра (раней – Дом піянераў і школьнікаў) пачалася ў далёкім 1968 годзе. Асобнага памяшкання для ўстановы не знайшлося, таму гурткі працавалі на базе Ушацкай школы. Толькі ў 1973-м педагогам давялося святкаваць наваселле – у будынку цяперашняй дзіцячай школы мастацтваў.

У 1980-я гады ў раёне актывізавалася работа піянерскіх дружын, а самых паспяховых заахвочвалі экскурсійнымі паездкамі. Сталі традыцыйнымі тыдні рэвалюцыйнай славы, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, конкурсы гарністаў. Была ў нашым раёне і свая каманда барабаншчыкаў, а на базе Дома піянераў працаваў штаб “Пошук”. Шмат аматараў было ў гульні “Зарніца”, а таксама гурткоў “Юны калгаснік”, “Юны трактарыст”, “Чырвоныя следапыты” і іншых. Напачатку 90-х, пасля набыцця самастойнасці саюза піянерскіх арганізацый Беларусі, ухіл пачаў рабіцца на эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Новае ж тысячагоддзе ўвабрала ў сябе ўсе найлепшыя папярэднія здабыткі.

У розныя гады кіраўнікамі Дома піянераў і школьнікаў (затым – Цэнтра пазашкольнай работы, цэнтра дзяцей і моладзі) былі Ніна Васільеўна Крывапушчанка, Алена Сяргееўна Януковіч, Тамара Сяргееўна Васюковіч, Святлана Альфрэдаўна Чанцова, Ніна Аляксандраўна Васілеўская, Ларыса Кузьмінічна Хамёнак, Аксана Васільеўна Смірнова, Васіль Іванавіч Фралоў, Таццяна Уладзіміраўна Шарыпа, Людміла Аляксандраўна Вяль, Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, Ірына Віктараўна Бельская, Наталля Міхайлаўна Каваленка.

Сёння ж кіруе дружным творчым калектывам з 22 таленавітых і ўлюбёных у сваю справу спецыялістаў Людміла Васільеўна Давыдава. Кожны з работнікаў у многім унікальны: хтосьці захоўвае народныя традыцыі саломапляцення, іншы суправаджае навучэнцаў у свет выяўленчага мастацтва, “ажыўляе” прыродныя матэрыялы, робіць цудоўныя кампазіцыі з бісеру ці, скажам, увасабляе ў рэальнасць мару многіх хлопчыкаў і дзяўчынак пра выступленне на сцэне. Ва ўстанове працуе 52 аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, турысцка-краязнаўчага, тэхнічнага, спартыўна-масавага напрамкаў. Сярод сёлетніх навінак – гурткі “Дзіцячая кінастудыя” (кіраўнік – В.Птушко), “Паперапластыка” (Г.Бабянок), “Тэхнасіці” (Т.Шасцярэнь), музычны тэатр “Брава” (В.Пугачова).

Магчымасць развіваць свае здольнасці тут атрымалі ўжо 580 хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў скарбонцы дасягненняў навучэнцаў апошніх гадоў з’явіліся дыпломы пераможцаў абласных выстаў-конкурсаў “Лёд. Кветкі. Фантазія” і “Саматканы цуд” (кіраўнік – Г.Бабянок), агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” (В.Пугачова) і шэраг іншых.

Многія ўшачане па прывычцы і зараз называюць цэнтр Домам піянераў. І нездарма, бо ўстанова па-ранейшаму з’яўляецца каардынатарам дзіцячага руху, а сённяшняя піянерыя – гэта дабрачыннасць, працоўныя і патрыятычныя акцыі, яркія і вясёлыя святы. Пра ўсё гэта прысутныя даведаліся з фільма, падрыхтаванага да юбілею. Шмат пазітыўных эмоцый выклікалі і выступленні выхаванцаў гурткоў, а разнастайныя выставы пацвярджалі таленавітасць і майстэрства дзетак і іх педагогаў.

50-гадовы юбілей – гэта і сталасць, і маладосць адначасова. Ушацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі пастаянна прырастае новымі напрамкамі, а яго дзверы заўсёды адчынены для хлопчыкаў і дзяўчынак.

З успамінаў ветэранаў

С.А.ЧАНЦОВА:

– Піянерважатай стала ў 1972-м, калі прыйшла ў Гарбаціцкую школу. На пасадзе ж дырэктара Дома піянераў і школьнікаў працавала з 1978 па 1984 гады. Матэрыяльная база ў той час была слабая, гурткі праводзіліся выключна па вечарах, а калектыў быў на рэдкасць невялікім: акрамя мяне – прыбіральшчыца і, у лепшым выпадку, метадыст. Так, напрыклад, каб падрыхтаваць гарністаў і барабаншчыкаў, мне давялося прайсці “экспрэс-курсы” ў музычнай школе.

Памятаю, як пасля адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Прарыў” у наш раён прыязджалі дэлегацыі з усяго СССР, якім мы рыхтавалі сувенірную прадукцыю. Майстрам на ўсе рукі ў гэтым сэнсе быў Сяргей Трафімавіч Белавусаў, які з любога падручнага матэрыялу – кавалка драўніны, рагоў жывёлы – мог вырабіць сапраўдны шэдэўр. Захаваць жа на гады яркія моманты з жыцця раёна дапамагаў кіраўнік фотагуртка Мікалай Данілавіч Васілеўскі.

Н.А.ВАСІЛЕЎСКАЯ:

– 45 гадоў таму я стала піянерважатай ва Ушацкай школе, а ў 1984-м – дырэктарам Дома піянераў. У той час у раёне было ажно 24 школы, і на базе кожнай дзейнічалі піянерскія дружыны. Вельмі папулярнымі ў дзяцей былі гурткі картынгістаў, электронікі, аўтаматыкі і, безумоўна, турыстычны. Прыемна, што кіраўнік апошняга – Валерый Уладзіміравіч Корань – дагэтуль займаецца любімай справай, зараджаючы энтузіязмам сучасную моладзь. Здаецца, імгненне прайшло, а ўжо прыходзяць да мяне ў “Дом пенсіянераў” – раённы савет ветэранаў, старшынёй якога з’яўляюся, былыя калегі і нават падапечныя.

Н.М.КАВАЛЕНКА:

– Мая работа ў Цэнтры прыпала як раз на той час, калі сюды пачалі прыходзіць цяперашнія работнікі. Памятаю, як у 2007-м разам з Таццянай Лапёнак набывалі гукаўзмацняльную апаратуру – навагоднія святы атрымаліся на славу! Хутка знайшла агульную мову з творчымі Таццянай Шасцярэнь, Алесяй Футарман, Вольгай Пугачовай, а разам з Любоўю Сеньчанка пачыналі асвойваць новы від мастацтва – пескаграфію.

Л.Р.КАРАБАНЬ:

– Як былы начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, радуюся поспехам ушацкіх педагогаў. А работнікі Цэнтра традыцыйна даюць для гэтага нагоду. Прычым, выйшлі яны не толькі на абласны і рэспубліканскі ўзроўні – годна заявілі пра сябе на міжнародным! Так, лялька з саломкі ў выкананні Ганны Бабянок, педагога з 13-гадовым стажам, цяпер знаходзіцца ў Кітаі – на кафедры беларускай мовы аднаго з універсітэтаў. Там працуе мая пляменніца, якой у свой час я падарыла гэты асаблівы сімвал беларускасці. Ацанілі яго не толькі навучэнцы і педагагічны састаў навучальнай установы, але і прадстаўнікі мясцовага пасольства.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *