Многодетные ушачанки поучаствовали в конкурсе «А ну-ка, мамочки!»

Всё начинается с семьи

Паспрачацца за званне лепшай давялося ўдзельніцам конкурсу “Ану, мамачкі”, які арганізавалі на гэтым тыдні для мнагадзетных мам у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна ў рамках праграмы “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Ну а падтрымлівалі Вікторыю Лабань, Марыю Карпаву, Марыну Макрыдзіну і Святлану Багданаву іх дзеці.

Ці зможаце вы за тры хвіліны прышыць тры гузікі? Удзельніцы ж конкурсу зрабілі гэта нават хутчэй! “Мая мама сапраўдная швачка, яна лёгка справіцца!” – казаў маленькі Арсеній і падбадзёрваў Святлану. “Не! Мая павінна быць першай, яна мне часта гузікі прышывае!” – быў упэўнены ў сваёй маме Марыне Мацвей. А ў канкурсантак сапраўды ні з гузікамі, ні з наступным выпрабаваннем па вызначэнні дзяцей па голасе ніякіх праблем не ўзнікла.
Раніца кожнай мамы, а тым больш мнагадзетнай, праходзіць у мітусні на кухні і зборы дзяцей у садок і школу. З гэтым канкурсанткі ўжо могуць спраўляцца лічы з закрытымі вачыма! Што яны і прадэманстравалі падчас аднаго з конкурсаў: з вялікай колькасці адзення навобмацак выбіралі патрэбныя рэчы. Пагасла святло, а страва не гатова? Мама паспяхова выйдзе і з гэтай сітуацыі! Разгадаць сакрэтны інгрэдыент па яго паху – яшчэ адзін іспыт конкурсу. А вось дзеці адгадвалі стравы на смак і прыносілі ў скарбонку мам дадатковыя балы. Заключным выпрабаваннем стала дэфіле, падчас якога канкурсанткам прыйшлося прадставіць сябе ў розных ролях – ад міліцыянера да настаўніка.

Удзельніцы паспяхова справіліся з усімі заданнямі і кожная з іх заслугоўвала звання лепшай. Аднак конкурс ёсць конкурс, і перамога справядліва была прысуджана М.Макрыдзінай.

– Адгукнулася на запрашэнне і завітала разам з малодшымі дзецьмі – Ангелінай і Уладам. Хоць і не перамагла, але атрымала толькі добрыя ўражанні і выдатны настрой, – падзялілася з намі эмоцыямі М.Карпава.

Папярэднічалі ж конкурсу шматлікія віншаванні ў адрас мам. З найлепшымі пажаданнямі да іх звярнуліся дырэктар ТЦСАН А.У.Хвашчэўская і натарыус натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Ж.Л.Каваленка. Таксама Жанна Леанідаўна ўручыла мамам сертыфікаты, якія даюць права на атрыманне бясплатнай кансультацыі ў натарыусаў Віцебскай натарыяльнай акругі на працягу 2018-2019 гадоў.

Ну а завяршылася сустрэча па ўжо добрай традыцыі салодкім сталом. За яго арганізацыю, падарункі для дзетак з мнагадзетных сямей спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН вельмі ўдзячны спонсарам: індывідуальнаму прадпрымальніку Рыгору Яўгенавічу Копацю і магазіну “Мясная лаўка” УП “Гандлёвы дом” Віцебскаграпрадукт” (загадчык – Алена Васільеўна Брэнько).

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *