Главной строительной организации Ушаччины ПМК-66 исполняется 60 лет

Общество

Фінскія домікі, фермы… і самалёт

Мікрараёны шматпавярховак на Садовай і Віцебскай, чатыры дзіцячыя сады, фізкультурна-аздараўленчы комплекс… Такімі мы ўспрымаем сённяшнія Ушачы. А ветэраны перасоўнай механізаванай калоны нумар 66, якая сёння адзначае сваё 60-годдзе, памятаюць гарпасёлак драўляным за выключэннем школы і некалькіх дамоў па Савецкай, без цэнтральнага водаправода і каналізацыі. Раённы цэнтр, а таксама многія цэнтральныя сядзібы гаспадарак памянялі аблічча менавіта за гэтыя 60 год.

Раней у кожнай гаспадарцы ды і арганізацыі былі свае будаўнічыя брыгады, у буйнейшых яны засталіся для гаспадарчых патрэб. Ну а каб узводзіць аб’екты якасна, з прымяненнем сучасных матэрыялаў, хутка і танней, 42 калгасы хадайнічалі перад кіраўніцтвам раёна аб стварэнні Ушацкай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (МСО). Сумесная пастанова выканкама, Савета дэпутатаў і бюро райкама КПБ была прынята 17 кастрычніка 1958 года.

Міжкалгасбуд быў агульнай уласнасцю калгасаў-пайшчыкаў. У савет, што ажыццяўляў кіраўніцтва, уваходзілі прадстаўнікі кожнага, яны абіраліся на агульных сходах. Не было тады арганізацыі, якая б кантралявала якасць работ, таму прымалі аб’екты, як правіла, старшыні калгасаў.

Ушацкі міжкалгасбуд неаднойчы мяняў назвы: СУ (1962), МПМК-38 (1977), а пасля злучэння ў 1986 годзе – МПМК-79, а потым МПМК-66. Самай трывалай сярод ушачан аказалася першая. І да гэтых часоў увесь мікрараён будаўнікоў называюць “МСО”. Хаця тады, у эру касманаўтыкі, па ўспамінах тагачаснага прараба Вольгі Фёдараўны Гваздзёвай, клікалі “Планетай” – такім прарывам было для Ушач стварэнне будаўнічай арганізацыі.

Насупраць канторы з’явілася і першае ведамаснае жыллё саміх будаўнікоў, якія ўзводзілі ў асноўным фермы і фінскія домікі, у “Новым Жыцці” пераабсталёўвалі панскі дом пад кантору. Дабірацца да сядзіб гаспадарак даводзілася гадзінамі, таму з панядзелка па пятніцу брыгады знаходзіліся на аб’ектах. Каменні на фундамент збіралі самі, прычым не ў рабочы час, гравій – з бліжэйшых кар’ераў, цэгла – з завода ў Кублішчыне. З тэхнікі – два бульдозеры, некалькі машын… і самалёт. Праўда, толькі на карцінцы – пры падвядзенні вынікаў работы ў вобласці вывешвалі плакат дзе супраць абсалютных пераможцаў малявалі і самую дарагую тэхніку, а ўшацкія будаўнікі вельмі часта займалі верхнюю графу.

Першым кіраўніком праўлення быў Васіль Давыдавіч Ушакоў, пазней арганізацыю ўзначальвалі Васіль Афанасьевіч Круцікаў, Леанід Цярэнцьевіч Стэльмах, Віктар Міхайлавіч Цітоў, Аляксандр Уладзіміравіч Канаваленка, Аляксандр Лукіч Фамёнак, Анатоль Уладзіміравіч Крывапушчанка, Аляксандр Эдуардавіч Ігнатовіч, Павел Аляксандравіч Арлоўскі.

На іх рахунку практычна ўвесь жыллёвы фонд раёна, будынкі музея народнай славы, “Беларусбанка”, суда, пракуратуры, якія ўпрыгожылі райцэнтр, дзіцячыя сады, сталовыя, школы, што былі ў кожнай цэнтральнай сядзібе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У якасці субпадрадчыкаў – фізкультурна-аздараўленчы комплекс ”Юнацтва-Ушачы”, пагранзастава ў Бігосаве, рэканструкцыя цэхаў “Нафтана” і многія іншыя.

За гэты час выраслі не толькі Ушачы, але і дзясяткі працоўных дынастый, якія носяць гучнае ва ўсе часы званне будаўнік.
Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *