В Ушачском лесхозе запустили линию по производству обрезных пиломатериалов, которые отправляются на экспорт

Общество

У верасні на вытворчую базу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” пачалі заварочваць велікагрузныя аўтамабілі з нумарамі Еўрасаюза – у памяшканні былых складоў запусцілі лінію па вытворчасці абразных піламатэрыялаў, якія пастаўляюцца на экспарт. На прадпрыемстве нарэшце з’явіўся свой цэх па перапрацоўцы лесу-кругляка, што дазваляе прадаваць ужо не сыравіну, а прадукцыю, кошт якой у разы вышэй. І ў лясгасе зазначаюць, што гэта толькі першая ластаўка.

У пачатку дзявятай гадзіны брусовачны і мнагапільны станкі польскай фірмы “WALTER” былі спынены. Не таму, што працаваць у цэху пачынаюць позна, наадварот, брыгада з 5 чалавек займалася ўпакоўкай ужо гатовай прадукцыі, бо рабочы дзень тут пачынаецца з 6 гадзін і доўжыцца дзве змены, каб абсталяванне не прастойвала – давала аддачу.

– Заказаў хапае, – расказвае Аляксандр Сцяпанавіч Шасцярэнь, нядаўна прызначаны на пасаду майстра. – Асноўны напрамак экспартны, куды ідуць абразныя дошка і брус розных памераў. Але і неабразныя піламатэрыялы таксама знаходзяць свайго пакупніка, праўда, у межах краіны – іх пастаўлялі ў Полацк, Новалукомль, Віцебск. Трэба адзначыць, што мы пакуль спецыялізуемся на партыях вялікіх аб’ёмаў, працуем па папярэдніх дагаворах. Таму дробныя заказы, умоўныя 0,5 кубічных метра, ад насельніцтва прымаць не маем магчымасці.

Работнікі ў цэху тым часам справіліся з упакоўкай экспартнай дошкі. Патрабаванні да яе якасці высокія – бачыў, як у бок адкладаліся знешне роўныя і гладкія, але дзесьці з аднаго боку крыху з карой. “Пачак аб’ёмам 2,8 кубічных метра каштуе каля тысячы беларускіх рублёў, – тлумачаць рабочыя. – Таму пільна сочым, каб заказчыку не трапіў брак”. Зараз тэмпературы нізкія, а калі былі вышэй 10 градусаў, сырая дошка яшчэ і апрацоўвалася спецыяльным хімрастворам, каб не пачарнела.

Мікалай Асіпёнак на кары вывез гатовую прадукцыю на спецыяльную пляцоўку. Ён жа і пагрузіў на ваганетку пачак з абрэзкамі-адходамі – пойдуць на кацельню. А пілаванне пры дапамозе спецыяльнай паветранай сістэмы выдалення падаецца ў кантэйнер. За ім ужо прыязджаюць з гаспадарак раёна. Ды і смаргонскі завод кампаніі “Кронаспан”, якое спецыялізуецца на вытворчасці драўляных пліт, выходзіў на кіраўніцтва лясгаса – гатовы забіраць рэшткі піламатэрыялаў, як робяць гэта на ААТ “Ушачы”. Атрымліваецца амаль безадходная вытворчасць.

Папрысутнічаў і пры рабоце лініі. І ўпэўніўся, што пры ўключаных станках гэта сапраўдны канвеер, дзе работнікам нельга адхіліцца ні на хвіліну. Ігар Шатохін падаваў бярвёны з рампы па спецыяльным латку да брусовачніка, Іван Залатухін і Міхаіл Бугай прапускалі кругляк праз яго і падавалі брус у мнагапільны станок, гатовую дошку на выхадзе прымала і сартавала моладзь – Сяргей Шчукін і Андрэй Падсаднік.

Канструкцыя станкоў лініі такая, што бярвёны вялікага дыяметра на ім не апрацуеш. Тоўсты кругляк распілоўваецца на стужачным станку, з якога, дарэчы, і пачынаўся новы цэх. Агрэгат абслугоўваў Андрэй Жаўронак, а ўкладкай займаліся прыкамандзіраваныя да цэха вальшчыкі Павел Мацвееў і Сяргей Краўчанка. Так, штат новага структурнага падраздзялення яшчэ не ўкамплектаваны, але, па словах А.С.Шасцярня, людзі на прыкмеце ёсць. Тым больш што навучанне на допуск да працы на станках праходзіць на месцы – двойчы на тыдзень прыязджае майстар з Бешанковічаў. Зараз, напрыклад, прама на вытворчасці вучыцца восем чалавек. Звярнуў і ўвагу на тое, што многіх работнікаў цэха сустракаў раней на “мехустаноўцы” – ААТ “Ушачы”. “Зарплату тут абяцаюць большую!” – тлумачаць мужчыны. – Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш!”

Шукае дадатковыя крыніцы заробку і кіраўніцтва лясгаса, тым больш што маюцца прыклады суседзяў у тым жа Лепельскім раёне. Гэта важна, бо з пачатку года экспарт лесу-кругляка забаронены.

Адпаведны ўказ Прэзідэнта краіны быў падпісаны яшчэ ў 2016 годзе, але з-за негатоўнасці айчынных спажыўцоў і лясных гаспадарак, незавершанай мадэрнізацыі прадпрыемстваў выкананню дакумента была дадзена адтэрміноўка.

Зараз дрэваапрацоўчы цэх лясгаса выпускае за змену каля 5 метраў кубічных абразных піламатэрыялаў і каля 2 кубаметраў неабразных. У грашовым выражэнні ў залежнасці ад віду і сорту прадукцыі гэта 1-2 тысячы долараў ЗША. Нямнога ў маштабах вялікага калектыву, таму ў планах дырэктара лясгаса Уладзіслава Уладзіміравіча Цвірко – пашырэнне вытворчасці і асартыменту прадукцыі. Ужо амаль зманціравана міні–лінія па вырабе драўляных абкораных і завостраных калоў. У краінах Еўропы яны карыстаюцца попытам для вырошчвання вінаграду і будаўніцтва загонаў для жывёлы. Сыравінай для вырабу паслужыць балансавая драўніна, якая мае зусім нізкі кошт, а вось цана гатовых калоў вышэй не ў разы – у дзясяткі разоў.

– Вядуцца работы і ў былым арачніку “Райаграсэрвіса” ў Градзянцы, які мы набылі з аўкцыёну. – расказвае Уладзіслаў Уладзіміравіч. – Там мяркуем размясціць яшчэ адзін цэх, больш глыбокай перапрацоўкі драўніны.

На перааснашчэнне і запуск новай вытворчасці, канечне, патрэбны час і сродкі. Але ўласная перапрацоўка драўніны відавочна з’яўляецца выгаднай справай. Да таго ж, гэта і новыя працоўныя месцы, якіх так не хапае ў малых гарадах, дадатковыя падаткі ў бюджэт. Таму прама ў новым цэху па народнай прыкмеце, пастукаў па экспартнай драўніне – на шчасце, каб споўніліся задумы лесаводаў на карысць прадпрыемства і ўсіх ушачан.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *