Жизнь связал с дорогой. Более 30 лет посвятил работе в автотранспортном предприятии Олег Якубёнок

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Пагутарыць з вадзіцелем аўтобуса ўчастка г.п.Ушачы філіяла “АТП №6 г.Наваполацка” Алегам Рыгоравічам Якубёнкам давялося ўсяго паўгадзіны. Вярнуўшыся з рэйса на Полацк, ён ужо рыхтаваўся да наступнага. Але гэтага часу хапіла, каб упэўніцца, як сур’ёзна ён ставіцца да сваіх абавязкаў, як любіць сваю работу і прадпрыемства, якому прысвяціў больш трох дзясяткаў гадоў!

Гэта лёс! – інакш пра яго выпадак не скажаш, бо меў намер Алег Рыгоравіч стаць лётчыкам, праходзіў службу ў Віцебскім вучэбна-авіяцыйным цэнтры і звольніўся адтуль у званні старшага лейтэнанта са спецыяльнасцю пілота, маючы за плячыма 150 гадзін налёту. Аднак абставіны склаліся так, што прадоўжыць лётную справу не атрымалася. Ну а маючы правы вадзіцеля, атрыманыя яшчэ падчас вучобы ў роднай Ушацкай школе, вырашыў звязаць сваё жыццё не з небам, а з дарогай. Уладкаваўся ў аўтатранспартнае прадпрыемства, працаваў на грузавых аўтамабілях, а пазней перасеў на аўтобус. “Нічога, у свеце ўсё так імкліва развіваецца, хутка на маршрутах будуць не рэйсавыя аўтобусы, а верталёты! Глядзіш, і палятаю яшчэ!” – усміхаецца Алег Рыгоравіч.

Дарэчы, тое, што ён душа калектыву, актывіст, ініцыятар – вам скажа любы работнік участка. Але найперш – прафесіянал-вадзіцель, які ўжо як свае пяць пальцаў ведае кожны маршрут раёна, да таго ж 10 гадоў адкалясіў у сталіцу. “Пэўна, ёсць любімы маршрут і дарога?” – пытаюся ў мужчыны. Ён жа сцвярджае, што няма розніцы, куды ехаць, галоўнае – каб спраўнай была тэхніка.

– Вялікая адказнасць, калі ад цябе залежыць жыццё і здароўе 30-40 чалавек, – разважае Алег Рыгоравіч. – На дарозе ж можа здарыцца ўсялякае, а аўтобус – не маленькая машына, таму трэба быць максімальна ўважлівым і сабраным. На шчасце, за час маёй работы аварый не было, хіба што дробныя паломкі. У многім гэта вынік добрай работы нашай тэхнічнай службы: механікаў, зваршчыкаў, слесараў.

Вадзіцель адзначае, што прыходзіцца сутыкацца з рознымі пасажырамі, колькі людзей – столькі характараў: адны дзякуюць, іншыя абураюцца, што іх дрэнна вязуць ці высаджваюць не там, дзе ім захочацца. Няпроста і таму, што трэба не толькі “круціць баранку”, а і мець справу з грашыма, выдаваць білеты. Напрыклад, на ажыўленым маршруце Ушачы-Варонічы-Полацк даводзілася на адным прыпынку абілечваць і больш 40 пасажыраў, тое ж назіраецца ў ягадны сезон і ў ільюшынскім напрамку. Пры гэтым трэба строга прытрымлівацца графікаў руху.

Але даўно прывык Алег Рыгоравіч да абавязкаў, да пад’ёмаў на золку: самае позняе – у 5 гадзін. А ў моцныя маразы і завірухі нават і раней – каб выехаць своечасова, трэба прагрэць і падрыхтаваць аўтобус.

Аб адносінах да справы гэтага чалавека сведчыць і той факт, што да сёлетняга прафесійнага свята яго праца адзначана на ўзроўні “Віцебскаблаўтатранса”, ужо другі год на яго ўскладзены і абавязкі брыгадзіра аўтакалоны: складае графікі для ўсіх 16 вадзіцеляў. У гэтым яму на першапачатковым этапе істотна дапамагалі вопытныя дыспетчары.

– Не магу не адзначыць, што ў апошні час гравійкі раёна сталі лепшымі, – прадаўжае размову А.Якубёнак. – За што хочацца сказаць словы ўдзячнасці ў адрас ДРБУ-105. Раней, напрыклад, у напрамку Мосара ці Пуцілкавіч з-за дрэннага стану дарог нават не ўкладваліся ў графікі.

– Паўтара гады наша прадпрыемства працуе без скаргаў: гэта агульная заслуга калектыву і асабіста Алега Рыгоравіча, які вылучаецца высокай кваліфікацыяй, дысцыплінаванасцю, ніколі не дапускае зрываў рэйсаў. Давераны яму аўтобус ужо спраўна “бегае” на працягу 11 гадоў, – адзначае начальнік участка Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна. – Дзякую ўсяму нашаму калектыву за работу і віншую са святам!

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Жизнь связал с дорогой. Более 30 лет посвятил работе в автотранспортном предприятии Олег Якубёнок

  1. Автомобили незаменимы, и их с каждым годом становится все больше. Автомобили стали скоростным транспортом, благодаря чему мы имеем возможность преодолевать огромные расстояния и добираться в самые недоступные уголки мира. В этой связи увеличивается и число профессий, обслуживающих автомобильный транспорт. А профессия водителя была и остается одной из самых массовых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *