Это наша с тобой биография! 29 октября исполнилось 100 лет комсомолу. Материал с праздничного мероприятия читайте здесь!

Юбилейные даты

Унікальнае мерапрыемства адбылося 29 кастрычніка ў сценах раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У поўнай зале зусім не было гледачоў, літаральна ўсе, хто там сабраўся – віноўнікі ўрачыстасці, імя якой – 100 гадоў ВЛКСМ. І хоць у розныя часы мы былі камсамольцамі, аднак усе разам і стваралі гісторыю самага масавага маладзёжнага руху. І можам смела гаварыць радком вядомай песні: гэта наша з табой біяграфія.

Такое адчуванне суправаджала літаральна ўсіх, калі ўважліва ўглядаліся ў чорна-белыя фотаздымкі выставы, зробленай супрацоўнікамі музея. Каго пазнавалі, а каго і “аднаўлялі” ў памяці з дапамогай сяброў маладосці. Калі пісалі пажаданні сённяшнім членам БРСМ і ўзамен за гэта атрымлівалі яблык са стужкай – пераемнікі камсамола праводзілі ля выставы сваіх добрых спраў чарговую акцыю. Калі разглядалі плакаты з прыватнай калекцыі дырэктара Дома рамёстваў М.А.Багдановіча, а таксама значкі, мандаты, камсамольскія білеты. “Свой таксама захоўваю, з армейскай фотакарткай, – казаў Леанід Сяргеевіч Лукашонак. – Не, я не ў камсамол так позна ўступаў, проста на той час замена білетаў ішла”. “І мы ў раёне ад “мёртвых душ” пазбаўляліся, кожную пярвічку тады праверылі, а гэта больш 3 тысяч чалавек, многія дзяўчаты замуж выйшлі і выехалі, хто вучыўся… Вельмі карпатлівая работа была”, – прыгадвала загадчык сектара ўліку членаў ВЛКСМ і фінансаў райкама камсамола Валянціна Антонаўна Чырвоная.

І як жа кранальна адбываліся сустрэчы былых маладзёжных лідараў, якія доўга не бачыліся. З абдымкамі віншавалі адзін аднаго са святам супрацоўнікі райкама камсамола шасцідзясятых Мая Фёдараўна Крышнёва і Любоў Мікалаеўна Варанько. Былога ж першага сакратара Галіну Фёдараўну Храпуненка (Волах), якая прыехала з Шаркаўшчыны, проста разрывалі на часткі: многа сабралася калег. Доўга стаялі яны, абняўшыся, з В.А.Чырвонай, тут жа прыгадваючы рабочыя моманты: “А памятаеш, Валя, як мы з табой капейку ўсю ноч шукалі: заўтра ўзносы здаваць, а яны не сыходзяцца і ўсё”. “А як мяне, падначаленага, замацавала за помнікам Надзеі Касцючэнкі. Кажа, што хочаш рабі, хоць сам з кельмай станавіся”, – цяпер ужо жартаваў над сваім баявым хрышчэннем Леанід Сямёнавіч Жаваранак, таксама былы “першы”.
Сакратар пярвічкі райкама ВЛКСМБ Лілія Браніславаўна Шах прыгадала пра ўдзел Галіны Фёдараўны ў лёсе будучага педагога Людмілы Сяргееўны Васюковіч. Жыла яе сям’я бедна, дзяўчына саромелася аднагрупнікаў з-за сціплага адзення і хацела перавесціся на завочнае аддзяленне. “Толькі вы можаце яе пераканаць”, – папрасіла першага сакратара сястра студэнткі і тагачасны дырэктар Дома піянераў Тамара Васюковіч. Знайшла Галіна Фёдараўна патрэбныя словы, і да рэктара ў Мінск з’ездзіла. Людміла скончыла інстытут і аспірантуру, а аднойчы трапіўшы да яе на ўрок у Кубліцкай школе, матэматык Храпуненка, якая ўмела выступаць і пры гэтым многа цытавала, моўчкі сядзела, адкрыўшы рот: настаўніца на памяць чытала паэму. Зусім недарэмна дапамагла тады грунтоўна аддацца навуцы: выкладчыца роднай мовы са Старынкі дарасла да дацэнта ўніверсітэта імя Машэрава, на ўшацкім матэрыяле абараніла кандыдацкую дысертацыю. Індывідуальная работа з маладымі людзьмі – гэта асноўнае, чым займаліся супрацоўнікі райкама.

А вось з Генадзем Віктаравічам Ерашовым яны не пазналі адзін аднаго. Толькі калі выйшаў у прэзідыум “камсамольскага сходу”, адшукала былога калегу Галіна Фёдараўна. Так, адна з частак урачыстасці праходзіла за сталом з інтэр’ерам мінулага стагоддзя: графін, бюст Леніна і камсамольцы. На сцэну запрасілі работнікаў райкама ВЛКСМБ розных часоў. І хоць па рэгламенце яны павінны выступаць у спрэчках, сёння проста прыгадвалі сваю маладосць.

“Камсамольцы з усяго раёна сабраліся на канферэнцыю, а першы сакратар ЦК ЛКСМБ затрымліваецца. І Валерый Паўлавіч Клачкоў, камсамольскі лідар раёна, можна сказаць выштурхоўвае на сцэну мяне і свайго цёзку В.П.Карпоўскага, каб ліквідавалі “паўзу”, – прыгадвала М.Ф.Крышнёва. – У цішыні праспявалі “Комсомольцы-добровольцы”, а другую песню – ужо з усёй залай. Не прыкмецілі, як і госць з Мінска зайшоў”.

“Помнік Н.Касцючэнка мы будавалі за заробленыя падчас суботнікаў сродкі, – прыгадвала Г.Волах. – Я заўсёды спыняюся ля яго, калі праязджаю Арэхаўна. А калі рыхтавалі адкрыццё “Прарыву”, на рэпетыцыі прысутнічалі нават прадстаўнікі ЦК ВЛКСМБ, у нас тады ўпершыню з’явіліся свае барабаншчыкі”.

“Прыехаў на Ушаччыну па размеркаванні і застаўся тут назаўсёды. Не паехаў, хоць і клікалі ў іншыя месцы, ведаеце, чаму? Бо на той час, як папрацаваў у райкаме камсамола, раён стаў сваім, – адказваў перад публікай на сваё пытанне апошні другі сакратар Ушацкага райкама камсамола Сяргей Канстанцінавіч Мільчанін. – Бо на той час ведаў усіх рабят. Мы ж былі побач у будні і святы, таму рэальна ведалі ўсіх, і нас ведалі”.

І ўсе выступаючыя камсамольцы жадалі сваім пераемнікам – сённяшнім членам БРСМ – гарэць, тварыць, жыць цікава, як яны ў час сваёй маладосці. Па заканчэнні ж умоўнага пленума намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч зачытала пастанову, ключавымі пунктамі якой былі: не старэць душой і сабрацца на 105-годдзе камсамола гэтым жа складам.

А вось разыходзіцца з мерапрыемства, якое прайшло на адным дыханні, ніхто не спяшаўся. Мабыць таму, што нават калі прагучала фінальная песня, на сцэне заставаліся члены БРСМ са сцягамі. А мабыць таму, што захапіла дзейства, разгорнутае работнікамі культуры. Прысутных павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. Вядучыя расказалі пра гісторыю і ключавыя моманты камуністычнага саюза моладзі, яго ўзнагароды, герояў, будоўлі, усё гэта суправаджалася тэматычнымі слайдамі і тэатралізаванымі нумарамі.

“Глядзела на будаўніцтва Байкала- Амурскай магістралі, а сама прыгадвала Валгаградскі трактарны завод, – расказвала ўдзельніца мерапрыемства з Дубраўкі Любоў Міхайлаўна Астрэйка. – Туды ў 1966 годзе з Гомельскай вобласці я трапіла таксама па камсамольскай пуцёўцы. Там атрымала спецыяльнасць токара, сустрэла мужа. Пазней з Чарнобыльскай зоны пераехалі на Ушаччыну”.

“Даўно не была на малой радзіме, а гледзячы на слайды, наварочваліся слёзы – прыгадала і свой прыём у камсамол, насупраць РДК, – дзялілася жыхарка Светлагорска Яўгенія Антонаўна Буяк. – І нашы мерапрыемствы ў Дубраўскай школе, у асноўным ля помніка Кутрухіну, пра подзвіг якога ведалі, канечне, усе”.

Калі ж на сцэне пад гітару загучалі песні часоў узнікнення будаўнічых атрадаў, гэта зачапіла за жывое намнога больш удзельнікаў імпрэзы. Кожнаму студэнту было што прыгадаць, ну а былы выпускнік інстытута фізкультуры і таксама работнік райкама камсамола Леанід Леанідавіч Севярын апынуўся пад сібірскім Лангепасам: “Спачатку да Ніжнявартаўска, а потым 340 кіламетраў на верталёце ў тайгу, дзе будавалі пляцоўкі па здабычы нафты на багацейшым радовішчы”. Цяжкая праца – так. Рамантыка – безумоўна. У камсамольцаў гэтыя паняцці заўсёды былі непадзельныя.
Вольга КАРАЛЕНКА.
На здымках: Надзея і Леанід Жаваранкі, Алена Кучко, Уладзімір і Любоў Астрэйкі; Мая Крышнёва, Лілія Шах, Галіна Храпуненка; камсамольскія песні спяваў увесь зал; падчас акцыі БРСМ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *