Ушачская охрана отметила 25-летний юбилей

Юбилейные даты

Дэпартаментам аховы ва Ушачах сёння надзейна ахоўваецца 85 аб’ектаў, 144 кватэры, устаноўлена і абслугоўваецца 55 трывожных кнопак, за межамі райцэнтра – 15 аб’ектаў і 34 дамы. Таксама пад аховай знаходзяцца суд, райвыканкам, банк і медсклады. Днямі супрацоўнікі ўшацкай аховы адзначылі 25 гадоў з дня ўтварэння арганізацыі.

Ушацкай ахове – 25

Адлік сваёй дзейнасці Ушацкае аддзяленне Дэпартамента аховы пачало 12 сакавіка 1990 года, калі загадам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама №14 было створана аддзяленне аховы пры Ушацкім аддзеле ўнутраных спраў. Начальнікам новай службы быў прызначаны старшы лейтэнант міліцыі У.У.Іваноў. У штат аддзялення былі залічаны таксама 2 брыгадзіры, 55 ахоўнікаў і 6 міліцыянераў, якія ахоўвалі будынак “Белаграпрамбанка”. Час быў няпросты: пачатак 1990­х, перабудова, не адчувалася стабільнасці. Так што работы супрацоўнікам аддзялення хапала. У кастрычніку 90­га аддзяленне пераехала ў будынак па Савецкай. Паступова мадэрнізавалася сістэма аховы, з’яўлялася сучасная сігналізацыя.

Акрамя У.Іванова аддзяленне ўзначальвалі А.Т.Пугачоў і А.Г.Міхайлаў, а з 2009 года і па сённяшні дзень калектыў аховы працуе пад кіраўніцтвам У.А.Чумакова. У лістападзе 2013 года  Ушацкая ахова была далучана да Полацкага аддзела Дэпартамента аховы і была перайменавана ў аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы. Але нязменнай засталася работа супрацоўнікаў – надзейна ахоўваць аб’екты, сачыць за грамадскім парадкам і ў лічаныя хвіліны з’яўляцца там, дзе нашым грамадзянам патрэбна дапамога чалавека ў форме.

Па “гарачых” слядах

На рахунку супрацоўнікаў аховы за гэты час нямала раскрытых злачынстваў, многія з іх дзякуючы аператыўнасці і мабільнасці службы па “гарачых” слядах.

…Калі на пульт паступіў сігнал аб узломе магазіна ў Павуллі, у гэтую няблізкую ад райцэнтра кропку ў складзе групы затрымання накіраваўся кінолаг Дзмітрый Кемстач разам са сваёй памочніцай  Бэці. На той момант яна толькі пачала “працаваць” у ахове. Аднак Бэці не падвяла, адразу ўзяла след злачынцаў, якія паспелі ўцячы. Не адзін кіламетр бег Дзмітрый за сабакам і ў хуткім часе  наручнікі аказаліся на злачынцах.

…Двое злодзеяў спрабавалі залезці ўначы  ў магазін “На Калінінскай”, а калі зразумелі, што магазін пад аховай, хацелі ўцячы, але не пакінуў ім ніякіх шанцаў ужо вопытны  кінолаг Андрэй Лісічонак і яго верны сабака.

…У вёсцы Машчоны злодзей праз акно пранік у чужы дом і ўкраў адтуль веласіпед. Але далёка з’ехаць на ім мужчына не паспеў, бо дом быў абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй і праз кароткі час на месцы ўжо былі супрацоўнікі аховы. Сабака А.Лісічонка адразу ж вызначыў, у які бок накіраваўся злачынца.

…Зусім нядаўна ля новага будынка суда хуліганы пашкодзілі жалезабетонную агароджу. А вылічыць тых, хто гэта зрабіў, зноў жа дапамаглі супрацоўнікі аховы. Суд абсталяваны спецыяльнай сістэмай відэаназірання, якую ў апошні час выкарыстоўвае ахова. Прагледзеўшы запісы з камеры, супрацоўнікі хутка вызначылі несумленных грамадзян.

Спіс падобных выпадкаў можна прадаўжаць. І не застаецца ніякіх сумненняў, што гэта патрэбная і важная служба.

Яны заўсёды на пасту

На эмблеме Дэпартамента аховы сава з ключом у дзюбе на сінім фоне. Гэта знак таго, што супрацоўнікі аховы і дзень, і ноч на варце парадку і спакою. Так усё і ёсць на самой справе. У штаце аховы 34 работнікі, 19 з іх – міліцыянеры, у тым ліку і 3 кінолагі, а таксама вартаўнікі, электраманцёры, без якіх немагчыма паўнацэнная работа. Вельмі цяжка Уладзіміру Анатольевічу Чумакову сярод іх усіх выдзеліць самых лепшых, бо выпадковых людзей тут няма. З 1994 года працуе Андрэй Мікалаевіч Хвошч, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы – Андрэй Мікалаевіч Лісічонак і Пётр Аляксеевіч Клачок, стараюцца не адставаць ад іх Дзмітрый Кемстач і Дзмітрый Гірсёнак. Добра зарэкамендавалі сябе і такія прадстаўнікі моладзі як Мікалай Шкіндзер, Сяргей Лабёнак і Сяргей Зянькоў. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі электраманцёры У.Лёля, В.Сабін, А.Міхайлаў, спецыяліст групы сродкаў і сістэм аховы Г.Шарыпенка.

Заўсёды памятаюць у калектыве і пра сваіх ветэранаў, гэта С.В.Пузатка, У.У.Іваноў, В.В.Крахотка, С.М.Смык, Р.В.Папко, С.У.Хамёнак, А.Т.Пугачоў.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: во время праздничного мероприятия, посвящённого дню образования организации.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *