Народные и образцовые творческие коллективы Ушаччины подтверждали свои звания на областном смотре-конкурсе

Культура

На Віцебшчыне ў гэтым годзе праходзіць абласны агляд-конкурс народных і ўзорных калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў “Званне пацвярджаю”. Своеасаблівы экзамен у пятніцу трымалі калектывы Ушаччыны. Яшчэ ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці можна было ўпэўніцца, што ўшачане маюць высокі ўзровень.

Менавіта тут сваю выставу наладзіў клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”, які сёлета адзначыў 25-годдзе з дня заснавання. І паглядзець было на што! Вось вы ведаеце, як робяцца валёнкі? “З такой вялікай нарыхтоўкі атрымліваецца валёнак сярэдняга памеру. Спачатку надаём яму форму, хлопаем, качаем, затым у лазню ў гарачую ваду, кладзём унутр драўляныя палачкі, каб трымаў форму, суткі сушым на печы, – лаканічна апісвае працэс майстар Пётр Алексяёнак, аднак на самой справе гэта складаная і працаёмкая работа. – Пераняў жа я майстэрства ў сваёй роднай вёсцы Касары ад суседа Эдуарда Міхайлавіча Шуневіча”.

Мелі магчымасць паназіраць ушачане і члены спецыяльнай камісіі і за іншымі цікавымі майстар-класамі. З лёгкасцю спраўлялася з узорам падчас вышывання карцін Аксана Гардзіёнак, звычайная салома ў руках Айгуль Смык і бісер – у Наталлі Гардзіёнак ператвараліся ў прыгожыя вырабы, заварожваючыя малюнкі ўзнікалі на зрэзах дрэва ў Вольгі Мурашовай. Як з’яўляюцца ганчарныя вырабы, можна было даведацца ад Уладзіміра Бязрукава. Ад зробленых Аленай Бутоўскай лялек-абярэгаў разбягаліся вочы. З цікавасцю слухалі прысутныя інфармацыю аб тым, што ў кожнай з іх свая “задача”: напрыклад, ляльку-падарожніцу жанчыны рабілі для сваіх мужоў у дарогу: у маленькі кулёчак клалі зярнятка і чырвоную нітачку, каб суджаны быў сыты і вярнуўся дадому. А ляльку-пажаданніцу рабілі дзяўчаты для спаўнення жаданняў. Спыняўся позірк і на іншых вырабах: гэта і карціны М.А.Багдановіча, Д.У.Крупені, і лялечны тэатр кіраўніка клуба С.П.Спірыдонавай.

Прыманьваў і пах разнастайных страў, прыгатаваных удзельнікамі клуба нацыянальнай кухні “Прысмакі”, кіраўніком якога з’яўляецца Маргарыта Віктараўна Сазонава. Паспрабаваць і ацаніць пачастункі ўшацкіх гаспадынь маглі ўсе, хто завітаў на свята.

Затым удзельнікі мерапрыемства перамясціліся ў глядацкую залу, дзе сваё майстэрства дэманстравалі і іншыя народныя калектывы. Так, ужо многа гадоў выходзяць на сцэну нястомныя, поўныя бадзёрасці і аптымізму ўдзельнікі хору Народнага клуба “Ветэран” пад кіраўніцтвам Іны Сяргееўны Клімавай. У склад Народнага клуба творчых сустрэч “Муза”, які дзейнічае ўжо на працягу двух дзясяткаў гадоў пад кіраўніцтвам Галіны Аляксандраўны Варатынскай, уваходзяць людзі з рознымі захапленнямі і талентамі. С.Каранеўскі, Л.Сідарэнка, Т.Палячэнка, В. Асташка і многія іншыя пішуць вершы і прозу. Некаторыя з іх падзяліліся сваёй творчасцю падчас свята.

Для захавання і развіцця нацыянальных культур, умацавання сувязей паміж рознымі народамі ў 2001-м створаны клуб нацыянальных культур “Дружба”. Спачатку ён існаваў пры Ільюшынскім СДК, а цяпер пры аўтаклубе.

Нямала перамог на конкурсах розных узроўняў за плячыма дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыву “Спадчына” Матырынскага сельскага клуба, і члены абласной камісіі ўжо былі добра знаёмы з яго творчасцю. А вось пацвярджаць сваё званне “ўзорнага” давялося ўпершыню. Рабілі гэта юныя артысты запамінальна і весела. Здавалася, уся зала гатова была кінуцца ў танцы разам з імі. “Прыемна, што наша выступленне выклікала такія станоўчыя эмоцыі ў гледачоў, гэта дае нам настрой і стымул для новых перамог!” – падзялілася кіраўнік калектыву Галіна Сяргееўна Рудзёнак.

“Малайцы! Так добра спяваюць і граюць!” – такія водгукі даносіліся з залы ў адрас выканаўцаў дзіцячага Узорнага хору школы мастацтваў і Узорнага аркестра народных інструментаў, якія выступаюць пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Жанны Віктараўны Савіцкай і Маргарыты Андрэеўны Грынберг. Апладысментамі сустракалі прысутныя і вакальны ансамбль “Натхненне” дзіцячай школы мастацтваў.

Дзве гадзіны свята, канечне, не змаглі ўмясціць усе творчыя нумары, расказаць пра здольнасці ўдзельнікаў народных клубаў і калектываў, але відавочна, што ўшацкая зямля багатая на розныя таленты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *