Счастливый выпал им билет! Семья Литвин из агрогородка Глыбочка отпраздновала рубиновую свадьбу

Всё начинается с семьи

Далёка не кожнай пары ўдаецца сумесна прайсці дыстанцыю ў 40 гадоў і зноў апынуцца за вясельным сталом у акружэнні дзяцей, унукаў, сяброў. А вось Валерый Анатольевіч і Валянціна Міхайлаўна Літвіны нядаўна адзначылі такое прыгожае свята. У іх сямейнай біяграфіі мноства старонак, напоўненых самымі рознымі падзеямі. Пра іх мы і пагаварылі ва ўтульным пакойчыку дагледжанага, добраўпарадкаванага дома па вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Глыбачка.

Шляхі-дарогі да згоды

Сярэдзіна 70-х мінулага стагоддзя. Племсаўгас “Глыбачаны”. Ураджэнка вёскі Бярозава Валянціна працавала тут падлікоўцам. Неяк у госці да яе калегі завітаў брат Валерый, які пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума быў загадчыкам фермы ў Сарочыне. З першага погляду маладыя людзі спадабаліся адзін аднаму, дамовіліся аб наступнай сустрэчы… Ім было надзвычай камфортна разам, а калі даводзілася на нейкі час расставацца, перажывалі. Таму і вырашылі – трэба ажаніцца! Пытанні ж, звязаныя з пераводам В.А.Літвіна на працу ў “Глыбачаны” – бліжэй да жонкі, дапамог вырашыць старшыня гаспадаркі, а пазней і райвыканкама П.Н.Плаксіцкі.

Будаваць сямейнае гняздзечка маладая пара пачала ў кватэры аднаго з дамоў у Глыбачцы. Невялікае па плошчы жылое памяшканне, аддаленасць гаспадарчых пабудоў, у якіх трымалі некалькі кароў, цёлак, каня, парсючкоў і іншую жыўнасць, Літвіноў не засмучалі. І ўсё ж марылі яны пра ўласны дом – прыгожы, прасторны, утульны. І ў хуткім часе ўласнымі сіламі яго пабудаваў сам галава сям’і. “Адкуль узяліся будаўнічыя навыкі, нават не ведаю, – усміхаецца Валерый Анатольевіч. – Проста разумеў, што гэта вельмі важна для жонкі, дзетак, таму ў кожны куток укладаў часцінку сябе. І ўсё, здаецца, атрымалася на славу”. Зрэшты, не толькі ўнутры, але і ля дома сям’і Літвін заўсёды ўзорны парадак. І доказ таму – адмысловая шыльда, атрыманая гаспадарамі не так даўно па выніках раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне.

Сумаваць не давала работа

Валянціна Міхайлаўна сваю працоўную біяграфію на працягу многіх гадоў пісала ў прыгаданым вышэй племсаўгасе. Мір лічбаў захапляў яе з дзяцінства, матэматыка была любімым прадметам. У Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе жанчына завочна вучылася на эканамічным факультэце, была ў ліку лепшых студэнтаў. А набытыя веды годна прымяняла на практыцы – у гаспадарцы ёй даверылі пасаду эканаміста, а пазней і галоўнага эканаміста. Перад выхадам жа на заслужаны адпачынак паспела крыху папрацаваць і загадчыцай гаспадаркі ў мясцовай школе.

Валерый Анатольевіч большую частку працоўнага жыцця таксама прысвяціў племсаўгасу “Глыбачаны”: быў загадчыкам фермы, слесарам, асемянатарам. Калі ж напачатку 2000-х эканамічны стан пагоршыўся, а дзецям патрэбна была дапамога, уладкаваўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку слесарам, а пасля качагарам. З апошняй пасады В.А.Літвін і выйшаў нядаўна на пенсію.

Галоўныя каштоўнасці

Галоўным элементам сямейнага жыцця рубінавыя юбіляры лічаць свой працяг на зямлі. Яны выхавалі сына і дзвюх дачок, далі ім вышэйшую адукацыю. Радуюцца Валерый Анатольевіч, Валянціна Міхайлаўна і ўжо васьмярым унукам.

Муж і жонка, людзі сялянскай закваскі, без лішняй сентыментальнасці. З вясны і да позняй восені хапае клопатаў: араць, сеяць, кармы нарыхтоўваць для жывёлы (дагэтуль трымаюць парсючкоў, курэй, плануюць набыць козачку), падворак патрабуе пастаяннага клопату.

І як бы ні было цяжка, гаспадары заўсёды выкройваюць час на любімыя заняткі. Валянціна Міхайлаўна – сапраўдная рукадзельніца, звязаныя ёю панчохі, іншыя рэчы саграваюць узімку членаў усёй вялікай сям’і. Для Валерыя Анатольевіча ж не знайсці лепшага занятку як рыбалка – з вудай на мясцовых вадаёмах ён гатовы сядзець ад рання да цёмнага.

Сямейныя ўрокі

Першым падзяліўся імі гаспадар дома: “Нават не ўяўляю нас паасобку. Канечне, як у любой сям’і, здараліся непаразуменні, спрэчныя пытанні, але мы іх вырашалі спакойна, без крыку і ляманту. Упэўніліся, што трэба радавацца кожнаму яркаму моманту быцця, а смутак і ўсё нядобрае – адкідваць, як старыя рэчы”. А яго другая палавіна дадала: “Сакрэт нашага шчасця – просты: разумець, умець дараваць, часцей сустракацца з блізкімі, дапамагаць ім і падтрымліваць. І гэта не высакамоўныя словы, а самыя элементарныя паняцці, якія, на шчасце, мы не згубілі па жыцці”.

Рубінавы юбілей муж і жонка Літвіны адзначылі ў коле блізкіх людзей напрыканцы верасня. І не раз, падымаючы келіх з шампанскім, Валерый Анатольевіч і Валянціна Міхайлаўна казалі: “Чатыры дзясяткі гадоў сумеснага жыцця – яшчэ не мяжа. Абавязкова сустрэнем залатое, ізумруднае, брыльянтавае вяселле!”. І ўсмешкі, быццам асенняе сонца, у якім яшчэ многа цяпла, асвячалі твары гэтых слаўных і добрых людзей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *