«Тренироваться здесь — одно удовольствие!» Пловцы из Твери провели тренировочный сбор на базе «Юность-Ушачи»

Cпорт

За сваю немалую кар’еру трэнер комплекснай спартшколы алімпійскага рэзерву горада Цвер Рустэн Нурыевіч Бадураў пабываў у многіх краінах, бачыў шмат спартыўных аб’ектаў, а таму кампліменты, што давялося пачуць ад яго ў адрас нашага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, дарагога варты. “Летась падобны трэніровачны збор перад усерасійскімі спаборніцтвамі праводзілі ў Польшчы, там таксама было няблага, але ж Беларусь бліжэй ды і віза не патрэбна! Да таго ж на вашым комплексе надзвычай утульна, усё на месцы – вобразна кажучы, усюды можна хадзіць у тапачках! Трэніравацца тут – адно задавальненне!” – дзеліцца ўражаннямі трэнер. Спадабалася ў нас і яго выхаванцам – юныя плаўцы ва ўзросце ад 10 да 15 год за два тыдні асвоіліся ва Ушачах і нават не надта хацелі ехаць дамоў.

Прадстаўляючы сваіх падапечных, Рустэн Нурыевіч запэўніў, што сярод іх ёсць патэнцыяльныя зоркі плавання – такія, як лідар юнацкага рэйтынгу Расіі Антон Скаромнаў, а таксама наша зямлячка Паліна Вараб’ёва, пераможца этапу спаборніцтваў на прызы клуба “Белы мядзведзь”, што праходзіў у нашым басейне. Мы ўжо расказвалі пра гэту дзяўчыну, якая мае ўшацкія карані, але апошнія паўтара года жыве і трэніруецца ў Цверы. Дарэчы, у Паліны выдатна атрымліваецца падводнае плаванне ў ластах, і трэнеры беларускай зборнай разглядаюць яе ў якасці кандыдата ў каманду па гэтым відзе. Нядаўна яна ўдала выступіла ў плавальным марафоне на адкрытай вадзе, што праходзіў у Польшчы, выканаўшы нарматыў майстра спорту. “Менавіта дзякуючы Паліне і яе маме Кацярыне, якую ўшачане ведаюць пад прозвішчам Атрашкевіч, я даведаўся пра ўшацкі комплекс, прыехаў “у разведку”, расказаў пра ўбачанае бацькам выхаванцаў – і вось мы тут!” – распавядае трэнер.

Распарадак у юных спартсменаў шчыльны, трэніроўкі – інтэнсіўныя. Штодня нават самыя маленькія праплываюць каля 10 кіламетраў, а яшчэ сілавыя практыкаванні ў трэнажорцы і заняткі па АФП у зале барацьбы. Аблюбавалі расійскія госці і лыжную трасу, а таксама паспелі пагуляць у футбол з аднагодкамі з Ушацкай ДЮСШ. “Пасябравалі з вашым трэнерам Раманам Мікалаевічам Фядосенкам. На мой погляд, у яго вялікі патэнцыял, ён выдатна ладзіць з дзецьмі. Ды і ўвогуле адміністрацыя комплексу і ўсе яго работнікі хутка і прафесійна рашалі любыя пытанні, пакінулі ўражанне шчырых і добразычлівых людзей – як мне падаецца, гэта характэрныя рысы ўсіх беларусаў”, – адзначыў Р.Бадураў. А на развітанне падзяліўся планамі прыехаць ва Ушачы і на летнія зборы – прычым, не толькі з выхаванцамі, а і з іх бацькамі, якія б маглі размясціцца для пражывання ў “Лясных азёрах”. Такія вось прыемныя стасункі паміж жыхарамі нашых братэрскіх краін дапамагае наладжваць спорт.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *