Ушачанеи гости района в крещенскую ночь окунались в прорубь на озере Должица

Общество

“А вада сёння цёплая!” – такі водгук, пачуты на заснежаным возеры марознай ноччу, мог бы падацца бязглуздым. Але толькі не ў Вадохрышча, якое спрадвеку лічыцца адным з самых чароўных і ўзнёслых святаў, спалучае ў сабе духоўныя каноны і народныя традыцыі. Што прымушае людзей ныраць у палонку? Пра гэта мы пыталіся ва ўшачан, якія хрышчэнскай ноччу сабраліся ля падсвечанай гірляндамі “іардані” на возеры Должыца.

“Як зараз памятаю сваё першае акунанне: было гэта ў 2010-м, калі апоўначы тэмпература паветра апусцілася да мінус 26! Так што сённяшнія ўмовы – проста лагодныя! – распавядае статны малады чалавек Сяргей. – Асабіста для мяне гэты рытуал не з’яўляецца выпрабаваннем: служба ў арміі і работа ў сілавых структурах загартавалі і цела, і дух. Ну а адзначаю такім чынам Вадохрышча, бо паважаю хрысціянскія традыцыі”.

“А я шчыра веру ў гаючую сілу хрышчэнскай вады!” – усміхаецца Раман, які прыйшоў да палонкі… на кастылях. Вядома ж, пасля акунання гэты дапаможны інвентар адразу ў бок ён не адкінуў, але ў тым, што рытуал дадае сіл і запалу, спрыяе ўмацаванню імунітэту былі ўпэўнены ўсе, з кім давялося гутарыць на Должыцы. У тым ліку і ўрачы “хуткай дапамогі”, якія абавязкова прысутнічаюць на масавым купанні. Дарэчы, медыкі паведамілі, што падчас гэтых дзяжурстваў іх дапамога пакуль што нікому не спатрэбілася.

Як звычайна, шмат сярод прысутных было аматараў актыўнага ладу жыцця, работнікаў спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”, выкладчыкаў і былых выхаванцаў ДЮСШ. Так, напрыклад, ушачанін Дзмітрый Броўка не проста акунуўся, а і зрабіў невялікі заплыў па “іардані”. А на пытанне наконт “стажу” ў гэтай справе мужчына адказаў з усмешкай: “Плаваю зімой, колькі сябе памятаю!”

Прысутнічалі гэтай ноччу на возеры не толькі нашы землякі, а і госці раёна. “Проста цудоўнае месца! Вельмі падабаецца, як тут усё арганізавана, дзякуй работнікам санаторыя за вялікую падрыхтоўчую работу!” – адзначыў жыхар Жлобіна Вадзім.

Было сярод купальшчыкаў і нямала прадстаўніц цудоўнай паловы. Летась упершыню акунулася на Вадохрышча ўшачанка Ірына Кашко, сёлета ж прыйшла на возера разам з сястрой Вольгай і нявесткай Таццянай, у якой таксама адбыўся “дэбют”. “Уражанні проста не перадаць словамі! Было страшнавата, і я ганаруся тым, што пераадолела сябе! Абавязкова прыеду сюды на наступны год, магчыма, і з сынам”, – паведаміла дзяўчына. А вось яе цёзка Таня Пузатка пакуль што склала для сяброўкі “групу падтрымкі”, але патлумачыла, што паступова рыхтуецца да акунання і ўжо практыкуе ныранне ў снег пасля сауны.

Ну а калі б падчас свята праходзіў конкурс на самую рамантычную пару, то яго б маглі выйграць Аляксандр і Дар’я Апёнкі – маладыя работнікі камунгаса летась стварылі сям’ю і вырашылі падмацаваць гэты факт “баявым хрышчэннем”, упершыню акунуўшыся ў “іардані”. “Гэта прыгожы рытуал, што прыйшоў да нас ад продкаў, і мы такім чынам працягваем старажытныя славянскія традыцыі”, – патлумачыла маладая пара.

Як бачна, у кожнага ёсць свае матывы, пабуджаючыя 19 студзеня прыйсці да ледзяной купелі, аднак агульнае тое, што магічнае Вадохрышча напаўняе нашы душы светам, цела – бадзёрасцю, а думкі – пазітывам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *